Ісландыя ўпершыню ў гісторыі прабілася на чэмпіянат свету па футболе
fifa.com
Зборная Ісландыі ўпершыню ў гісторыі заваявала пуцёўку на ЧС па футболе. У панядзелак ісландцы перамаглі на сваім полі Косава 2:0 (Гюлфі Сігурдсан, 40, Ёхан Гудмунсан, 78) і занялі першае месца ў групе, апярэдзіўшы Харватыю і Украіну.
Ісландыя ў 2016 г. упершыню згуляла на чэмпіянаце Еўропы, дзе выйшла ў чвэрцьфінал, у 1/8 фіналу выбіўшы Англію.
Харваты сёння ў гасцях перамаглі Украіну з лікам 2:0 і адпраўляюцца ў стыкавыя матчы.
Ісландыя — 22, Харватыя — 20, Украіна — 17, Турцыя — 15, Фінляндыя — 9, Косава — 1.
Сёння таксама пуцёўку на ЧС заваявала Сербія, што перамагла Грузію 1:0. Ірландыя ў гасцях перамагла Уэльс 1:0 і згуляе ў стыках.
Сербія — 21, Ірландыя — 19, Уэльс — 17, Аўстрыя — 15, Грузія — 5, Малдова — 2.
***
Пуцёўкі ад Еўропы на чэмпіянат свету ўжо заваявалі: Германія, Англія, Бельгія, Польшча, Іспанія, Ісландыя, Сербія. Гэтыя каманды занялі першыя месцы ў групе.
Зборная Беларусі правядзе свой апошні матч у адборачным турніры ў аўторак. Гэта будзе гульня супраць Францыі. У гэты ж дзень Швецыя згуляе ў гасцях з Галандыяй. Францыя і Швецыі вырашаюць, хто зойме першае месца, а хто адправіцца ў стыкі.
Францыя — 20, Швецыя — 19, Галандыя — 16, Балгарыя — 12, Беларусь — 5, Люксембург — 5.
Таксама ў аўторак вызначыцца, хто заваюе першае месца ў сваёй групе, а хто адправіцца ў стыкавыя матчы: Партугалія або Швейцарыя. Яны згуляюць між сабой у Лісабоне. Пакуль швейцарцы апярэджваюць апанентаў на тры ачкі.