Знайсці
10.10.2017 / 13:4366РусŁacБел

Стась Карпаў: І Расія, і Польшча не вераць у беларускую нацыю

Пасля таго, як польская амбасада ў Швейцарыі змусіла прыбраць фразу «сыну зямлі беларускай» з помніка Касцюшку, які там усталявалі за свае грошы мясцовыя беларусы — адразу ўзнікла жаданне пазласлівіць і паскавытаць: палякі, паскуды, Касцюшка — наша ўсё, а вы вось, значыць, як?!

І я нават сеў пісаць пра тое, як трым-пым-пым. Але неяк не пісалася.

А чаму?

А таму, што справа не ў тым, паскуды ці не паскуды. І не важна, што думаюць у Швейцарыі пра Касцюшку і Беларусь. І беды мясцовай беларускай дыяспары — не сусветнага маштабу.

Справа ў тым, што ў гэтым учынку польскай амбасады сфармулявана пазіцыя ў дачыненні да Беларусі максімальна сцісла. Яна не мянялася ніколі, і тут варта не крыўдаваць і не здзіўляцца, а для пачатку яе зразумець.

І калі зразумець, то ў наступны раз ніхто не захоча напісаць пра заграніцу, якая нам дапаможа, і што «за пашану радзімаму слову ўшануюць нас брацця-народы».

Не дапаможа. Не ўшануюць.

Для палякаў, як і для рускіх, мы ніколі не былі нацыяй. Нацыяй для іх мы не з’яўляемся і зараз.

Мы — насельніцтва тэрыторыі, і, адпаведна, у залежнасці ад часу і ступені свайго развіцця, яны імкнуліся распаўсюдзіць на «насельніцтва» тую матрыцу паводзінаў, якую НЕнацыя і заслугоўвае.

Што нам прапанавалі?

Спачатку.

Польшча — вольнасці і статус недапалякаў.

Расея — прыгон і статус недарускіх.

Пасля.

Рускія — расстрэлы і статус савецкіх.

Польшча — пасадкі і ўсё той жа статус недапалякаў.

Цяпер.

Расія — марыянеткавая аўтаномія і статус «таксама рускіх».

Польшча — статус буфернай зоны і сумесі недапольскіх з таксамарускімі.

Паколькі палякі гістарычна былі развіты лепей — то і польская імперыя, адносна расійскай, была для нас імперыяй «лайт».

У прынцыпе, і да гэтага часу тэндэнцыя і прапорцыя не мяняюцца.

І Расія, і Польшча не вераць ні ў якую беларускую нацыю, але разумеюць, што нехта павінен гаварыць ад імя насельніцтва — таму, адпаведна, прызнаюць беларускаю дзяржаву.

На дадзеным этапе развіцця Расія, напрыклад, не лічыць, што любое — у тым ліку і беларускае — насельніцтва заслугоўвае правоў, таму дае Беларусі грошы на падтрыманне статусу адарванага кавалка вялікага народа.

Польшча, наадварот, верыць у правы чалавека, таму дае грошы на правы чалавека сярод гэтага насельніцтва.

На гэтым — усё.

Ніякай нацыі.

Каму цікава нас «шанаваць» і для чаго? Быць нацыяй выгадна толькі нацыі і больш — нікому.

Разумееце, з нацыяй мець справу цяжка, бо ты мусіш улічваць тысячы ірацыянальных акалічнасцяў. Прызнаваць тое, з чым не згодны, гаварыць тое, што не хочаш.

З насельніцтвам мець справу лёгка, бо ўсе правы адзінкі гэтага насельніцтва — рацыянальныя і тычацца толькі ўласнай абароны, а не памкненняў і прэтэнзіяў.

Памкненні і прэтэнзіі, з якімі варта лічыцца на міжнароднай арэне, — атрыбут выключна нацыі.

Нацыя мае права на ўсё, акрамя вайсковай агрэсіі.

Чалавек мае права на тое, што запісана ва ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. За выняткам пункта 19-га. Дзе сказана, што чалавек мае права на распаўсюд сваіх перакананняў незалежна ад дзяржаўных межаў.

У рэальнасці, як бачым, ён мае права на «міжнародны» распаўсюд сваіх перакананняў толькі ад імя чалавека:

Права не любіць «Макдональдс» дзе заўгодна.

Права любіць колу дзе заўгодна.

І нават права любіць Касцюшку дзе заўгодна, але не права ставіць яму помнікі як сыну нацыі ў Швейцарыі. Бо беларускай нацыі — няма.

Помнік Касцюшку беларусы могуць ставіць толькі так, каб яго ніхто не ўбачыў.

Наогул, лічыць, што нашай нацыі няма, — гэта зручна для ўсіх, акрамя нас, бо ніхто не ведае, што трэба нацыі, акрамя яе самой. А вось што трэба насельніцтву — ведаюць усе.

Насельніцтву трэба праца, трэба ежа і права атрымаць пашпарт нармальнай краіны (прывет Картам паляка).

Таму, калі я бачу, як беларусы чакаюць, ці зробіць Макей учынак, адпаведны ягонай заяве пра скрадзеную ў нас гісторыю, у адказ на дзеянні Польшчы, — я кажу: не, не зробіць.

Справа ў тым, што польскі дыпламат дзейнічаў як чалавек, за якім стаіць нацыя, які з’яўляецца прадстаўніком нацыі і дачыняецца з прадстаўнікамі нацыі — такімі, якімі яны ёсць на гэтым этапе свайго развіцця.

То бок як гэта выглядала? Раніцай польскі пасол у Швейцарыі за кубачкам кавы высветліў, што нейкае насельніцтва збіраецца прысабечыць ягонага Касцюшку і паставіць яму помнік. У Швейцарыі ж.

Пасол праліў каву на белую адпрасаваную кашулю. Ускочыў. Збегаў у суседні кабінет, дзе доўга ў два галасы крычаў з нейкім іншым панам пра тое, што гэтыя жыхары «падкацап’я» зусім з дуба ляснуліся.

Пасля падбегла яшчэ пара маладых спецыялістаў, і яны хвілін 20 разважалі пра тое, што гэтыя беларусы ляпцем шчы сярбаюць і што мала ім польскі пан чубы драў.

А вынікам стала тая заява, якая і з’явілася.

Цяпер пытанне. Як можа рэагаваць на гэта прадстаўнік беларускага МЗС, калі з раніцы ён чытае пра тое, як прадстаўнікоў беларускай жа нацыі — саджаюць у турмы і па сто разоў судзяць за адную і тую ж правіннасць. Калі ён дакладна ведае, што хрэн з ім з Касцюшкам, галоўнае, што Марат Казей — наш.

Калі ўсе гэтыя «шчырыя беларусы», якія сварацца на палякаў — маюць унутры самой Беларусі статус недатыкальных. Дык «за каго» наш міністр павінен махаць рукамі? І навошта яму гэта рабіць, калі адсядзеўшыся і адмаўчаўшыся — яму канкрэтна ні перад кім не будзе сорамна. Старэнькая мама не перацягне яго па дупе рушніком. Сябар не назаве мудаком. А калегі, якіх падбіралі ў міністэрства, наогул думаюць толькі пра тое, што хутчэй бы 18:00.

У свеце міністра таксама няма ніякіх прадстаўнікоў беларускай нацыі. І яму таксама выгадна прадстаўляць рацыянальнае насельніцтва па рацыянальных пытаннях бабла.

Міністр раз на год проста імітуе патрыятызм, бо гэта — не лішняе. А вось імітаваць змаганне — лішняе, бо, імітуючы, — не дай бог можна пазмагацца насамрэч. І тады будуць адны непрыемнасці для ўсіх, акрамя недатыкальных.

Карацей, не спадзявайцеся на Макея. Не спадзявайцеся на Польшчу. Не спадзявайцеся на Расію. За пашану радзімаму слову — не ўшануюць нас брацця-народы.

Шануюць толькі тых, каго не любяць. Прынамсі ў нашым закутку Еўропы.

Калі цябе любяць — значыць, што ты проста насельніцтва і хутка табе прышлюць гуманітарную дапамогу.

Таму захоўвайце нацыю ўнутры сябе і ўсё-ўсё-ўсё запісвайце.

Стась Карпаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930