Знайсці
10.10.2017 / 21:432РусŁacБел

«Можа, проста недзе падарожнічае»: знікламу ў Белавежскай пушчы Максіму Мархалюку споўнілася 11 гадоў

10 кастрычніка Максіму Мархалюку, які прапаў у Белавежскай пушчы 16 верасня, споўнілася 11 гадоў. Хлопчык усё яшчэ не знойдзены. У Новым Двары нічога не нагадвае пра тое, што яшчэ два тыдні таму тут праходзіла самая вялікая за апошні час пошукава-выратавальная аперацыя ў краіне: тады ў невялікі пасёлак прыехала больш за дзве тысячы валанцёраў. Але актыўныя пошукі, на жаль, не прынеслі ніякага выніку.

- Я маме хлопчыка вельмі спачуваю, але як дапамагчы ў гэтай сітуацыі, не ўяўляю. У мяне ўвесь гэты час спыняліся валанцёры. Карміла, прымала ў сябе, — кажа мясцовая жыхарка Зоя. — Усе версіі ўжо абмеркавалі. Вядома, вельмі хочацца, каб ён знайшоўся, і верыш у тое, што ён проста адправіўся падарожнічаць.

Нягледзячы на тое, што актыўныя пошукі Максіма ў Белавежскай пушчы спыненыя, шукаць хлопчыка працягваюць. Ён абвешчаны ў міжнародны вышук, а Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу па факце знікнення.

Зараз пошукамі займаецца ў першую чаргу міліцыя. Паводле звестак прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама, у пошукава-выратавальнай аперацыі прымаюць удзел супрацоўнікі міліцыі з Свіслацкага, Слонімскага, Зэльвенскага, Мастоўскага РАУС, а таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў і супрацоўнікі МНС. Яны абследуюць найбольш цяжка непраходныя і забалочаныя месцы.

— Ведаеце, колькі тут версій было? Што толькі людзі ні казалі: маўляў, скралі дзіця, збег за мяжу, патануў у балоце, але гэта ўсё здагадкі, а як на самой справе было — невядома. У царкве мы молімся за тое, каб Максім быў знойдзены жывым і цэлым, — кажа мясцовы праваслаўны святар айцец Анатоль.

Сям'я Максіма — каталікі, але і ў праваслаўным храме Новага Двара прыхаджане заказваюць службы аб здароўі дзіцяці.

…Пра тое, што ў зніклага хлопчыка 10 кастрычніка дзень нараджэння, у аграгарадку, здаецца, ведаюць усе. Адразу ж паведамляюць: сёння яму споўнілася 11 гадоў. І дадаюць: ужо хутка месяц, як Максіма шукаюць.

Паводле Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера