Знайсці
15.10.2017 / 13:265РусŁacБел

Ліст чытача: наконт забудовы ў Мінску на Данілы Сердзіча, 12

— Навучыцеся не пераходзіць на асобы, — сказала Аліса не без жорсткасці. Гэта вельмі груба.

Пачуўшы гэта, Капялюшнік вытарапіў вочы і толькі й змог, што спытаць:

Чым крумкач падобны да канторкі?

Л. Кэрал «Аліса ў краіне цудаў»

Як і многім жыхарам сталіцы, мне давялося сутыкнуцца з перспектывай знішчэння больш ці менш нармальнага асяроддзя ў выніку ўшчыльнення забудовы. У маім і без таго даволі шчыльным квартале, па адрасе вул. Д. Сердзіча, 12, Менгарвыканкам пажадаў знесці будынак пачатковай школы, высекчы дзясяткі дрэў, а на адваяваным у жыхароў і прыроды месцы ўзвесці будынак для райаддзела міліцыі, ДАІ і раённай пракуратуры з паркоўкай на 100 машына-месцаў.

Як мае быць: грамадскае абмеркаванне, збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы і ў СМІ. Чаканы вынік: архітэктурна-горадабудаўнічая рада пры галоўным архітэктары горада Менска, нягледзячы на дзясяткі зваротаў з патрабаваннем нічога падобнага ў нашым квартале не будаваць, прымае рашэнне аб далейшым праектаванні аб’екта. Чаго, відаць, не чакаў Менгарвыканкам, дык гэта таго, што жыхары не праглынуць абыякавасць чыноўнікаў да іх меркавання, а працягнуць хадзіць па інстанцыях.

Я ж, у сваю чаргу, не чакаў атрымаць у адказ на свой зварот не толькі дзяжурную адпіску, але і сякія-такія заўвагі адносна сваёй асобы. Ад Камітэта па архітэктуры і горадабудаўніцтве адказу па сутнасці на сваю крытыку рашэння архітэктурнай рады я не дамогся — затое дамогся паведамлення аб спыненні са мной перапіскі. Вырашыў звярнуцца ў Менскі гарадскі савет дэпутатаў, бо ж гэта арганізацыя, адпаведна «Законе аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» вызначае парадак кіравання маёмасцю, што знаходзіцца ва ўласнасці горада, больш таго «падсправаздачна ў сваёй дзейнасці грамадзянам, адказна перад імі і сыходзіць з іх інтарэсаў», як прыгожа напісана ў тым жа законе. Аднак «гладка было на паперы…».

Савет дэпутатаў не знайшоў у сабе моцы разабрацца з пытаннем самастойна і перанакіраваў мой ліст — куды б вы думалі — у Менгарвыканкам, а адказ адтуль на свой запыт ласкава пераслаў мне, назваўшы яго «змястоўным». З майго пункту гледжання гэты ліст Менгарвыканкама нагэтулькі ж абстрактны, як і лісты, адрасаваныя раней мне асабіста. Прасцей кажучы, ніякіх адказаў на крытычныя заўвагі там няма. Падпісаў ліст намеснік Менгарвыканкама В. С. Лапцеў, ніжэй маленькімі літарамі набраны прозвішчы Лучыновіч (старшыня Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва) і Кавальчук.

Напэўна, каб Гарсавет зразумеў усё «як трэба», каб прысячы жаданне прааналізаваць мае аргументы, добрая траціна ліста ўяўляе сабой гэткую інструкцыю па «правільным» разуменні майго звароту. Гэта свайго роду скарга Менгарвыканкама на мяне. На што ж канкрэтна скардзяцца чыноўнікі? Аказваецца, я «в своих неоднократных обращениях от имени жителей квартала, без оригинальных подписей других жителей, не задавая конкретных вопросов, а повторяясь и цитируя нормы ТНПА и СНБ, излагаю свои доводы, доказательства, заключения и личные выводы о необоснованности, недостоверности и лживости информации, а также об игнорировании нормативных правовых актов и о некомпетентности специалистов, принимавших участие в рассмотрении вопросов реализации объекта».

Ну, «ад імя жыхароў» спішу на багатую фантазію аўтараў — я пішу асабіста ад сабе, а іншыя жыхары выказаліся супраць праекта ў сваіх уласных зваротах. А ўвогуле, тут сабрана шмат таго, што ненавісна ў працэсе грамадскіх абмеркаванняў замоўшчыкам-забудоўшчыкам і тым чыноўнікам, якія заўзята ахоўваюць іх інтарэсы. Напрыклад, тыя, хто не абгрунтоўвае свае заўвагі неадпаведнасцю праекта нарматыўным прававым актам, рызыкуюць атрымаць у пратаколе пасяджэння архітэктурнай рады фармулёўку тыпа «прапановы не адпавядаюць нарматыўным прававым актам» — адпаведна, і ўлічаны яны не будуць. Тыя, хто абмяжоўваецца аднымі пытаннямі, увогуле ўбачаць там фразу «заўваг і прапаноў не паступіла». Заўважце, дарэчы, што нават спробы абвергнуць мае «довады, заключэнні и асабістыя высновы» чыноўнікі не робяць. Рызыкну дапусціць, што аргументаў у іх няма.

Дарэчы аб подпісах. Сабралі нядаўна мясцовыя жыхары дзве тысячы подпісаў супраць праекта дэтальнага планавання на бліжэйшыя кварталы, у прыватнасці, супраць забудовы парка «60-годдзя Кастрычніка». І што вы думаеце? Вядома, камісія рэкамендавала праект да зацвярджэння. Як бы там ні было, мы ўжо накіравалі чыноўнікм набор новых подпісаў наконт Д. Сердзіча, 12 — пакуль маўчаць.

Цытую далей. «Таким образом, излагаемые Тушинским Д.М. фразы в обращениях, (в том числе дважды в газету «Советская Белоруссия»), его личная трактовка законодательства, указания по организации и проведению общественного обсуждения и по подведению его итогов, по оформлению протокола Совета, а также выводы и заключения о правомерности и правильности действий членов Совета и иных должностных лиц, высказывание своего видения ситуации по реализации объекта, ведут к популизации, равной демагогии, его личности, тем самым дискредитируя статусы и формируя отрицательное отношение к уровню профессионализма и компетентности должностных лиц государственных органов, органов власти и членов Совета…».

Калі вы прарваліся праз грувасткі сінтаксіс, можаце рабіць высновы: ім не падабаюцца звароты ў СМІ і заклік трактаваць «Палажэнне аб грамадскіх абмеркаваннях» на карысць грамадзян, яны не прымаюць патрабавання максімальнай празрыстасці працэсу грамадскага абмеркавання і ўключэння ў пратакол усяго, што выказвалася на пасяджэнні, ім муляе адказваць на кожную заўвагу і прапанову, яны адмаўляюць ва ўліку зваротам быццам бы «не аформленым у існым парадку» і г.д.

Што ж гэта за статусы, калі патрабаванне вышэйзгаданага іх дыскрэдытуе? Дарэчы, у сваёй папярэдняй публікацыі на гэту тэму я не забыўся падзякаваць удзельнікам архітэктурнай рады за крытыку месца размяшчэння аб’екта, якая ўсё ж прагучала на пасяджэнні. Праўда, інфармацыя пра гэта трапіла толькі ў прэсу, а вось у пратаколе яе зафіксаваць «забыліся».

А калі вы настойваеце на сваім, дык гэта будзе «папулізацыя» вашай асобы. Дарэчы, гэты ўзор словатворчасці (якраз у духу Л. Кэрала) я ў слоўніках не знайшоў. Найбольш верагодна, што мяне вінавацяць у папулізме. А калі аўтары такія знаўцы і майстры слова, то не ведаю, што і думаць наконт «роўнай дэмагогіі». Мо, гэта камплімент? Бо даслоўны пераклад слова дэмагог і яго першапачатковае значэнне — вождзь народа.

Ды не, канечне — проста абразіць хацелі. Цікава, дарэчы, што падобнай адповедзі ў адказе Менгарвыканкама мне асабіста няма. Вядома, завочна яно заўжды лягчэй. Магчыма, і не думалі, што Гарсавает адашле гэты ліст мне. Дарэчы, мяркую, я не адзіны, хто ўшанаваны падобнымі «дыфірамбамі» ад Менгарвыканкама. Узнікае пытанне, наколькі далёка зайшла гэта практыка? Аб колькіх людзях і ў якія яшчэ арганізацыі гэтыя «слугі народа» адсылаюць падобныя лісты?

Ну а калі нехта сапраўды пажадае здабыць сацыяльны ці палітычны капітал на платформе крытыкі горадабудаўнічай палітыкі сталічных уладаў, стаць цэнтрам крышталізацыі пратэсту? Ці даб’ецца поспеху? Думаю, без праблем. Сваімі дзеяннямі і сваёй пазіцыяй улады падрыхтавалі для гэтага глебу і рэгулярна яе падгнойваюць. На сайце «Экаград» ёсць карта «кропак незадаволенасці ўшчыльненнем забудовы» ў Менску. Кропак там больш за сорак — і гэта карта далёка не поўная…

Дзяніс Тушынскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера