Знайсці
20.10.2017 / 18:0468РусŁacБел

Кандыдатам у прэзідэнты Украіны ад праеўрапейскіх сілаў можа стаць Вакарчук

Расчараваныя карупцыяй у палітычных сілах, грамадскія актывісты хочуць стварыць уласны выбарчы спіс. Непартыйным кандыдатам у прэзідэнты можа стаць 42-гадовы спявак Святаслаў Вакарчук.

Наступныя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ва Украіне могуць стаць незвычайнымі. Грамадзянская супольнасць краіны ўпершыню можа падтрымаць не кандыдата адной з палітычных сіл, а правесці ўласную выбарчую кампанію.

У 2004 годзе недзяржаўныя арганізацыі актыўна стаялі за Віктара Юшчанку. У 2010 годзе праеўрапейскія сілы былі расколатыя між некалькімі кандыдатамі, а перамог Віктар Януковіч. У 2014 годзе кампрамісным кандыдатам аказаўся Пятро Парашэнка. Грамадства спадзявалася, што ягоныя здольнасці перамоўніка могуць дапамагчы ў крызіснай сітуацыі канфлікту на ўсходзе і поўдні.

У выніку ўкраінская дзяржаўнасць вытрымала выпрабаванне расійскай інтэрвенцыяй. Але эканоміку краіны па-ранейшаму кантралюе вузкае кола мільярдэраў і мультымільянераў. Дзяржаўны бюджэт малы, бо людзі на ўсіх узроўнях страцілі рэфлекс сумленнай сплаты падаткаў, а даходы дзяржаўных і недзяржаўных кампаній масава сыходзяць у афшоры. У той жа час карупцыя з'ядае нават тое малое, чым дзяржава можа распараджацца. Чыноўнікі, суддзі, дэпутаты валодаюць маёмасцю і ездзяць на машынах, кошт якіх нашмат пераўзыходзіць легальныя даходы, — гэта стала ва Украіне нормай, якой ніхто не дзівуецца.

На выбарах 2014 года папулярныя грамадскія дзеячы падтрымалі розныя палітычныя сілы. Журналісты-расследавацелі Сяргей Лешчанка і Мустафа Наем, а таксама стваральніца руху «Сумленна» Святлана Залішчук былі абраныя ў дэпутаты ад Блока Пятра Парашэнкі. А яшчэ адна лідарка «Грамадскага сектара Еўрамайдану» Ганна Гапко прайшла ў парламент ад «Самаабароны».

«Усе мы расчараваліся ў магчымасці ўплыву знутры існых палітычных сілаў і хочам на наступныя выбары стварыць новую, асобную палітычную машыну на аснове кааліцыі грамадскіх арганізацый», — расказала «Нашай Ніве» кіраўніца адной з грамадскіх арганізацый Украіны.

Сацыёлагі адзначаюць расчараванне ўкраінцаў у палітычных партыях і палітыках. Рэйтынг Пятра Парашэнкі ўпаў амаль да 10%. Юлія Цімашэнка апярэджвае яго ненашмат. «Смеццевы калапс» падарваў давер і да мэра Львова Андрэя Садовага. У той жа час пасля акупацыі Крыма і Данбаса «праеўрапейскі вектар» ва Украіне цвёрда пераважае прарасійскі. Многія ўкраінскія выбарцы гатовыя падтрымаць «новы твар». 

Некалькі суразмоўцаў «Нашай Нівы» сказалі, што такім можа стаць саліст гурту «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук.

Святаслаў — спевака часта называюць папросту «Слаўко» — нарадзіўся ў сям'і навукоўца-фізіка. Свой гурт «Океан Ельзи» ён з сябрамі стварыў у 1994 годзе, 19-гадовым. У 1998 яны перабраліся з Львова ў Кіеў. Да пачатку 2000-х Вакарчук стаў адным з самых папулярных спевакоў Украіны. Ягоныя песні «Я не здамся без бою», «Відпусти» («Адпусці») сталі хітамі. Ён атрымаў званне заслужанага артыста Украіны. Мала хто ведае, што Вакарчук пры гэтым яшчэ і кандыдат фізіка-матэматычных навук, які напісаў дысертацыю пра суперсіметрыю электронаў у магнітным полі (па-ўкраінску, дарэчы).

Акрамя ўкраінскай, Вакарчук свабодна гаворыць па-англійску (пабываў за акіянам яшчэ школьнікам па адукацыйным абмене) і па-расейску.

У Вакарчука ёсць і палітычны досвед. У 2007—2008 гадах ён быў дэпутатам Вярхоўнай Рады ад «Нашай Украіны». (Пасля яму надакучыла грызня ўнутры дэмакратычнай кааліцыі, і ён склаў мандат.) Акрамя таго, ведамі з ім дзяліўся ягоны бацька — доўгачасовы рэктар Львоўскага ўніверсітэта і міністр адукацыі.

Вакарчук заўсёды быў грамадска актыўным. Ён удзельнічаў у Аранжавай рэвалюцыі і Еўрамайдане. Калі Расія ў 2014 годзе штурхала насельніцтва поўдня і ўсходу Украіны да аддзялення і стварэння Наваросіі, «Акіян Эльзы» нястомна выступаў з канцэртамі на поўдні, нягледзячы на рызыкі.

Вакарчук прадэманстраваў гатоўнасць пайсці ў «вышэйшую палітыку», калі ў 2017 годзе прыняў прапанову Стэнфардскага ўніверсітэта ЗША правесці 10 месяцаў у іх, вучачыся і адначасова выкладаючы ў Цэнтры дэмакратыі і вяршэнства права.

Такім чынам, наступныя выбары ва Украіне могуць стаць першымі, на якіх водападзел будзе праходзіць не па лініі «захад-усход» і не па пытанні геапалітычнага выбару. І прэзідэнцкія, і парламенцкія выбары ва Украіне маюць адбыцца ў 2019 годзе.

Мікола Бугай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера