Знайсці
21.10.2017 / 22:2810РусŁacБел

Алесь Дзянісаў: Усе гэтыя шоу-бізнэсаўскія штучкі — колькасць праглядаў, падпісчыкаў, у каго ганарар большы — лухта

Лідар андэграўнднага гурту Dzieciuki расказаў, чаму не хоча чорнага піяру, чым гарадзенцы адрозніваюцца ад астатніх беларусаў і каму таемна дапамагае Святлана Алексіевіч.


Фота racyja.com.

«Дзецюкі» на сёння апошні гурт у Беларусі, які мае праблемы з выступамі. Чаму, на Вашу думку, вас так вылучаюць?

Алесь Дзянісаў: Па шчырасці, менш за ўсё хацелася б размаўляць пра забароны. Надакучыла. Нам не патрэбны гэты чорны піяр.

Так, шмат месцаў, дзе не адбыліся канцэрты, але ёсць рэгіёны, дзе мы можам выступіць і выступалі. Татальнай забароны няма.

Ведаеце, нашы недзяржаўныя СМІ пра так званыя «чорныя спісы» пачалі пісаць, калі гэта кранула рок-зорак. А калі быць шчырымі, то «чорныя спісы» існавалі з канца 90-х. Памятаю, як Стас Пачобут з гарадзенскага панк-гурту Deviation планаваў стварыць мапу Беларусі з пазнакамі тых гарадоў, дзе былі сарваныя канцэрты іх каманды.

На якіх пляцоўках выступаеце ў Беларусі?

АД: Яны былі розныя: і гаражы, і прыватныя аграсядзібы, і клубы. У некаторых гарадах на нас даюць «гастролькі».

Чым «Дзецюкі» розняцца канцэптуальна ад былых калегаў па «чорным спісе»: Brutto, Лявона Вольскага?

АД: Прычыны забаронаў прыблізна аднолькавыя. З другога боку,

мы адрозніваемся тым, што кожны з «дзецюкоў» дзесці працуе, і мы не зарабляем музыкай на жыццё. Тым самым мы не прывязаныя да колькасці канцэртаў і ганарараў за іх. У сучасных беларускіх умовах, гэта нам развязвае рукі ў нейкай ступені. Прынамсі, ідэі схадзіць на прыём да менскіх ідэолагаў у нас не ўзнікала.

Хто з вашых музыкаў дзе працуе?

АД: Мы: электрык, відэааператар-фрылансер, сантэхнік, эканаміст, друкар, індывідуальны прадпрымальнік, прафесійны музыка. Спектр разнастайны:)

Вы выдалі свой альбом «Кароткая гісторыя Беларусі» на дысках: ці ёсць у гэтым камерцыйны сэнс у наш час?

АД: Камерцыйнага сэнсу не было. З продажу дыскаў хацелася неяк дапамагчы Чобату. Алесь Мазанік (imbryk.by) цалкам за ўласныя грошы выдаў альбом. Частку накладу я забраў сабе і тое, што прадаецца ў мяне - пайшло і пойдзе Алесю Чобату.

Алесь Чобат — гэта гарадзенскі паэт, ён страціў зрок і жыве адзін у Скідзелі ў прыватным доме.

У матэрыяльным плане жыццё яго цяпер палепшылася. Наколькі я ведаю, летам быў зроблены касметычны рамонт даху. Парамантавалі і ганак. Юра Седзянеўскі ці спадарыня Данута Бічэль перыядычна едзяць дапамагаць па гаспадарцы. Шмат людзей дапамагло грашыма, калі праводзілася талака па збору сродкаў на дапамогу паэту. Ёсць адзінкавыя прыклады, калі людзі не афішуюць.

Наўрад ці хто ведае, што спадарыня Святлана Алексіевіч кожны месяц пералічвае Чобату 100 рублёў са сваёй Нобелеўскай прэміі. У мяне з'явілася нагода і магчымасць пра гэта сказаць. 

На словы Чобата напісаныя многія Вашы песні. Ці працуеце яшчэ з кімсьці з паэтаў?

АД: Калі браць гурт, то ў нас ёсць свой уласны паэт - Дзяніс Жыгавец. Праўда, у апошні час ён мала піша, таму на новым альбоме, песень на ягоныя вершы будзе няшмат.

Будзе больш песень на мае тэксты, але я не лічу сваю творчасць паэзіяй.

Было адзінкавае, але цікавае і плённае супрацоўніцтва з паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам. Калі нам прапанавалі паўдзельнічаць у міжнародным трыб'юце на гурт The Pogues, то паўстала пытанне з перакладам песні «Streams Of Whiskey». Я звярнуўся да спадара Андрэя, і ён прапанаваў зрабіць не дакладны пераклад, а з беларускім кантэкстам. Вось чаму з'явіўся ў выніковым тэсце Гервасій Выліваха ды іншыя прышпільныя каля-беларускія моманты. Хтосці потым напісаў, што ірландцы адкруцілі б нам галаву, бо ў песні ўзгадваецца шатландскі віскі «Johnnie Walker», але мы акурат ставімся да такіх рэчаў з гумарам.

Пачаў складацца цыкл песень на вершы Уладзіміра Караткевіча. Напэўна, запішу яшчэ адзін сольнік. Адна з песень на верш «Надпіс на каменні над крыніцай» будзе на трэцім альбоме гурту Dzieciuki.

Прабачце, гэта асабістае, канечне, але мне Dzieciuki часам нагадваюць Dropkick Murphys ды Flogging Molly…

АД: Разумею пра што вы. Але, па-першае, так званы кельцік-панк ці айрыш-панк - гэта з'ява міжнародная, і цікавая не толькі ірландцам ці амерыканцам. У Варшаве на адной сцэне мы лабалі з кітайскім айрыш-панк-гуртом. Хто б мог падумаць?! А яны лабалі так, што пазайздросцяць у Бостане!)))

Па-другое, мы ніколі сябе не пазыцыянавалі, як айрыш-панк-калектыў. Мы не адмаўляем уплыву, але для нас важней элементы, а не форма цалкам. Мы спяваем пра сваё. У папярэдніх альбомах - больш пра гісторыю, у новым - больш пра сучаснасць, але Беларусі, а не Ірландыі.

У нашых планах - звярнуцца і да традыцыйных беларускіх матываў. Гэта было б натуральна. Але ператварацца ў такі беларускі народна-фолкавы калектыў з элементамі панка, не хацелася бы. Беларускіх каля-фолкавых гуртоў у нас хапае: ад народных да металістычных. Хапае і выканаўцаў, якія спяваюць, напрыклад, пра гісторыю Беларусі. Далёка не ўсё нам падабаецца, бо часцей, - гэта ці слязлівае скавытанне, ці звярыны пафас. А мы б хацелі, каб нашая музыка гучала весела, пазітыўна і з гумарам.

Якія песні «Дзецюкоў» Вам асабіста падаюцца самымі ўдалымі?

АД: Будучыя.

Вы гарадзенцы, падкрэсліваеце гэта. Што для Вас укладаецца ў панятак гарадзенскасці?

АД: У гэтым няма нотак сепаратызму ці шавінізму. Мне асабіста шмат якія гарады падабаюцца, але сваім лічу менавіта Гародню. І мне хацелася б неяк больш папулярызаваць сваю малую радзіму. На кожным канцэрце за мяжой мы кажам, што мы - з Беларусі, з самага файнага горада на свеце!

Для кагосці такім горадам будзе Полацк, для кагосці - Магілёў. Мы не будзем спрачацца. Трэба шукаць тое, што нас паядноўвае, а не падзяляе. Па вялікім рахунку, горад - гэта не толькі архітэктура і мінулае. Горад - гэта яшчэ і людзі, і сучаснае!

Для мяне стапрацэнтовым гарадзенцам будзе любы чалавек, які прыехаў у мой горад, любіць яго, цікавіцца ягонай гісторыяй, паводзіць сябе з павагай да «абарыгенаў».

Якім у ідэале бачыце месца Гародні на культурнай мапе Беларусі? Што трэба, каб дасягнуць гэтага месца?

АД: Мне цяжка адказаць, бо я ж не чыноўнік ці бізнэсовец. У мяне няма нейкіх механізмаў уплыву. Але што я бачу:

у Гародні - вялізарны культурніцкі і асветніцкі патэнцыял. На экскурсіях па нашым горадзе можна распавесці амаль пра ўсю гісторыю Беларусі. Горад мусіць стаць турыстычнай беларускай «меккай» жыхароў Беларусі і замежнікаў.

Гародня можа стаць польскім Кракавам ці літоўскай Вільняй. Трэба пашыраць адмысловую інфраструктуру.

Аднымі замкамі ды касцёламі турыстаў не зацягнеш. Мушу адзначыць і станоўчыя крокі. Напрыклад, за апошнія пару-тройку гадоў, павячілася колькасці пабаў і кавярняў, для замежнікаў стварылі пяцідзённы бязвізавы рэжым. Вельмі добра, але гэта - кроплі ў акіяне.

А калі казаць пра людзей, то хацелася б бачыць больш шчаслівых гарадзенцаў, каб яны больш усміхаліся, больш камунікавалі паміж сабой.

І тут гарадзенцы нічым не адрозніваюцца ад жыхароў іншых гарадоў Беларусі. Мабыць толькі валоданне польскай мовай на побытавым узроўні дае нейкія прэферэнцыі на закупах у Польшчы:)

У цэлым, людзі сталі больш сумнымі, заціснутымі, нават азлобленымі. І справа не толькі ў эканамічна-палітычных рэаліях. Часам не хапае проста гумару і самаіроніі…

У вас моцнае фанацкае кола. Ці камунікуеце з фанатамі па-за канцэртамі?

АД: Канечне, камунікуем! Мне нават складна іх назваць фанатамі, бо фанаты гурту - гэта тэрмін з нейкай тупаватай папсы. Мы ставімся да ўсіх нашых аматараў, як да прыяцеляў ды сяброў.

Няма такога, што мы прыехалі, зачыніліся дзесьці ў пакойчыку, адлабалі, раздалі аўтографы, селі ў бус і з'ехалі. З намі можна пагутарыць, выпіць піва.

Зразумела, што людзі розныя: хтосці, напрыклад, саромеецца падыйсці, з кімсьці няма пра што паразмаўляць. Але гэта рэдка.

Нам складана параўноўвацца з колам аматараў Серёги ці Аляксандра Саладухі, але мы і не збіралісь гэтага рабіць! Мы выйшлі з андэграўнду і працягваем дэклараваць ягоныя найлепшыя прынцыпы: свабода, роўнасць, братэрства, узаемадапамога, узаемапавага.

Усе гэтыя шоу-бізнэсаўскія штучкі, кшталту: колькасць праглядаў у нэце, колькасць падпісчыкаў, хто перад кім выступае, у каго ганарар большы - гэта ж усё лухта, насамрэч!

Гэта не можа з'яўляцца для нас самамэтай)))

Ці запісваеце штосьці новае цяпер і ці пакажаце на «Партызан-року» ў Беластоку?

АД: Да запісу яшчэ не дайшлі. Новы матэрыял яшчэ дапрацоўваецца, але пару песен мы ўжо «засвяцілі». Іх і заспяваем.

* * *

Гурт Dzieciuki можна будзе пачуць 28 кастрычніка ў Беластоку, у Лядовым палацы (Lodowisko BOSiR, ul.11 Listopada 28).

Таксама партызанскі музычны атрад будзе папоўнены ўкраінскім гуртом Kozak System, а з боку Польшчы далучыцца бескампрамісны Kult на чале з яго нязменным лідарам — Казікам Сташэўскім.

Kult для палякаў — гэта як «Машына часу» і «ДДТ» для постсавецкага слухача. Гурт быў утвораны ў 1982 годзе ў Варшаве. Іх песні скіраваныя супраць «сістэмы» — ці то гэта апарат камуністычнай улады, ці то царкоўныя інстытуты, ці то псеўдадэмакратычныя лідары, ці то карпарацыі, якія разбураюць свядомасць і выхоўваюць у людзях прагу нажывы, эгаізм і бяздушнасць.

Kozak System - украінскі рок-гурт, які пастаянна прадстаўляе краіну на еўрапейскіх і сусветных музычных фестывалях. Ён быў заснаваны ў 2012 годзе ў Кіеве з музыкаў, якія выйшлі са складу групы «Гайдамакі». У 2013 «казакі» сталі тварам Еўрамайдану, яны несыходзілі са сцэны, і бралі непасрэдны ўдзел у падзеях Украінскай рэвалюцыі, заклікаючы ўкраінцаў не быць абыякавымі да будучыні краіны.

Квіткі на «Партызан-рок» у Беларусі прадаліся, іх можна набыць у Польшчы на сайце аператара eventim.pl.

Падрабязнасці — на сайце muztur.by ці па тэлефоне +375 25 526 84 14.

СМ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930