Знайсці
21.10.2017 / 11:36РусŁacБел

У Беларусі ўскладняюць экзамен на правы для матацыклістаў

У Беларусі ўскладняюць экзамен на правы для матацыклістаў. Адпаведная пастанова МУС ад 2 кастрычніка 2017 года №280, якая ўносіць змены ў Інструкцыю аб парадку прыёму кваліфікацыйных экзаменаў на права кіравання механічным транспартным сродкам (за выключэннем колавага трактара), апублікаваная сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Пастанова ўступіць у сілу праз 6 месяцаў пасля апублікавання, паведамляе БЕЛТА.

Праверка навыкаў кіравання матацыклам ажыццяўляецца на спецыяльнай пляцоўцы. Экзаменаваны павінен у мотаэкіпіроўцы (моташлем, мотапальчаткі, накаленнікі, налакотнікі) выканаць паслядоўна наступныя элементы — рух па прамой з пераключэннем перадач з ніжэйшай на вышэйшую і наадварот; кіраванне на мінімальнай хуткасці («калейная дошка»); выкананне разваротаў малога радыуса (габарытныя «васьмёрка»); выкананне паваротаў малога радыуса (габарытныя «змейка»); манеўраванне ва ўмовах абмежаванага часу («манеўраванне»); тармажэнне і спыненне пры руху на другой хуткасці.

Перад пачаткам выканання элемента «манеўраванне» экзаменаваны павінен спыніць транспартны сродак на адлегласці не больш за 0,5 м ад лініі пачатку выканання элемента («старт») па пярэднім габарытах транспартнага сродку. Час для выканання элемента не больш за 7 секунд. Часавы адрэзак замяраецца па фактычным перасячэнні пярэднім габарытам транспартнага сродку лініі «старт» і заднім габарытам лініі заканчэння выканання элемента («фініш»).

Элемент практычнага экзамену на матацыкле лічыцца нявыкананым, калі экзаменаваны двойчы не змог пераключыць перадачу з ніжэйшай на вышэйшую і (або) наадварот; закрануў абмежавальны конус (стойку), выехаў за межы элемента; адхіліўся ад зададзенай траекторыі пры выкананні элементаў габарытная «змейка», «манеўраванне»; перавысіў устаноўлены ліміт часу пры выкананні элемента «манеўраванне»; пры выкананні тармажэння перасёк стоп-лінію або спыніўся на адлегласці больш за 0,5 м ад стоп-лініі (па праекцыі пярэдняга габарыту).

Практычны экзамен на матацыкле лічыцца не здадзеным у выпадках, калі экзаменаваны не выканаў адзін з элементаў; адмовіўся ад выканання элемента; дапусціў падзенне матацыкла; апусціў нагу з падножкі падчас руху; двойчы заглушыў рухавік пры крананні з месца; двойчы не змог выключыць перадачу пры спыненні з працуючым рухавіком.

Акрамя таго, у Інструкцыю аб парадку прыёму кваліфікацыйных экзаменаў на права кіравання механічным транспартным сродкам ўнесены і іншыя змены. Як і раней, асоба, якая здала тэарэтычны экзамен, дапускаецца да здачы практычнага экзамену на працягу наступных 6 месяцаў, пасля заканчэння якіх тэарэтычны і практычны экзамены прызначаюцца зноў. Аднак цяпер у дадзеным выпадку пры прызначэнні практычнага экзамену ўлічваецца колькасць папярэдніх спроб і перыяд часу, які прайшоў з апошняй спробы.

Таксама прапісана, што падчас практычных выпрабаванняў па патрабаванні экзаменаванага прадастаўляецца для азнаямлення адпаведная карта выпрабавальнага маршруту. У выпадку адхілення ад выпрабавальнага маршруту экзаменатар інфармуе пра гэта экзаменаванага і дае ўказанне аб вяртанні на маршрут.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера