Знайсці
09.10.2017 / 22:2424РусŁacБел

Што вядома пра загінулага ў Сірыі гамельчука Аляксея Ярашэвіча

4 кастрычніка прапуцінскія байкеры «Начныя ваўкі» апублікавалі на сваёй старонцы Вконтакте інфармацыю пра гібель 19 верасня сябра іхняга клубу з Гомля 42-гадовага Аляксея Ярашэвіча. Пазней «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеграм-канал паведаміла: Ярашэвіч, імаверна, загінуў у Сірыі. 

За тры дні да смерці

Карэспандэнтка belsat.eu праз сацыяльныя сеткі знайшла знаёмага Ярашэвіча, таксама беларуса Дзмітрыя Нясцюка. Высветлілася, што за тры дні да смерці Аляксея яны сустракаліся ў Падмаскоўі.

«16 верасня быў у сябра на дні народзінаў. Пазнаёміліся з Лёшам, пагутарылі, пілі віскі. Спакойны, упэўнены ў сабе… І вось 19-га яго ўжо не стала. Ад хлопцаў (з клубу «Начныя ваўкі») даведаўся — ён загінуў у Сірыі», — распавёў Нясцюк.

Ён дадаў, што Ярашэвіч, мяркуючы па нашыўках на байкерскай вопратцы, меў даволі высокае званне ў «Начных ваўках».

«Хлопцы паехалі на пахаванне. Хаваць будуць на радзіме, у Гомлі. Туды шмат нашых паехала і яны застануцца ў Беларусі цягам бліжэйшых дзён».

Яшчэ адзін сябар Ярашэвіча, таксама «начны воўк» з падмаскоўнага Краснагорска Аляксей Капосаў, сказаў па тэлефоне, што цяпер знаходзіцца ў Гомлі.

«Так, Аляксей сапраўды загінуў у Сірыі. Цела яшчэ не даставілі. Дакладнага часу пахавання не ведаю, але не думаю, што журналістам варта там прысутнічаць. Самая вялікая праблема цяпер — гэта тое, што беларускія службы адмаўляюцца прызнаваць пасведчанне аб смерці, выдадзенае ў Сірыі».

Крымінальныя разборкі і крымскі след

Ярашэвіч нарадзіўся ў Гомелі, у байкерскім клубе — з канца 2000-х. Належаў да гомельскіх «Начных ваўкоў», але часова быў «прыпісаны» да філіі ў расійскім горадзе Даўгапрудным. Імаверна, апошнім часам жыў у Расіі. У 2012-м праходзіў як пацярпелы па справе аб страляніне ў Зеленаградзе, калі адбылася сутычка паміж «Начнымі ваўкамі» і іншым клубам. У выніку адзін чалавек загінуў, а Ярашэвіч трапіў у рэанімацыю. Пасля выступаў як сведка на судзе ў гэтай справе.

Ярашэвіч (справа) дае паказанні ў судзе ў справе аб страляніне ў Зеленаградзе

Працаваў у прыватным ахоўным прадпрыемстве «Воўк», падкантрольным байкеру Залдастанаву. Прадпрыемства мае разгалінаваную структуру. Офісы ёсць у Маскве, Варонежы, Казані, Сургуце, а пасля анексіі Крыму — і ў Бахчысараі.

Аляксей Ярашэвіч фігуруе ў расследаванні «Новай газеты», апублікаваным 2 ліпеня 2014 года. Матэрыял тычыўся расейцаў, якія па вяртанні з Крыма атрымалі медалі і падзякі ад Пуціна: хто за баі, хто за прапагандысцкую працу на месцы. У сакрэтным спісе ўзнагароджаных, што патрапіў да журналістаў, Аляксей Ярашэвіч значыцца пад нумарам 160.

Пры такім бэкграўндзе ёсць падставы лічыць: спрычыніўся Ярашэвіч і да канфлікту на Данбасе. Ягоны сябар Капосаў гэтага не адмаўляе, але і не хоча адкрыта пацвярджаць, спасылаючыся на тое, што яны «рэдка бачыліся».

Небяспечная кампанія

На пытанне, якім чынам гамельчук патрапіў у Сірыю, Капосаў адказаў: «Ён там працаваў у будаўнічай кампаніі».

Але што мог будаваць беларус у амаль цалкам зруйнаванай вайной краіне? У тых жа сацыяльных сетках у вочы кідаецца ўспамін аднаго з таварышаў загінулага. На фота профіля Арман Жанайдараў пазіруе у форме з расійским трыкалорам.

«…Ён не раз прыкрываў спіну братам. Жартавалі: «Лёха, у цябе 9 жыццяў». Ён сышоў як ваяр, у баі», — піша Жанайдараў.

Ці была камандзіроўка ў Сірыю першай і апошняй для Ярашэвіча, пакуль невядома. Але пад «будаўнічай кампаніяй», дзе той нібыта працаваў на момант гібелі, можа насамрэч хавацца «ЧВК Вагнера» — групоўка расійскіх наймітаў пад камандваннем афіцэра ГРУ, падпалкоўніка запасу Дзмітрыя Уткіна.

«Вагнераўцы» бралі ўдзел у вайне на Данбасе і штурме Пальміры ў Сірыі. Сярэдні месячны аклад байца гэтай структуры — 250 тысяч расійскіх рублёў (больш за 4000$). Кампанію фінансуе ўплывовы бізнэсовец з блізкага атачэння Пуціна Яўген Прыгожын. Перад адпраўкай на Данбас і ў Сірыю наймітаў трэніруюць на базе спецназу пад Краснадарам. Дакладную колькасць загінулых у Сірыі Мінабароны РФ не называла ў тым ліку таму, што не ўлічвала гэтых «жаўнераў удачы».

Паступова Крэмль пачаў рабіць захады, каб легалізаваць сваіх байцоў за мяжой. У снежні 2016 года Пуцін падпісвае закон «Аб воінскай павіннасці і вайсковай службе», які дазваляе накіроўваць расійскіх вайскоўцаў за мяжу для ўдзелу ў міратворчых і антытэрарыстычных аперацыях на аснове кароткатэрміновага кантракту. А сёлета 8 кастрычніка Пуцін падпісвае ўказ, што надае такія ж магчымасці замежнікам.

Дэ-юрэ грамадзяне Беларусі цяпер могуць уступаць у шэрагі войска РФ і ваяваць у гарачых кропках — расійскі закон, у адрозненне ад беларускага, яны такім чынам не парушаюць.

Чаму байцы «ЧВК Вагнера» сёння могуць легальна прысутнічаць у Сірыі? У чэрвені гэтага года пецярбургскае выданне «Фонтанка» даведалася: паміж Міністэрствам нафты і прыродных рэсурсаў Сірыі і Мінэнерга РФ была заключаная дамова, паводле якой расійскае ТАА «Еўраполіс» абавязуецца вызваляць ад праціўнікаў Асада нафтавыя і газавыя радовішчы, адбудоўваць іх і ахоўваць. Як высветлілі журналісты тэлеканала РБК, «Еўраполіс» шчыльна звязаны з Прыгожыным, а таксама з «ЧВК Вагнера» і мае ў Сірыі афіцыйна зарэгістраванае прадстаўніцтва.

Магчыма, менавіта праз такую «будаўнічую кампанію» беларус Аляксей Ярашэвіч трапіў на сірыйскую вайну.

***

Belsat.eu паспрабаваў звязацца са сваякамі Аляксея — яны жывуць у Гомлі. Аднак тыя пакуль не гатовыя кантактаваць з прэсай.

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера