Знайсці
10.10.2017 / 16:359РусŁacБел

У белсатаўцаў канфіскуюць дарагое прафесійнае абсталяванне

Такое рашэнне прыняла суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Настасся Папко ў справе аб аўтарскім праве на гандлёвы знак «Белсат», паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Журналіста Аляксандра Баразенку прызналі вынаватым у парушэнні аўтарскага права на гандлёвы знак «Белсат». Яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь (920 рублёў), таксама прызначаная канфіскацыя ўсёй тэхнікі, якую забралі ў самога Баразенкі і на офісах тэлеканала.

Нагадаем, пасля затрымання яшчэ ў сакавіку 2017 года Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі склаў на Баразенку пратакол па артыкуле 9.21 КаАП Беларусі. Баразенку дапытвалі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе журналіст адбываў 15-суткавы арышт, паралельна з чым наляпілі на яго відэатэхніку самаробныя налепкі з лагатыпам тэлеканала «Белсат» і забралі яе да рашэння суда.

Таксама 31 сакавіка ў офісах тэлеканала прайшлі ператрусы, міліцыя ў межах гэтай жа справы па аўтарскім праве забрала тэхніку з двух памяшканняў, а таксама асабістую тэхніку яшчэ аднаго журналіста — Аляксандра Любенчука. Журналісты «Белсата» называюць справу відавочнай правакацыяй з мэтай адабраць тэхніку, а таксама аказаць ціск на тэлеканал і супрацоўнікаў.

У жніўні суд ужо разглядаў дадзеную справу.

Тады ў судзе выступіў аўтар міліцэйскага пратакола Уладзіслаў Падрэз, а таксама шэраг сведкаў, якія пацвердзілі словы журналіста пра адсутнасць маркіроўкі «Белсат» на тэхніцы.

З-за наяўнасці вялікай колькасці парушэнняў суддзя Дзмітрый Цыкал тады адправіў пратакол у міліцыю на дапрацоўку. Пратакол дапрацавалі і зноў вярнулі ў суд, дзе і адбудзецца працэс.

10 кастрычніка 2017 года суд Першамайскага раёна Мінска працягнуў разгляд справы і вынес вердыкт.

У судзе Аляксандр Баразенка паўтарыў ранейшыя паказанні, што ён супрацоўнічае з інфармацыйным агенцтвам News Informacje, якое ў сваю чаргу супрацоўнічае з «Белсатам». Баразенка падкрэсліў, што ўся тэхніка, забраная ў яго ў Дзень Волі 25 сакавіка, не ўводзілася ў грамадзянскі абарот тавараў — не прадавалася і не здавалася. Тэхніка выкарыстоўвалася выключна для асабістай працы.

Наконт тэхнікі, забранай у офісах «Белсата», Бразенка патлумачыў, што тэхніка яму не належыць, але ён сапраўды карыстаўся ёй ў асабістай працы, калі рыхтаваў інфармацыйныя матэрыялы.

«Аднак ніякіх паслуг па перадачы чужога кантэнту, кантэнту з таварным знакам «Белсат», я не аказваў. Толькі рыхтаваў уласныя матэрыялы,» — падкрэсліў Аляксандр.

У судзе таксама апыталі спецыяліста — Аляксандра Грыбло, дырэктара дырэкцыі тэхнічнага развіцця Белтэлерадыёкампаніі, дзе ён працуе з 1994 года.

Эксперт заявіў, што абсталяванне, якое забралі ў Баразенкі — кропка доступа ў інтэрнэт — гэта спецыяльны тэрмінал для перадачы інфармацыі. Такое прыстасаванне выкарыстоўваецца ўсімі тэлекампаніямі Еўропы. Прыкладны кошт такога абсталявання — 25 тысяч еўра.

Аляксандр Грыбло паведаміў, што такое абсталяванне маглі набыць толькі тэлекампаніі. У прыватнай асобы абсталяванне магло апынуцца толькі па дамове з тэлекампаніяй.

З матэрыялаў справы вынікае, што адрэсы офісаў «Белсата» ў Мінску паведаміў у міліцыю Аляксандр Белякоў — чалавек, які ў Беларусі валодае правам на гандлёвы знак «Белсат». Ён заявіў у міліцыю, што яму вядома, што ў дадзеных памяшканнях парушаюцца яго правы.

Таксама ў матэрыялах справы ёсць інфармацыя ад правайдэра «Деловая сеть» пра аб'ёмы і змест і дадзеных, якія адпраўляліся з офіса «Белсата» ў Мінску.

Справа вакол таварнага знаку «Белсат» цягнецца амаль пяць гадоў. Паводле ўладальніка фірмы «БЕЛСАТплюс» тэлеканал парушае інтарэсы ягонага бізнесу. Прадпрымальнік звярнуўся ў Вярхоўны суд, але ён не задаволіў ягоныя патрабаванні.

Тады ўласнік фірмы «БЕЛСАТплюс» намагаўся забараніць тэлеканалу выкарыстоўваць таварны знак «Белсат ТВ» («Belsat TV»). Але Вярхоўны Суд палічыў патрабаванні неабгрунтаванымі.

Паўторны разгляд справы ініцыяваў прэзідыум Вярхоўнага суду, а справу разглядаў іншы склад суддзяў. 4 верасня 2014 году суд задаволіў пазоў Андрэя Белякова і забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі ды на інтэрнэт-старонцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера