У Слуцкім раёне загадчыца з-за нястачы ў касе падпаліла краму
Фота УУС Мінаблвыканкама
У Слуцкім раёне загадчыца з-за нястачы ў касе падпаліла краму, інсцэніраваўшы крадзеж, паведамілі ва УУС Мінаблвыканкама.
Паведамленне аб узгаранні крамы ў в. Краснае Сяло Слуцкага раёна паступіла ў міліцыю 17 кастрычніка каля 5.00. Пажарныя высветлілі, што прычынай інцыдэнту стаў падпал будынка. Выявіць зламысніка ўдалося на працягу некалькіх гадзін. Аказалася, што з мэтай утойвання нястачы краму падпаліла 43-гадовая загадчыца, інсцэніраваўшы перад гэтым крадзеж.
«Жанчына некалькі месяцаў давала ў доўг прадукты харчавання вяскоўцам, — растлумачыў начальнік крымінальнага вышуку Слуцкага РАУС Станіслаў Чухольскі. — Грошы за пакупкі вярталіся з пенсій і заробкаў. Але далёка не ва ўсіх атрымлівалася разлічвацца своечасова, таму ў касе паступова ўтварылася нястача. Пры гэтым, напэўна, загадчыца і сама карысталася забароненай махінацыяй. Мяркуецца, што з жніўня па кастрычнік сума запазычанасці дасягнула не менш за 2 тысячы рублёў».
Даваць справаздачу перад рэвізорамі і аплачваць чужыя пазыкі зламысніца не хацела, улічваючы ўжо існуючы ў яе крэдыт для пагашэння чужых даўгоў (яны былі выяўленыя раней — падчас чарговай рэвізіі крамы), таму жанчына вырашыла пайсці на злачынства.
«Ноччу загадчыца вынесла з крамы сейф, адкрыла яго ключом і пакінула непадалёк з невялікай колькасцю капеек ўнутры. Побач яна рассыпала цыгарэты, паклала бутэльку гарэлкі і каўбасу — такім чынам была інсцэніраванпя прысутнасць старонніх, якія нібыта здзейснілі крадзеж і падпал», — распавёў Станіслаў Чухольскі.
Цяпер падазраваная знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання. У дачыненні да яе распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 218 (наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці) КК РБ, санкцыя якой прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі.