Знайсці
18.10.2017 / 11:2917РусŁacБел

На Гомельшчыне родныя яшчэ аднаго павешанага салдата не вераць у суіцыд

«Калі пра гэтага хлопца ў Печах пачалі ўсюды пісаць, мы падумалі: вось ён, наш шанец расказаць і пра Андрэя. Мы ж ужо год б'емся ў пошуках праўды. А праўда для нас вельмі важная. Разумееце, яго ж не адпелі… Як мы бацюшку ні ўгаворвалі — не пагадзіўся», — выцірае слёзы Таццяна. 20 кастрычніка споўніцца год, як не стала яе брата Андрэя Маноніна, салдата тэрміновай службы воінскай часці 48685 горада Ліда. Увесь гэты час жанчына піша лісты ў розныя інстанцыі, размяшчае статусы-заклікі у сацсетках і нават збіралася звяртацца да экстрасэнса. Некалькі месяцаў таму Следчы камітэт спыніў расследаванне крымінальнай справы праз адсутнасць складу злачынства. Аднак родныя загінулага хлопца не згодны з такім рашэннем і ва ўсім вінавацяць дзедаўшчыну. Яшчэ адну трагічную гісторыю, звязаную са службай у беларускім войску, расказвае партал tut.by.

Калісьці шчаслівая сям'я Маноніных. Мама і двое сыноў. Загінулы Андрэй — справа. Фота: Алена Бычкова

Таццяна перабірае ў руках стос адказаў з пракуратуры, СК, камітэта салдацкіх маці, ваеннага камісарыята… Перапіску з усімі ведамствамі вядзе яна. Маці Андрэя — Таццяна Маноніна — жыве ў глухой вёсцы ў Рагачоўскі раёне, працуе даяркай у мясцовай гаспадарцы і паняцця не мае, як камунікаваць з прадстаўнікамі падобных структур. Але каб даведацца праўду пра гібель сына, гатовая на ўсё.

— Мы не ведаем, што нам рабіць. Нават Марату Башараву пісалі ў «Бітву экстрасэнсаў». Бо яны разблытваюць такія справы. Але потым нас папярэдзілі, што шмат ашуканцаў, ды і не спашлешся нідзе потым на экстрасэнсаў гэтых. Таму пакуль збіраем самі доказы.

Да сваёй гібелі Андрэй паспеў адслужыць у арміі пяць месяцаў: спачатку ў «вучэбцы» ў Баранавічах, затым перавялі ў Ліду. Таццяна кажа, што службай хлопец быў задаволены.

— Нават ганарыўся, што ён салдат. Кожны дзень тэлефанаваў дадому. Ніколі не скардзіўся. Ды ён такі, што і не будзе. Цікавіўся ў маці, як справы, як здароўе, што з гаспадаркай. У верасні тэлефанаваў брату: «Ой, кажа, мне засталася тут дробязь. Я ўжо сам хутка буду «чэрапам», — распавядае сястра Таццяна.

Але ў кастрычніку, за тры дні да гібелі, хлопца як падмянілі.

— Тэлефануе і кожны раз пытаецца: «Мама, у цябе ўсё добра? Ніхто да цябе не прыходзіў? Ты за мяне не хвалюйся», — успамінае маці загінулага.

Апошні раз Андрэй звязваўся з роднымі ў дзень сваёй гібелі — 20 кастрычніка 2016 года. Званок доўжыўся некалькі хвілін. Хлопец маліў маму, каб і ні ў якім разе не прадавала яго каня. А ў сем вечара калегі ў казарменнай прыбіральні знайшлі Андрэя ў пятлі. Кажуць, калі здымалі, яшчэ дыхаў, але выратаваць не ўдалося.

З перапіскі з міністэрствамі і ведамствамі відаць: пасля трагедыі Следчы камітэт завёў крымінальную справу па арт. 145 «Давядзенне да самагубства». Расследаванне то спынялася, то аднаўлялася. Увесну ж маці Андрэя прыйшло паведамленне, у якім гаворыцца, што справа закрытая, а ў смерці сына вінаватых няма.

«…Праз адсутнасць у дзеі складу злачынства папярэдняе расследаванне крымінальнай справы, заведзенай па факце давядзення да самагубства, спынена. Пры нязгодзе з прынятым рашэннем рэкамендуем звярнуцца ў суд».

Сваякі загінулага салдата з «адсутнасцю складу злачынства» не згодныя. Самы галоўны іх аргумент — перадсмяротная запіска, у якой салдат вінаваціць у тым, што адбылося, канкрэтных людзей. Бачылі гэты лісток родныя Андрэя толькі аднойчы, калі прыязджалі на допыт да следчага. Больш ім яго ніхто ніколі не паказваў.

— «Прабач, брат, прабач, мамачка. Не карай строга. Але па-іншаму я не магу. Яны мяне прымусілі. Я хацеў жыць, хацеў вярнуцца ў вёску і працаваць у калгасе. Брат, прашу цябе, пакарай іх судом», — скрозь слёзы цытуе прыблізны тэкст перадсмяротнага паслання мама Андрэя. — А ў канцы ён напісаў прозвішчы чацвярых чалавек. Трое з іх служылі разам з ім, а чацвёрты — сяржант-кантрактнік. Праводзіліся праверкі, іх вадзілі на допыты. Але на гэтым усё і заглухла. Вінаватых няма.

Родныя салдата ўпэўненыя: перадумовай гібелі стала дзедаўшчына.

— Андрэй быў са стрыжнем. І пра суіцыд ён бы ніколі не падумаў. Ён любіў маму, брата, любіў жыццё. У яго было столькі планаў! Яму давалі адпачынак у лістападзе, тры дні. Ён папрасіў перанесці яго на травень: маўляў, мама, а бульбу хто табе пасадзіць? Не збіраўся ён паміраць! — упэўненая сястра.

Акрамя перадсмяротнай запіскі на расследаванне справы мог праліць святло і дзённік Андрэя, у які хлопец запісваў усё, што адбылося з ім за дзень, — была ў яго такая звычка. Брат і маці загінулага кажуць, што запісы ён спраўна вёў і ў войску.

— Дзённік быў пры ім заўсёды. Такі нататнічак. Яго мы бачылі, калі ў верасні прыязджалі на спатканне. Ён нават паказваў нам запісы і казаў, што кожны дзень піша, што з ім адбываецца, колькі праслужыў і колькі яму засталося. Куды потым гэты нататнік дзеўся — невядома, — уздыхае маці салдата.

У родных шмат пытанняў, і задаць іх вось так гучна адважыліся толькі цяпер. Чаму маці паведамілі пра гібель сына не адразу, а толькі на наступныя суткі? Як салдат змог павесіцца ў сем гадзін вечара, калі ў казарме жыццё ідзе поўным ходам? Што магло адбыцца ў частцы, каб жыццярадасны хлопец, у якога было поўна планаў на будучыню, добраахвотна палез у пятлю? Але на іх не змагло знайсці адказаў следства, няма іх і цяпер. Між тым, у панядзелак Міністэрства абароны паведаміла, што ўзровень суіцыдаў у беларускай арміі сёння адзін з самых нізкіх у свеце: у 2016 годзе ў арміі адбылося чатыры выпадкі самагубства, і гэтая лічба практычна не змяняецца апошнія пяць год.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера