Знайсці
21.10.2017 / 00:403РусŁacБел

Сняданак выходнага дня: аладкі з яблыкамі 

Аладкі трывала асацыююцца ў мяне з познім ранкам суботы ці нядзелі, калі можна, нікуды не спяшаючыся, прыгатаваць што-небудзь смачненькае на сняданак — а потым гэтак жа нетаропка, з асалодай з'есці.

Сёння я прапаную напячы духмяных аладачак на смятане з яблыкамі і цынамонам. Дзякуючы смятане яны атрымаюцца больш пухнатыя, чым звыклыя аладкі на кефіры, а яблыкі мы будзем не рэзаць, а церці — тады яны прыгатуюцца адначасова з цестам. Падаваць іх можна са смятанай, варэннем, мёдам ці — як на фота — з кляновым сіропам.

Вам спатрэбіцца:

  • 200 г смятаны
  • 200 мл кефіру
  • 1 яйка
  • 5 ст.л. цукру
  • дробка солі
  • 0,5 ч.л. цынамону (можна болей, калі любіце)
  • 1 ч.л. соды
  • 2-3 яблыкі
  • каля 1,5 шклянкі мукі

Як гатаваць:

1. Змяшаць смятану, кефір, яйка (яны павінны быць пакаёвай тэмпературы), дадаць цукар з соллю і злегку ўзбіць відэльцам.

2. Яблыкі пачысціць, нацерці на буйной тарцы. Дадаць у цеста разам з цынамонам, перамяшаць.

3. Паступова дадаць муку з содай, працягваючы перамешваць. Мукі можа спатрэбіцца больш (ці менш), чым пазначана: важна, каб цеста было густым, і не сцякала, а звальвалася з лыжкі, інакш аладкі не падымуцца як след.

4. Гатовае цеста пакінуць «адпачыць» на 15—20 хвілін.

5. Пячы аладкі на невялікай колькасці алею, на сярэднім агні да залацістага колеру: на адным баку пад накрыўкай, на другім — без. 

Чытайце таксама:

Печыва з журавінамі: рэцэпт на выходныя

Юлія Міцкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера