Знайсці
11.10.2017 / 14:3419РусŁacБел

Чаму «свядомая гісторыя» мае будучыню

Піша гісторык Антон Лявіцкі.

На kyky.org выйшаў артыкул магістра філасофіі Андрэя Цяцёркіна, у якім ён востра крытыкуе «свядомую» гісторыю. На ягоную думку, Беларусі непатрэбна мінулае, каб стаць «сучаснай еўрапейскай краінай». Пара «чэрпаць паэзію з будучыні», заклікае крытык.

Цяцёркін аргументуе як філосаф: цытуе адпаведных аўтараў, ажно да Гегеля. Ягонае падставовае меркаванне паходзіць ад левай традыцыі — а праз яе ўзыходзіць да Асветніцтва.

Як і працытаваны ім Карл Маркс, Цяцёркін лічыць, што адзіная вартасць мінуўшчыны — гэта вытворчасць кашмару, які ў выглядзе традыцый пануе над жывымі. Забабоны цёмных стагоддзяў супярэчаць прагрэсу, бо «надбудова» наогул адстае ад прагрэсу «базісу».

Цяцёркін не робіць сабе клопату з тым, каб неяк абгрунтаваць гэтую ўстаноўку. А між тым, пасля 1789 года еўрапейскае мысленне ставілася да гэтай тэмы не так адназначна. Напрыклад, Эдмунд Бёрк, рэагуючы на крывавы досвед рэвалюцыі, вылучыў думку аб тым, што калектыўны дагавор — крыніца дэмакратычнай палітычнай сістэмы, — у сапраўднасці заключаецца паміж мёртвымі, жывымі і тымі, хто яшчэ народзіцца.

Гэтая думка толькі на першы погляд выглядае недарэчна-метафізічнай і антымадэрнай. У сапраўднасці яна дазваляе абгрунтаваць неабходнасць шанаваць Курапаты ці зразумець сучасную нямецкую культуру памяці, якая стала асновай для развіцця краіны.

Наогул, яшчэ Эрык Габсбаўм паказаў, што мінуўшчына — у выглядзе вынайдзеных традыцый, — была важным рэсурсам стварэння сучаснасці ў ХІХ стагоддзі дый пазней. Цікавыя філасофскія разважанні аб важнасці гістарычнага досведу для функцыянавання мадэрнасці прапанаваў беларускі філосаф Уладзімір Фурс.

У артыкуле «Беларускі праект сучаснасці?» ён даводзіў, што сучаснасць функцыянуе як сутыкненне рэальнага гістарычнага досведу ці ягоных азначэнняў і вобразаў будучыні. Гэта лагічна, і гэта наогул — элемент прафесійнай «пазіцыі гісторыка»: паэзія будучыні жывіцца мінуўшчынай. Бо апошняя мае не толькі не супастаўны з іншымі абсягамі творчасці (мастацтва, літаратура, кіно) запас вобразаў, але і валодае адмысловай легітымнасцю (яна адлюстраваная, напрыклад, ва ўяўленні пра «ўрокі гісторыі»).

У чым розніца паміж свядомай і нацыянальнай гісторыяй?

У прынцыпе, з вышэй сказаным мог бы пагадзіцца і Цяцёркін. У такім разе ягоны артыкул тады не давядзецца перапісваць занадта шмат. Ён проста будзе аспрэчваць канкрэтна беларускую гісторыю — дакладней, яе «свядомы» варыянт.

Галоўная праблема тут палягае ў паняццях, якія Цяцёркін выбраў, каб вылучыць аб’ект сваёй крытыкі. Слова «свядомы» паходзіць са слоўніка Аляксандра Лукашэнкі, прычым яно мае выразна адмоўны сэнс. З пункту гледжання элементарнай рацыянальнасці, гэта непрадукцыйная стратэгія. Паколькі «свядомая» гісторыя» не мае яснага азначэння, Цяцёркін — і любы іншы аўтар — можа адвольна напаўняць яе зместам.

Так і зроблены разгледжаны артыкул. Цяцёркін на ўласны розум падабраў тэксты для цытавання, і гэта вельмі сумнеўная выбарка: побач з Тарасам і Дзеружынскім у ёй апынуліся Шыбека і Дубавец. Гэта вельмі розныя аўтары, і іхнае гвалтоўнае аб’яднанне цяжка растлумачыць.

Між тым існуе вялікая літаратура аб тым, як асобныя краіны і нацыі ўяўляюць сваю мінуўшчыну. У гэтай літаратуры ўжываюцца адпаведныя паняцці. Напрыклад, нацыянальная гісторыя. Ужыванне гэтага паняцця дазволіць унікнуць, з аднаго боку, цьмянасці ў вызначэнні тэмы, з іншага — мець на ўвазе шырэйшы даследчы кантэкст.

Нацыянальная гісторыя і яе дасягненні

Такое ўдакладненне паняццяў дазволіць убачыць, што Цяцёркін крытыкуе пераважна маргінальныя дамены пэўнай сацыякультурнай з’явы. Між тым нацыянальная гісторыя ў Беларусі — вялікі кангламерат (ці, як сказаў бы Тамаш Грыб, «агрэгат») устаноў, прафесійных груп, наратыўных корпусаў. У тэрмінах П’ера Бурд’ё яе можа назваць полем, а ў слоўніку Мішэля Фуко — дыскурсіўнай фармацыяй.

Наноў вызначаная перспектыва дазваляе ўбачыць зусім іншую «гісторыю нацыянальнай гісторыі», нават калі казаць толькі пра апошнія трыццаць гадоў. Безумоўна, у ёй шмат паражэнняў, хібаў (пра іх пісаў, напрыклад, Братачкін). Але яна мела таксама істотныя поспехі.

Такая перспектыва патрабуе больш работы і пільнасці, але ўзычае не меншую магчымасць для стварэння крэатыўнага расказу з дэмакратычным пасылам. Яе можна аснасціць таксама сучаснымі паняццямі і паназіраць, як яны працуюць.

Дзейнасць Міхася Біча і ягоных калегаў, якія ў 1990—1991 гадах распрацавалі новую канцэпцыю школьнага курса, можна разглядаць як антыкрызісны менеджмент. Яшчэ ў канцы 1980-х гісторыя БССР была вартым жалю беззмястоўным падручнікам.

Задача змяніць гэтую сітуацыю патрабавала каласальнага намагання, найперш — арганізацыйнага. Безумоўна, гэты праект быў ажыццёўлены з моцнымі інтэлектуальнымі выдаткамі; але ягоная рэалізацыя не была чымсьці самавідавочным.

Бо важна памятаць, што ў ХХ стагоддзі беларуская нацыянальная дзяржаўнасць была крайне нестабільнай. Культурная палітыка менскіх і мінскіх урадаў рэгулярна змянялася. Яшчэ нават у 1995-м Лукашэнка быў пастанавіў вярнуць савецкія школьныя падручнікі ў школы. Што гэта значыла для канкрэтных людзей, можна даведацца з артыкула Алега Груздзіловіча «Міністэрства адукацыі адукавалі» (Свабода, 23.09.1995).

Парадокс Фурса

Ідэя аб тым, што нацыянальная гісторыя можа замінаць дэмакратыі і будучыні, мае права на існаванне, яна можа быць слушнай. Сапраўды, гэта яшчэ мала даследаванае пытанне.

Напрыклад, які вобраз нацыі падзяляў і пашыраў Караткевіч? Або Тарасаў? Наколькі адэкватная, змястоўная, арыгінальная канцэпцыя гісторыі Беларусі, якая перажыла 90-я гады і ў змененым выглядзе захавалася да сёння? Як — з перспектывы дэмакратыі і мадэрнасці — можна ацэньваць пашырэнне ўяўленняў пра Вялікае Княства Літоўскае як пра частку гістарычнага досведу беларусаў?

Гэтыя пытанні, аднак, немагчыма рашыць, з жарсцю цытуючы Тараса ці Дзеружынскага. Яны, зрэшты, таксама могуць быць аб’ектам даследавання; але іх трэба спярша адэкватна «лакалізаваць». І наогул, трэба мець на ўвазе логіку масавага грамадства і папулярнай культуры; як заўважаў Алесь Белы, ступень дэталізацыі гістарычных ведаў — у школьным курсе, інтэлектуальных дыскусіях ці ў general knowledge — заўсёды будзе рознай.

У гэтым сэнсе нельга не ўспомніць парадаксальны вывад Фурса ў вышэй цытаваным артыкуле. Заходнік, ліберал, выкладчык ЕГУ Фурс ставіць пытанне аб тым, хто на сёння (тэкст напісаны ў канцы 2000-х) у Беларусі можа рэпрэзентаваць «ідэю Еўропы» (г. зн.,мадэрнасць). І даваў адказ: этнічны нацыяналізм.

Гэта была, аднак, не схаластычная думка. Сам Фурс лічыў, што важнай умовай развіцця беларускага праекта сучаснасці з’яўляецца «артыкуляцыя супольнага сацыяльнага ўяўнага», у ходзе якой павінны ўзгадняцца і дапасоўвацца пазіцыі розных груп і плыняў.

Менавіта ў гэтым кантэксце відаць вартасць артыкула Цяцёркіна. Ён паказвае, як у абмеркаваннях і камунікацыі адбываецца фарміраванне новай беларускай нацыі. Часткай гэтага працэсу з’яўляецца спрэчка аб нацыянальнай гісторыі.

Ейны змест, безумоўна, зменіцца. Магчыма, радыкальна. Але ў новую нацыянальную гісторыю ў якасці сюжэту павінна ўвайсці яе апошняя версія. Як важная частка досведу дынамічнай распрацоўкі беларускай сучаснасці.

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера