Знайсці
18.10.2017 / 13:1241РусŁacБел

«Аднойчы ў чарзе і памру, і што мне будзе да тых пабудаваных катэджаў і кватэр». Пяць гісторый заўсёднікаў беларуска-польскай мяжы

Шнуры штыкоў па ўсёй зямлі
Гараць, як дзікае хаценьне,
На гасударстваў рубяжы.
Глядзі: паўсюль мяжы.

 Максім Багдановіч

Кожны дзень тысячы людзей перасякаюць дзяржаўныя межы Беларусі. Для некаторых межы — гэта непрыемныя фармальнасці пашпартна-мытнага кантролю, для іншых — праца, дадатковая крыніца даходаў і нават своеасаблівы лад жыцця. Беларуска-польскае памежжа, альбо вароты на Захад, з’яўляецца спецыфічнай экасістэмай, якая існуе па сваіх правілах. Назіраючы за ёй, можна лепей пазнаць сучасную Беларусь.

фота Сяргея Гудзіліна.

Нарыс першы. Нялёгкі хлеб дзядка Барыса, альбо «Трэба круціцца»

Сухаваты дзядок у сіняй кепцы асцярожна крадзецца па перапоўненай залі мытнага кантролю ў Брэсце. Раптоўна яго ўважлівы позірк спыняецца на мне. Адыходзіць позна, дзядок ужо заўважыў, што я не маю іншага багажа, апроч ноўтбука. «Дачка, будзь ласкава, дапамажы старому. Правязі дзве пачкі цыгарэт!» Мне хочацца адказаць «сама вязу», але жаласлівы погляд дзядка чамусьці кранае. «Добра. Толькі законныя дзве».

У цягніку дзядок яшчэ спрабуе дамовіцца з іншымі пасажырамі. Калі аддаю яму цыгарэты ў Тэрэспалі, дзядок пачынае абурацца. «Між іншым, я сорак гадоў сумленна адпахаў на гэтую дзяржаву, і што ў выніку маю? Пенсію сто пяцьдзясят даляраў. Адныя лекі каштуюць палову пенсіі. Жыць хочацца! Круціцца трэба».

Праз некалькі месяцаў сустракаю дзядка зноў. На гэты раз ён выглядае больш шчаслівым, відаць, чарговы рэйс у Тэрэспаль прайшоў на выдатна. У размове высвятляецца, што дзядка завуць Барысам, раней ён працаваў на электралампавым заводзе. Два гады таму Барыс выйшаў на пенсію. Ён часта хварэе і ездзіць некалькі разоў на тыдзень у Тэрэспаль, каб падзарабіць грошай на імпартныя лекі. У Польшчу Барыс звычайна вязе блок цыгарэт і бутэльку гарэлкі, з Польшчы — дробныя рэчы на продаж (у асноўным гарбата, кава, бялізна, запчасткі). За кожны рэйс Барыс зарабляе чыстымі ад 10 да 15 даляраў, што для пенсіянера з Брэста з’яўляецца нядрэннай матэрыяльнай падтрымкай. Сапраўды, хочаш жыць, трэба круціцца.

Нарыс другі. Сумныя вочы чачэнскіх бежанцаў

Ужо другі год запар брэсцкі вакзал трошкі нагадвае Блізкі Усход. Стомленыя жанчыны ў хіджабах сядзяць на лаўках, іх дзеці весела бегаюць і смяюцца. Доўгабародыя мужчыны купляюць білеты ў Тэрэспаль і напружана перамаўляюцца. Бежанцы з Чачні спрабуюць трапіць у Еўрасаюз праз Польшчу. Аднак польскія памежнікі штодзень прымаюць усяго па тры-чатыры сям’і. Астатніх суіскальнікаў палітычнага прытулку адпраўляюць назад у Брэст. Кожная чачэнская сям’я спадзяецца, што ў наступны раз пашанцуе менавіта ім…

Тэрэспальскі цягнік адпраўляецца па раскладзе. Беларусы сядзяць разам з чачэнцамі. Джамшот рэзка выдзяляецца сярод сваіх суайчыннікаў. Па-першае, ён без сям’і, па-другое, ён модна апрануты, па-трэцяе, ён усміхаецца і не баіцца распавядаць пра сябе. Джамшот едзе ў Тэрэспаль у пяты раз і не страчвае аптымізму з-за мінулых адмоваў. Джамшот імкнецца ўз’яднацца са сваімі родзічамі, якія атрымалі палітычны прытулак у Нарвегіі. Каб фінансаваць свае выдаткі ў Брэсце, чачэнец прадаў аўтамабіль. Акрамя таго, Джамшоту высылаюць грошы родзічы з-за мяжы, як і іншым чачэнскім уцекачам. Па словах чачэнца, берасцейцы здаюць кватэры за 200—300 даляраў на месяц, пакоі - за 120—170 даляраў на месяц, кватэры на суткі — за 20—25 даляраў. «Дорага ў вас», — скардзіцца Джамшот. «Як там, у Чачні, зараз?» — прастадушна пытаецца малады беларус. Чачэнец задумваецца. «Па-рознаму», — адказвае Джамшот. «Камусьці добра, а камусьці страшна».

Цягнік прыязджае без спазнення. Правадніца крычыць: «Выходзяць толькі пасажыры з візай». Беларусы жвава хапаюць свае торбы і валізкі. У вачах чачэнцаў чытаецца лёгкі сум…

Нарыс трэці. Бясслаўны заняпад эры чалнакоў

У першы раз я пабачыла Алу, калі яна афармляла такс-фры на выездзе з польскай мяжы. Экспрэсіўная рудавалосая жанчына жвава распавядала непрыстойны анекдот польскаму мытніку. «Нех пан мне не біе», — какетліва дадавала Ала. У аўтобусе да Брэста Ала працягвала распавядаць анекдоты. Аднак калі зайшлі беларускія мытнікі, яна адразу прыціхла і апусціла твар. Пазней я сустрэла Алу ў жаночай прыбіральні ў Тэрэспалі, дзе яна абклейвалася жаночай вопраткай. Ала папрасіла дапамагчы апрануцца і заадно правезці пачку кавы і два бюстгальтары. Слова за словам — у нас пачалася размова.

Ала пачала вазіць тавары з Польшчы яшчэ на пачатку 90-х. «Тады быў залаты час. Везлі ўсё і ў любых кольскасцях. Аўтамабілі, бытавая тэхніка, адзенне, абутак, прадукты харчавання. Пазней быў бум ноўтбукаў і мабільных тэлефонаў. Зараблялі вельмі добра». За дваццаць гадоў Але ўдалося пабудаваць катэдж і кватэру, купіць два аўтамабілі, дапамагчы дзецям. Тым не менш апошнім часам Але не шанцуе. У мінулым годзе польская мытня канфіскавала ў Алы аўтамабіль за нелегальны правоз цыгарэт. «На бокс, гады, адправілі аўтамабіль, раскруцілі ўсё да дробязей. Знайшлі цыгарэты, склалі пратакол, канфіскавалі машыну і яшчэ выпісалі штраф 1500 еўра. Добра, што хоць штраф можна ў растэрміноўку плаціць».

У будучыню Ала глядзіць без натхнення. «Час лёгкіх грошай ужо прайшоў. Цяпер наша мытня лютуе, увялі абмежаванне 300 еўра на правоз тавараў асабістага карыстання. Ноўтбук не правязеш, тэлевізар не правязеш. Застаецца толькі стандартны набор: палякам — паліва і цыгарэты, беларусам — адзенне, лекі і прадукты». Іншы раз Ала пакутуе ад аднастайнасці жыцця. «Я па адукацыі архітэктар-праекціроўшчык, але ні года не працавала па спецыяльнасці. Пачаліся 1990-я, хацелася зарабляць. Я афіцыйна аформілася прыбіральшчыцай дзеля працоўнай кніжкі, але працягвала займацца перавозкамі. Толькі вось усё жыццё прайшло ў памежных чэргах. Аднойчы тут і памру, і што мне будзе да таго катэджа…»

Нарыс чацвёрты. Каханне ў памежным пункце

Напэўна, не існуе чалавека, які б сябе добра пачуваў у «клаўстрафабічным» пункце пашпартна-мытнага кантролю ў польскім Тэрэспалі. Ходзяць чуткі, што адна беларуска страціла прытомнасць, стоячы ў чарзе на доўгай лесвіцы. Затое для Сашы і Аліны, закаханых студэнтаў з Брэста, менавіта «клаўстрафабічны» пункт памежнага пераходу стаў месцам лёсавызначальнага знаёмства. «У той дзень адразу выпусцілі тры беларускія вагоны. Мы разам стаялі ў чарзе і разгаварыліся на лесвіцы».

Зараз Саша і Аліна вучацца на першым курсе ў Люблінскім універсітэце. Саша вывучае эканоміку, Аліна — паліталогію. «Чаму абрала менавіта паліталогію?» — пытаюся ў Аліны. «Так атрымалася. У Беларусі я паступіла толькі на платнае, а ў Польшчы далі стыпендыю». — «Дзе плануеце пазней працаваць?», — «Імаверна, у Польшчы», — упэўнена адказвае Саша. «Канкурэнцыі не баіцеся?» — «Мы ў курсе, што ўкраінцаў панаехала», — з асцярожнасцю кажа Аліна. «Так, яны моцна дэмпігнуюць кошты на рынку працы», — пацвярджае Саша. «Ваўкоў баяцца, у лес не хадзіць. Пажывем, пабачым», — на аптымістычнай ноце заканчвае размову Аліна, падыходзячы да акенца пашпартнага кантролю.

Нарыс пяты. Роля «Бедронкі» ў бюджэце сярэднестатыстычнай брэсцкай сям’і

Аднойчы брэсцкая папутчыца Галіна падвозіла мяне да Тэрэспаля. Калі мы праходзілі польскі мытны кантроль, аўтамабіль Галіны таксама адправілі на «бокс». Пакуль польскія мытнікі шукалі кантрабандныя цыгарэты, у нас адбылася вельмі канструктыўная размова наконт планавання сямейнага бюджэту. «Пяцьсот даляраў — сярэдняя зарплата? Гэта лухта. Дзвесце пяцьдзясят-трыста — вось рэальная лічба, прынамсі для Брэста». Настаўніца Галіна зарабляе трыста даляраў, яе муж, электрык, — пяцьсот, што ўжо лічыцца добрым заробкам. «Нам бы ўдваіх хапіла, — прызнаецца Галіна, — але дачка платна вучцыцца на фармацэўта. Спецыяльнасць вельмі перспектыўная, трэба дапамагчы».

Кожную суботу ў пяць гадзін раніцы Галіна альбо яе муж едзе на закупы ў тэрэспальскую «Бедронку». Па словах Галіны, штотыднёвыя закупы ў «Бедронцы» эканомяць да 120 даляраў сямейнага бюджэту. «Садавіна, мяса, гарбата, кава — у два разы таннейшыя. Я ўжо маўчу пра бытавую хімію». З сабой Галіна звычайна вязе некалькі пачак цыгарэт і гарэлку на продаж, але заўсёды ў межах дазволенага. У зваротны шлях Галіна таксама прыхоплівае рэчы на перавоз — як правіла, прадукты, бялізну ці дробныя аўтазапчасткі. Гэта дазваляе дадаткова зарабіць 20—30 даляраў на тыдзень. «Лічым кожную капейку», — сумна ўсміхаецца брэсцкая настаўніца.

Вольга Рымская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930