Знайсці
16.10.2017 / 20:17146РусŁacБел

Пяць прычын, чаму нельга адпраўляць у адстаўку міністра абароны Андрэя Раўкова

Трагічная смерць у Печах 21-гадовага прызыўніка Аляксандра Коржыча выклікала неймаверны рэзананс у грамадстве. У справу давялося ўмешвацца Аляксандру Лукашэнку.

Напрыклад, былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі мяркуе, што цяперашні міністр абароны будзе адпраўлены ў адстаўку, каб «аблічча захаваў» кіраўнік краіны.

Многія грамадзяне дабіваюцца адстаўкі Раўкова. На сайце zvarot.by было сабрана больш за 11 тысяч подпісаў за звальненне міністра.

Андрэй Раўкоў. Фота ria.ru.

Аднак іронія ў тым, што ў асобе Раўкова мы маем найлепшага міністра абароны за часы існавання незалежнасці. Чаму яго адстаўка прынясе больш шкоды, чым карысці?

Раўкоў здольны выправіць сітуацыю лепш, чым хто іншы

Раўкову дасталася не самая зайздросная спадчына. Беларускае войска ў вялікай ступені застаецца савецкім, з усімі выцякаючымі, як тая ж дзедаўшчына. Не пры Раўкову яна пачалася, не ён яе прыдумаў. Успомніце гісторыі сваіх бацькаў, якія расказвалі пра савецкую дзедаўшчыну.

Чым больш элітныя войскі, тым з меншай дзедаўшчынай сутыкаюцца там салдаты. Бо трэніруюць свае баявыя ўменні і навыкі, а не займаюцца лайдацтвам. Але ў некаторых часцях сапраўды лічаць за патрэбнае не вучыць салдатаў «радзіму абараняць», а рабіць квадратны снег і іншыя мегапатрэбныя рэчы. Абы салдат быў хоць чымсьці заняты год-паўтара, а афіцэры спакойна сабе спалі.

Беларускае войска мае падраздзяленні, якія па сваёй падрыхтоўцы мала чым адрозніваюцца ад найлепшых еўрапейскіх. Не дзіва, што міжнароднымі арганізацыямі наша войска ацэньваецца па магутнасці як 14-е ў Еўропе. 

Раўкоў падобны да чалавека, які здольны вучыцца з памылак. Механічная замена яго на іншага чалавека не выправіць сітуацыю ў Печах, а таксама іншых часцях краіны. Расчышчаць гэтыя аўгіевы стайні павінен сам міністр, пры якім адбылася трагедыя. Для Раўкова гэта будзе справа афіцэрскага абавязку, каб такога больш не паўтаралася. І ніхто больш за яго самога ў гэтым не зацікаўлены.

Навучыўся думаць катэгорыямі Беларусі

Міністр Раўкоў — прабеларускі. Ён не даваў падставаў у гэтым засумнявацца. Здаецца, гэтага мала. Але ўспомніце міністраў Касценку, Чумакова ці Жадобіна. З гэтага спісу выбіваецца хіба што Леанід Мальцаў.

«Я не тое што са страхам, а са шкадаваннем глядзеў на тых афіцэраў, якія сыходзілі з беларускага войска ў Расію, ва Украіну і іншыя краіны. Шчыра кажучы, было не па сабе», — смелыя словы Раўкова ў адным з інтэрв’ю. Фактычна мы займелі міністра, які перастаў думаць катэгорыямі вялікай дзяржавы СССР, а навучыўся ўспрымаць сябе часткай менавіта беларускай арміі.

Канечне, у Мінабароны застаецца яшчэ дастаткова шмат людзей, якія думаюць катэгорыямі савецкага мінулага. Напрыклад, галоўны ідэолаг Аляксандр Гура ці прэс-сакратар Уладзімір Макараў. Тое, што Мінабароны ігнаравала ці замоўчвала факт смерці Коржыча, ёсць іх непасрэдная віна. 

Распрацоўшчык Ваеннай дактрыны

Афіцыйна Мінск застаецца саюзнікам Расіі, але ў рэальнасці робіцца шмат усяго, каб папярэдзіць украінскі сцэнар. Андрэй Раўкоў быў адным з тых, хто браў актыўны ўдзел у распрацоўцы новай Ваеннай дактрыны Беларусі.

«Мы, вядома, не саступім сваю тэрыторыю і будзем выкарыстоўваць любыя сілы і сродкі, у тым ліку ваенныя, каб пазбегнуць гэтага», — гэта словы Андрэя Раўкова. Да каго яны накіраваныя? Вядома ж, не да Літвы ці Польшчы. Адрасат знаходзіцца на ўсход ад Беларусі.

Прадугледжваецца новай Ваеннай дактрынай і вядзенне гібрыднай вайны. «Гэта сумесь разнастайных формаў і спосабаў дзеяння, традыцыйных і нетрадыцыйных. А якая яна будзе — абстаноўка пакажа… Мы прадугледжваем ваеннай дактрынай усё», — сказаў Раўкоў.

Вядома, гэтае рашэнне прымаў не ўласна ён, але менавіта пры гэтым міністру ў Беларусі так і не з’явілася расійская вайсковая база, якая лічылася ўжо абсалютна вырашанай справай.

Вывучае досвед Украіны

Міністр Раўкоў не хавае, што беларускае войска шмат чаму вучыцца ва ўкраінскага, якое супрацьстаіць расійскай агрэсіі.

«Мы вельмі актыўна вывучаем той досвед, які атрымліваюць узброеныя сілы Украіны на тэрыторыі сваёй краіны», — казаў Раўкоў. У яго існуе разуменне, адкуль нам можна чакаць небяспекі. Вось яшчэ адна цытата з сілавіка:

«Многія дзяржавы ўжываюць спосабы вырашэння палітычных пытанняў з пункту гледжання расхіствання дзяржавы знутры. Спараджаючы ўнутраны ўзброены канфлікт, яны ўжываюць эканамічныя, палітычныя спосабы, потым ужо — нейкія дыверсійныя, тэрарыстычныя, ваенныя. Расхістваючы абстаноўку, яны дамагаюцца таго, што адбываецца змена палітычнай улады, перабудова дзяржавы. Гэта цяпер стала правілам у свеце».

Можа быць рашучым

Калі таго патрабуюць абставіны, то Раўкоў не цягне ката за хвост. Узгадваецца, як расійскія прапагандысты сталі запускаць дэзу, што ў беларускім войску праводзілася апытанне між афіцэрамі аб аб’яднанні Расіі і Беларусі.

«Інфармацыя аб правядзенні сярод афіцэраў беларускай арміі апытання на тэму аб’яднання Беларусі і Расіі з'яўляецца вымыслам. Падобныя апытанні супярэчаць нацыянальным інтарэсам краіны і ніколі ва Узброеных Сілах не праводзіліся», — па-беларуску адказаў Раўкоў.

«Выказаныя Вамі сумненні наконт адданасці беларускіх афіцэраў сваёй Радзіме беспадстаўныя. Такія сумненні ва ўласнай арміі не служаць справе гарантавання бяспекі суверэннай незалежнай Беларусі», — адказваў Раўкоў Міколу Статкевічу.

Цяпер Раўкову найперш трэба прадэманстраваць сваю рашучасць у вырашэнні гэтай ганебнай сітуацыі, якая ўтварылася ў Печах, а таксама іншых часцях краіны з дзедаўшчынай. Калі Раўкову гэта ўдасца зрабіць, то ён можа застацца ў гісторыі як найлепшы міністр абароны часоў кіравання Лукашэнкі.

Чытайце таксама: «Былых крамлёўцаў не бывае». Пяць фактаў пра міністра абароны Андрэя Раўкова

Апытанка

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031