Паказаў жанчыне, «як добра святло гарыць» — у Рэчыцы асудзілі гвалтаўніка на 3,5 года
Увечары 27 красавіка ў Рэчыцы мужчына згвалціў знаёмую на пустой будаўнічай пляцоўцы. У канцы жніўня яму быў вынесены прысуд.
Абвінавачаны часткова прызнаў віну і распавёў, што ў той вечар сустрэў знаёмую. Жанчына была нападпітку. Мужчына расказаў пацярпелай, што знаёмы з яе мужам, які рабіў праводку ў яго доме. Пасля гэтага абвінавачаны прапанаваў пайсці да яго дадому, каб паглядзець, як добра ў яго цяпер гарыць святло.
Пацярпелая пагадзілася, яны зайшлі ў двор на будаўнічую пляцоўку. Там мужчына згвалтаваў жанчыну. Па словах абвінавачанага, пацярпелая не супраціўлялася і не крычала. Пасля яны моўчкі ўсталі, апрануліся і разышліся па дамах. Па словах абвінавачанага, ён не разумее, чаму пацярпелая звярнулася ў міліцыю.
Жанчына таксама дала свае паказанні ў зале суда. Яна патлумачыла, што ў той вечар яна вярталася дадому з гасцей, была нападпітку. На вуліцы сустрэла мужчыну, які сказаў, што ведае яе мужа, назваў яго імя, таму яна не чакала супрацьпраўных дзеянняў з яго боку. Калі мужчына прапанаваў пайсці да яго дадому, яна пагадзілася, нічога не падазраючы.
У двары абвінавачаны спрабаваў яе пацалаваць, яна адштурхоўвала яго і прасіла не рабіць гэтага, плакала. Але абвінавачаны, працягваючы свае дзеянні, сказаў: «Давай па-добраму».
Пацярпелая ўспрыняла іх як пагрозу і баялася яшчэ большага гвалту. Супраціўляцца яна не магла, бо мужчына быў мацнейшым за яе фізічна і яна баялася, што больш актыўныя дзеянні з яе боку справакуюць яго на агрэсію, што пагоршыць становішча. Па словах пацярпелай, на дапамогу не клікала, паколькі час быў позні, а месца бязлюднае, на чыюсьці дапамогу яна папросту не разлічвала. У той жа вечар яна патэлефанавала ў міліцыю.
У выніку гвалтаўнік атрымаў 3,5 года ўзмоцненага рэжыму (прычым, пракуратура «ацэньвала» яго дзеянні ў тры гады).
Прысуд ужо ўступіў у законную сілу.