Знайсці
10.10.2017 / 18:344РусŁacБел

Леаніду Дранько-Майсюку — 60!

Сёння спаўняецца 60 год Леаніду Дранько-Майсюку — беларускаму рупліўцу, паэту, аўтару словаў усім вядомай «Полькі беларускай». Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да віншаванняў!

Да журбы дакранайся, нібы да жалеза;
Языком выцалоўвай марознае шкло,
Разумеючы простае: тое паэзія,
Што ніколі паэзіяй і не было.

Што ні ёсць — усё добра, усё мае рацыю,
I пад каменем кожным гадзючыцца верш…
Ты — паэт камарына-слязлівае нацыі
За здароўе сваё воцат п'еш!

Пі, закладнік сваёй дабрыні з'алкаголенай,
Пі на зайздрасць падонкам, няздарам усім —
Ты застаўся. А ім? Не застацца ніколі ім
Ні паэмай, ні вершам, ні словам жывым;

Пі, усё безназоўнае любячы, помнячы,
Цень Купалы вітаючы прошчай сваёй…
Як цудоўна — паэтам так сумна на поўначы!
Як цудоўна — жалеза лагодзіць журбой!

***

У Вашым голасе квітнеюць астры,
Якіх не бачыў я раней.
Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна…
У Вашым голасе квітнеюць астры,
I кожнай кветцы Бог сказаў: квітней.

Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна —
Ці варты музыкі такой?!
Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Калі гучаць арфічна Вашы астры
Па-над пустой канцэртнай асакой.

Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Не ведаю і ведаць не хачу.
Запамінаю голас Ваш прыязны;
Нібыта верш, запамінаю астры, —
Па-школьнаму, на памяць іх вучу.

Запамінаю голас Ваш прыязны…
Пакінь, пакінь, глыбокая струна,
Шум глыбіні і неспакой рамансны,
Каб у крыві маёй квітнелі астры…
Кроў — гэта ваза, што не мае дна.

***

Калі атручана крыніца,
Душа, выходзячы з бяды,
Нанова хоча нарадзіцца
У Крэве, бо якраз туды
Гасподзь заўсёды мосціць кладку —
Да вечна чыстае вады,
Каб да шчаслівага пачатку
Ты не спыняў сваёй хады.

***

Ты, — памножаная на неба
I падзеленая на страх, —
Здабываеш са смутку срэбра
Старажытных вясёлых драхм.

Ты далей, чым слова д а л ё к а,
I чысцей за ўсе халады…
Неўрадлівы пясок сірока
Засыпае твае сляды.

Ты ўжо чуеш, як свечка плача
На блакітным летнім акне,
Пройдзе восень над Белай дачай
I патоне ў нашым віне.

Што ж цябе, дарагая, страшыць?
Ну, адкуль ён, адкуль ён — страх?
На віне пацалункі нашы,
Дзякуй Богу, не на слязах.

I калі я твой брат старэйшы,
То паслухай мяне хоць раз:
Багдановіч апошнім вершам
Ад самоты пазбавіў нас, —

А ў самотнейшыя хвіліны
Уначы, пад газніцы бліск,
Не ў Вільню — пісаў у Афіны
Да Вацлава нясмелы ліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930