Знайсці
15.10.2017 / 14:1765РусŁacБел

Калі б паўстанне Касцюшкі перамагло, ці гаварылі б мы па-польску?

Піша Марыя Роўда.

Вельмі дарэчы трапіла да мяне цудоўная кніга Анатоля Трафімчыка «Наш Касцюшка слаўны» (Мінск: Янушкевіч, 2017). 

Якраз не так даўно, падчас штогадовай канферэнцыі, мы з калегамі абмяркоўвалі, якую афарбоўку мела ліцьвінства Міхала Клеафаса Агінскага. 

Гаворка тычылася адмовы былога паўстанца ад прапановы французскага маршала Дзюрока далучыцца да Напалеона. Агінскі тады, як мне выдала па мемуарах, прыкладна так сфармуляваў для сябе новую ідэнтычнасьць: «Настолькі ж годна быць ліцвінам, як і жыхаром Варшаўскага княства».

Мы тады разважалі, якая была б ідэалогія і мова на тэрыторыі ВКЛ, калі б паўстаньне 1794 магло перамагчы. У асноўным гучала думка, што ўсё ж мова была б польская. Я выказала меркаваньне, што адказаць на гэтае пытаньне мог бы верш «Песня беларускіх жаўнераў 1794 года».

У сеціве я чытала, што рукапіс верша страчаны. Дасьледаваньне Анатоля Трафімчыка абвяргае гэтае сьцьверджаньне, але падтрымлівае шмат у чым маю гіпотэзу і пралівае сьвятло на многія важныя асьпекты.

У кнізе «Наш Касьцюшка слаўны» сьцвярджаецца, што рукапіс верша, у свой час адшуканы Адамам Мальдзісам з дапамогай Генадзя Кісялёва, знаходзіцца ў аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх

(фонд 21, рукапіс 970, с.1-4). «Гэта чатыры старонкі створанага лацінскай графікай рукапіснага тэксту, з яўнымі арфаграфічнымі прыкметамі XVIII ст.».

Анатоль Трафімчык падкрэсьлівае, што аўтар верша невядомы, але прыводзіць меркаваньні пра тое, што ім можа быць альбо Міхал Клеафас Агінскі, альбо Якуб Ясінскі.

У кнізе даводзіцца, што беларускі верш, хутчэй за ўсё, зьяўляецца перакладам з польскай мовы Śpiewki włościan krakowiaków, надрукаванай 23 мая 1794 году ў перыёдыку Gazeta Narodowa Wileńska, і, у сваю чаргу, робіцца асновай для «Пісні українців-козаків». 

Самымі важнымі мне падаюцца высновы, зробленыя Анатолем Трафімчыкам у дачыненьні да «Песьні беларускіх жаўнераў 1794 года».

Аўтар зьвяртае ўвагу на тое, што верш, які заклікае на вызвольную барацьбу жыхароў Літвы, напісаны менавіта на беларускай, а не на якой іншай (літоўскай ці польскай) мове.

Гэта сьведчыць пра тое, што «адзін з варыянтаў песні мае, кажучы словамі А. Пяткевіча, беларускую звышзадачу», «аўтар, маючы паходжанне са Слонімшчыны (калі верыць А. Мальдзісу), на якую да таго часу не распаўсюджвалася дамадэрнае паняцце «Беларусь».., вызначае беларускасць у тым ліку стасоўна свайго рэгіёна, а таксама шырэй, дэманструючы менавіта мадэрнае, нацыянальнае разуменне беларускасці». «Аўтар «Песні…» імкнецца данесці ідэі нацыянальна-вызваленчай барацьбы». «…Інсургенты выразна бачылі сваю этнічную аўтэнтычнасць і праяўлялі нацыянальную самаідэнтыфікацыю, важна, што выдзялялася беларуская пасіянарная плынь, у якой бачыцца запачаткаванне сучаснага беларускага народа. Узровень той самаідэнтыфікацыі напэўна не быў высокім, аднак дастатковым, каб не ігнараваць яе высокапісьменнаму аўтару «Песні…»».

На думку Антатоля Трафімчыка, ліцьвінскае паходжаньне аўтара несумненнае, але «ў яго свядомасці нараджалася этнічнае атаясамленне згодна з надыходзячай мадэрнай эпохай».

У пэўнай ступені дасьледаваньне Анатоля Трафімчыка і зробленыя ім высновы дазваляюць меркаваць, наколькі беларускім было, ці магло быць, ліцьвінства аўтара верша, а таксама кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстаньня 1794 года на тэрыторыі ВКЛ, у прыватнасці Міхала Клеафаса Агінскага і Якуба Ясінскага.

Ці не было «якабінства» Ясінскага і беларускай ідэяй, наколькі яна магла быць сфармуляванай на той час (хутчэй, як частка ідэі незалежнага ВКЛ)?

Што меў на ўвазе пад «радзімай» Якуб Ясінскі, калі казаў: «Я радзімы не перажыву»? Ці была гэта толькі Рэч Паспалітая ці незалежнае ВКЛ? 

Міхал Клеафас Агінскі пасля паўстаньня настойліва называў сябе палякам, маючы на ўвазе грамадзянства Рэчы Паспалітай, якая не існавала і не магла быць нават названай без рызыкі для асабістай свабоды. Тым не менш праз болей як паўтара дзесятка гадоў ён вызначае сябе менавіта як ліцьвіна.

Да падзеяў 1794 году Літва, Беларусь для князя — гэта сямейны, «правінцыйны» клопат, які адцягвае яго ўвагу ад высокай палітыкі і сур’ёзных кар’ерных посьпехаў. 

Наколькі дазваляюць меркаваць яго мемуары, Агінскі робіцца адным з кіраўнікоў паўстання на тэрыторыі ВКЛ амаль выпадкова, хоць, выбар удзельнічаць у інсурэкцыі ён робіць сьвядома. Але пры гэтым падчас паўстаньня князь заўважае, што ведае кожную сьцежку на сваіх землях у ваколіцах Вільні: «праязджаючы праз свае лясы, у якіх ведаў кожную сцежку». Мне па-пісьменьніцку здаецца, гэта не можа не быць знакам пэўнай эмацыйнай прывязанасьці, якая ёсьць важным складнікам патрыятызму. Не ўяўляю, як можна сказаць «я ведаю кожную сьцежку на сваіх землях» без любві. Пытаньне толькі, ці беларускамоўныя гэта сьцежкі:-).

Можна дапусьціць, што беларуская мова верша — гэта тактычны ход, які дазваляў завабіць да ўдзелу ў паўстаньні беларускамоўных сялян.

Але той жа Анатоль Трафімчык падае спасылкі на тое, што вялікая частка сярэдняй і асабліва дробнай шляхты не саступіла моўнай паланізацыі. Пры гэтым на тэрыторыі сучаснай Беларусі склад інсургентаў быў наступны: 44% шляхты, 36% сялян і 20% мяшчан. 

У маёй аповесьці «Настаўнік заўжды вінаваты» згадваецца легенда з Магілёўскага краю пра шляхцюка-удзельніка паўстаньня. Абыгрываецца ідэя, што і ён, «просты шляхціч» (як ні забаўна гэта гучыць) мог быць аўтарам верша. Легенду пра паўстанца і «замоўленую пяту» я чула шмат разоў і ўважала яе за трызьненьне. Але ў сваіх мемуарах Міхал Клеафас Агінскі згадвае, што бываў на сваіх землях, якія апынуліся ў Расеі пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай, вяртаўся ў Варшаву праз Магілёў і, магчыма, падтрымліваў сувязі з сваімі маёнткамі падчас паўстаньня. Здаецца, была тады такая ідэя — партызанка на раней далучаных землях. Нешта з гэтых фактаў Агінскі ў мемуарах прызнае, нешта адмаўляе. (Напрыклад, удзел у падрыхтоўцы паўстаньня. У яго маглі быць на гэта свае прычыны: ён быў кругом вінаваты — і перад каралём польскім і перад расейскімі ўладамі). 

Гэта тое, што цікава: як разьвіваліся падзеі, калі яны мелі месца, на якой мове адбывалася камунікацыя? Што ў аповесьці з пачутага мной ад старэйшага пакаленьня альбо інтуітыўна перажытага за герояў праўда? 

Відавочна, што кніга Анатоля Трафімчыка «Наш Касцюшка слаўны» зьяўляецца вельмі істотнай для разумення нашага мінулага і сутнасьці беларускай ідэнтычнасьці, а таксама акрэсьлівае персьпектыву таго, як вывучэньне літаратурных твораў можа прывесьці да новых пошукаў у галіне гісторыі Беларусі.

* * *

Марыя Роўда — пісьменніца, жыве ў Мінску.

Марыя Роўда, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930