Знайсці
19.10.2017 / 17:1817РусŁacБел

На Браслаўшчыне загадзя рыхтуюцца да «Дажынак»? З мясцовых прадпрымальнікаў масава збіраюць грошы на «суботнік»

Пра тое, што дзяржаўныя прадпрыемствы, а таксама прадпрымальнікаў чарговы раз папрасілі перавесці грошы нібыта на раённы суботнік і добраўпарадкаванне тэрыторыі, «НН» стала вядома ад уласнай крыніцы.

У рэдакцыю перадалі лісты з гэтымі просьбамі, з якіх становіцца ясна, што ў збіранні сродкаў задзейнічана асноўная артылерыя райвыканкама, а фіксаванай сумы для працаўнікоў эканамічнай сферы няма: кагосьці просяць пералічыць на рахунак палову базавай велічыні (11,5 рублёў), іншым рэкамендуецца перавесці 35 рублёў, а некаторым — увогуле 200.

Сам суботнік адбыўся 7 кастрычніка, але грошы за яго просяць пералічваць ажно да 30 кастрычніка.

«Канечне, такія паборы характэрныя для нашай дзяржавы і адбываюцца не ўпершыню, але ў Браславе сёлета яны прынялі асаблівы размах: чыноўнікі асабіста кантралююць гэты працэс, а калі грошы не паступаюць, ці сума аказваецца меншай, чым «папрасілі», прадпрымальнікам ператэлефаноўваюць і просяць пісаць афіцыйнае тлумачэнне. Прычым ніхто не ўлічвае эканамічны стан асобных людзей: так, у майго сябра хварэе дзіця, і лішніх грошаў у сям’і не водзіцца. А куды гэтыя сродкі пасля ідуць дакладна — даведацца амаль немагчыма», — абураецца браслаўчанін.

Мясцовы аддзел эканомікі не лічыць, што вышэйназваныя сумы могуць быць праблемай для прадпрымальнікаў:

«Вы сапраўды лічыце, што гэтыя грошы — праблема для прадпрымальнікаў, для тых людзей, у каго ёсць стабільны даход? Трэба разумець, што дзяржаўнае фінансаванне для развіцця інфраструктуры гарадоў цяпер мінімальнае, а сабраныя сродкі пойдуць на карысць іх жа раёна»,

— пракаментавала «НН» начальнік аддзела эканомікі Браслаўскага райвыканкама Алена Дранеўская.

Падтрымлівае яе і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Максім Чагарын, ставячы ў прыклад сябе: «Я сам здаў грошы на суботнік. Калі мы хочам, каб наш горад стаў прыгажэйшым і каб хаця б крышачку развіваўся, трэба прымаць падобныя меры».

Некаторыя звязваюць такую звышактыўнасць па пошуку дадатковых сродкаў з тым, што ў 2019 годзе ў Браславе запланавалі правядзенне абласных «Дажынак». Гэта значыць, што наступны год будзе падрыхтоўчым, і сродкі на правядзенне раёна ў парадак трэба шукаць аператыўна. Аднак згодна з заканадаўствам, ніхто не можа прымусіць беларусаў ні працаваць без іх згоды, ні здаваць грошы на суботнікі: усе гэта павінна адбывацца на добраахвотнай аснове.

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера