Знайсці
18.10.2017 / 16:597РусŁacБел

З чаго пачыналіся сучасныя гарады: гісторыя будаўніцтва хмарачосаў

Беларуская нарматыўная база па ўзвядзенні гмахаў распрацоўвалася ў ХХІ стагоддзі. Ніякае патрэбы ў будаўніцтве гмахаў у нашай краіне не было ні за савецкім часам, ні тым больш у апошнія дзесяцігоддзі існавання Расійскае Імперыі.

А тым часам на паўночна-амерыканскім кантыненце квітнеў капіталізм: індустрыялізацыя набірала тэмпы, бізнес патрабаваў усё больш працоўных плошчаў, пры гэтым найбольш выгадным і зручным было працаваць, вядома, у цэнтры горада. Праз гэта кошт зямлі год за годам рос усё хутчэй, і ў людзей пачалі ўзнікаць думкі, што можна пашыраць працоўную плошчу не толькі ўшырыню, але і ўгору.

Вядома, гэтая ідэя была не рэвалюцыйнай. Свет і дагэтуль бачыў неаднапавярховыя будынкі.

Але каменныя (у тым ліку цагляныя) нясучыя канструкцыі, якія былі асноўнымі будаўнічымі элементамі да канца ХІХ ст., з кожным новым паверхам узмацнялі ціск на падмурак, што рабіла немагчымым будаванне дамоў вышэй за 9-10 паверхаў.

На дапамогу прыйшла сталь, якая у канцы ХІХ стагоддзя выраблялася ўжо ў даволі вялікіх аб’ёмах. Стальныя нясучыя канструкцыі (у першую чаргу — балкі ды калоны) аказаліся нашмат выгаднейшымі за каменныя. І хаця сталь нашмат цяжэйшая за цэглу або бетон, яе удзельная трываласць прыкладна ў 10 разоў вышэйшая, таму стальныя канструкцыі заўсёды больш тонкія і лёгкія за каменныя.

Праз вельмі трывалы нясучы каркас са стальных калонаў ды балак знікла неабходнасць у нясучых сценах. Цяпер яны сталі таксама больш тонкімі і лёгкімі. Так пачалася новая эра ў будаўніцтве і сучасная гісторыя хмарачосаў.

Радзімай хмарачосаў лічыцца Чыкага, дзе першы гмах па новай каркаснай тэхналогіі быў пабудаваны ажно ў 1885 годзе. The Home Insurance Building (Будынак дамавога страхавання) спачатку меў 10 паверхаў, але ў 1891 годзе да яго дабудавалі яшчэ два паверхі, і вышыня першага хмарачоса дасягнула ажно 55 метраў (!), што прыкладна роўна вышыні сучасных мінскіх 16-павярховых «панэлек». 

The Home Insurance Building

Але першым сапраўдным горадам хмарачосаў стаў усё ж Нью-Ёрк. Ягоным першым хмарачосам быў 20-павярховы (93 м) Уорлд-Білдынг (Будынак Свету), вядомы таксама як Пyлітцэр-Білдынг, які адкрыўся ў 1890 г. Досыць хутка над горадам узняліся новыя гмахі: Флeтaйрoн (1903 г., 86 м), Тaймс Тaўэр (1904 г., 110 м), Зінгeр (1908 г., 180 м), Мeтрапoлітан Лaйф (1909 г., 210 м) і, нaрэшце, пабудаваны ў 1913 г. Вулварт-Білдынг (240 м), які і дагэтуль выглядае даволі ўнушальна.

Woolworth Building (Вулварт-Білдынг) — у цэнтры, сучасны выгляд

А ў, здавалася б, далёкім 1932 годзе Нью-Ёрк выглядаў ужо так:

У 1958 г. у Нью-Ёрку быў пабудаваны хмарачос Сігрэм-Білдынг, які задаў сучасную моду на шкляныя фасады. У яго архітэктуры ўпершыню быў выкарыстаны прынцып «навясных сцен»: асновай будынка служыць «шкілет» з жалезабетонных канструкцый, а навясныя шкляныя сцены «вісяць» на ім.

Seagram Building (Сігрэм-Білдынг)

Самымі высокімі будынкамі Беларусі з’яўляюцца мінскія хмарачосы «Royal Plaza» (130 м) і «Ветразь» (133 м), абодва былі пабудаваныя ў 2014 годзе.

Royal Plaza, Мінск. Фота: Metr.by

Хмарачос «Ветразь», Мінск. Фота: naviny.by

Але толькі ўявіце, наколькі далёка яшчэ нашым будаўнікам да сусветных рэкордаў: вышыня самага высокага ў свеце будынка — дубайскага «Бурдж-Халіфа» — 828 метраў!

Бурдж-Халіфа, Дубаі, ААЭ

Самым высокім уведзеным у эксплуатацыю хмарачосам Еўропы з'яўляецца «Вежа Федэрацыя» ў Маскве. Яна дасягае вышыні 374 м і мае 97 паверхаў. Зрэшты, такі ганаровы тытул «Федэрацыі» засталося ўтрымліваць нядоўга: хмарачос «Лахта-цэнтр» у Пецярбургу вышынёй 462 м ужо амаль пабудаваны.

«Вежа Федэрацыяя» (комплекс Масква-Сіці) — у цэнтры фота

Новы сусветны рэкорд, напэўна, будзе ўсталяваны бліжэй да 2020 года. Менавіта тады плануецца завяршэнне будаўніцтва хмарачоса Jeddah Tower у Саудаўскай Аравіі, які мае стаць першым у гісторыі чалавецтва будынкам вышынёй болей за кіламетр. Жыць у ім будуць ажно 80 тысяч чалавек! (Для параўнання, насельніцтва Маладзечна — 95 000, Жодзіна і Слуцка — каля 63 000 чалавек). 

Праект Jeddah Tower (у цэнтры)

Jeddah Tower на сучасным этапе будаўніцтва

Ілья Параскевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930