Знайсці
22.10.2017 / 13:0634РусŁacБел

Над гарой Шатрыяй беларускі сцяг залунаў побач з жамойцкім

Госці з Беларусі ўзялі ўдзел у ініцыятыве па падтрыманні нязгаснага агню, які ўжо больш чым месяц бесперапынна паляць у Жамойці.

З машыны дастаем два вялікія мяхі з дровамі і пачынаем уздымацца па пакручастых сходах угару. Падняўшыся на вышэзную гару, нельга не азірнуцца навокал — адсюль відаць на далёкую адлегласць, бачныя іншыя горы ў гэтай мясціне — на Жамойцкім узвышшы.

На пляцоўцы наверсе падыходзім да будыніны, ля якой лунае жамойцкі сцяг — з медзвядзём, зусім як на гербе нашых Смургоняў. Усталёўваем прывезены з Вільні сцяг Вялікага Княства Літоўскага — Пагоня на чырвоным полі, і прывезены з Менску наш — бел-чырвона-белы. Разам утрох яны глядзяцца сапраўды чароўна — з паўгадзіны няможна адвесці вачэй.

Заходзім у будыніну, яна зробленая з плітаў АСП, на жалезным каркасе, крэпка змацаваная. Унутры нас сустракае цяперашні дзяжурны Марыюс — дзядзька пад шэсцьдзесят, у Жамойці яго ведаюць, ён разводзіць коней, адмысловую тутэйшую пароду — «жамайтукасаў», гэтыя коні былі вядомыя ўжо ў часы нашай супольнай дзяржавы. 

Марыюс дзяжурыў тут апошнія суткі. Цяпер наш чарод. Паразмаўляўшы з ім, абмяняўшыся навінамі, прымаем сутачную варту. Прывезеныя ім суткі таму дровы крыху вільготныя і даюць дыму, мы пачынаем чаргаваць іх са сваімі — нашыя сушэйшыя. Цяпер нас зменяць толькі ўвечары наступнага дня, а наш абавязак — праз усю ноч падтрымліваць у будыніне агонь.

Мы — на гары Шатрыі, яна ў самым цэнтры Жамойці. Паводле падання (яго можна прачытаць і ў энцыклапедыі «Беларуская міфалогія») Шатрыя ажно да ХІХ стагоддзя лічылася галоўнай вядзьмарскай гарой «на Літве», сюды на Купалле зляталіся ведзьмы-раганы не толькі з Жамойці, але і з усёй астатняй Літвы, у тым ліку і з нашых земляў. Ведзьмаў прымала гаспадыня Яўсперыта, яе імя значыць «Яшчарка».

Агонь тут, на Шатрыі, запалілі 12 верасня і з таго часу агонь не згасае, падтрымліваць яго з’язджаюцца з усёй Літвы (а таксама Латвіі і, як бачыце, з Беларусі) — хто на суткі, а хто і на двое. Але гэтая традыцыя не гэтага году — ужо на працягу дваццаці трох гадоў, штогод у ліпені, на Шатрыі праводзілі абрад па запальванні новага агня. А захоўваўся агонь праз увесь год у сядзібе Адолфаса Гядвіласа, у Рышкянах, у прадмесці Тэльшаў — жамойцкай сталіцы.

Запалілі агонь на Шатрыі і ў гэтым ліпені. Але гэты год для Гядвіласа аказаўся апошнім, калі ён убачыў новы агонь з Шатрыі. Перад тым як адысці ў тагасвет, Адолфас Гядвілас выказаў жаданне, каб агонь на Шатрыі палаў увесь час. З Рышкянаў агеньчык павезлі на могілкі і адразу адтуль — на Шатрыю.

У першую ноч усчалася сапраўдная бура, але агонь, які палаў на каменным алтары наверсе гары, не згас. А на наступны дзень ужо змайстравалі будыніну з адтулінай уверсе, каб выходзіў дым. Дырэкцыя Варнаўскага рэгіянальнага парку, у які ўваходзіць гара Шатрыя, дала афіцыйны дазвол на размяшчэнне гэтай будыніну і на падтрыманне агня ў ёй.

Як і прасілі заяўнікі, дазвол быў выдадзены на сорак дзён. У гэтую суботу будыніну і агонь перанеслі на суседнюю гару. Там яго будуць падтрымліваць і ўзімку. Для прыхільнікаў этнічнай рэлігійнасці ў Літве Шатрыя робіцца безумоўным цэнтрам прыцягнення. Яшчэ такога не было, каб людзі, змяняючыся, агонь падтрымлівалі бесперапынна. Няма такога не толькі ў Літве, але і хоць дзе яшчэ ў Еўропе.

…Уночы сядзім абмяркоўваем, чаму менавіта сюды, на Шатрыю, зляталіся нашы «літоўскія» ведзьмы — Менскае ж узвышша, напрыклад, вышэйшае, на сто-дзвесце метраў. Прыходзім да думкі, што ў нас хоць і высока, але роўна, такіх перападаў вышыняў няма.

Але мабыць не толькі гэта. Ад Шатрыі зусім блізка, усяго якіх дзесяць кіламетраў, да знакамітага Біржульскага возера, над якім было адно з найстаражытнейшых свяцілішчаў ва Ўсходняй Еўропе. Тое свяцілішча пачало дзеіць бадай адразу пасля адыходу ледавіка, без малога дзесяць тысяч гадоў таму. Пазней, праз некалькі тысяч гадоў, тут жылі прадстаўнікі так званай нарваўскай археалагічнай культуры, якая тады сягала і тэрыторыі Беларусі.

Гутарым абмяркоўваем і пазнейшыя часы, ужо вялікалітоўскага перыяду. Знакаміты даследчык Тапароў у сваім часе звярнуў увагу: паводле выкладзенай у летапісах міфалагізаванай гісторыі, княскія цэнтры ўсё пераносіліся на ўсход: Юрбарк, Коўна, Кернаў, Вільня, Браслаў, Гальшаны… Гэты рух ішоў якраз з захаду — можна сказаць, што ад мора (куды прыплыў міфічны Палямон), а можна сказаць — што ад Жамойці. У летапісе нават сустракаецца выраз — «і ад таго часу пачалося зваці панства Літоўскае, і множыці ад Жамойці». І гэтая ж міфічная гісторыя была важная для нашчадкаў тутэйшай арыстакратыі, ёю даражылі (можна нават сказаць, у яе верылі), на ёй грунтавалі сваю ідэнтычнасць яшчэ і сто гадоў таму тагачасныя ідэолагі «краёвага» руху.

 …Уночы вецер суцішыўся. З Шатрыі навокал былі бачныя агеньчыкі навакольных паселішчаў, вялікіх і малых. Раніцай выглянула сонца. Нашыя тры сцягі толькі калі-нікалі кранаў рэдкі павеў ветра. Унізе ўсё было ў тумане, з якога вытыркаліся парослыя лесам пагоркі на даляглядзе.

Удзень на Шатрыю пастаянна ўздымаліся наведнікі, хоць гэта быў дзень пасярод тыдня. Школьная моладзь, рамантычныя пары, сем’і. Нямала было і такіх візітантаў, якія ведалі, што на Шатрыі палае нязгасны агонь, — тэльшаўская газета прысвяціла гэтаму некалькі публікацый на сваіх старонках.

Бліжэй да вечара прыехаў наш зменшчык, зацягнуў на гару яшчэ пару мяхоў дроў. У яго гарэлі вочы, ён быў вельмі натхнёны тут быць і пераняць ад нас дзяжурства. Запісаўшы ў адмысловы журнал свае ўражанні і падзякаваўшы месцу за магчымасць тут пабыць, мы з’ехалі на Вільню.

Алесь Мікус, Менск-Вільня-Шатрыя-Вільня-Менск, фота: Рымас Пакярыс, Вітаўтас Мусцейкіс

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера