Знайсці
04.10.2017 / 22:5319РусŁacБел

Хіба кавы, Харэўскі?

5 кастрычніка нашаніўцу, мастацтвазнаўцу, гісторыку Сяргею Харэўскаму спаўняецца 50 гадоў.

Цяжка пісаць пра Харэўскага, бо трэба адлегласць для аб'ектыўнага бачання маштабу, трэба, так бы мовіць, гады адчужэння. А гэтай адлегласці неяк ніколі не было.

Харэўскі быў і застаецца для нас, маладзейшых нашаніўцаў, самым блізкім з пакалення тых мэтраў, якія, як толькі развіднела, на досвітку беларускай незалежнасці аднавілі ў Вільні першую беларускую газету. 

Калі ў газеты можа быць душа, якая жыве стагоддзе, па-за часам, незалежна ад кадравых і палітычных зменаў, дык на сённяшнім этапе яе носьбітам з’яўляецца Харэўскі.

Успаміны Аляксандра Уласава, чытаныя не ўслых, гучаць у маёй галаве голасам і інтанацыямі Харэўскага.

Пра голас, густы барытон, варта сказаць асобна. Сяргей неяк пераказваў выпадак, як шчуплым 14-гадовым школьнікам прыйшоў у «Майстроўню», у беларускі хор — і адразу трапіў у самыя нізкія галасы. Яго сакавіты тэмбр пазнаюць і слухачы незалежных радыё.

Харэўскі мастак.

Ён прыходзіць, просіць ліст добрай паперы і адным чорным стрыжнем за дваццаць хвілін малюе вобраз, які прымушае зайграць сухаваты тэкст. Пане Каханку з келіхам і загібеллю цэлай Рэчы Паспалітай у вачах.

Соф’я Валадараўна, дацкая каралева з каменнымі сківіцамі… Некаторыя яго малюнкі — такі сакрэт Полішынеля — увайшлі ў энцыклапедыі як рэальныя партрэты гістарычных асоб. Напрыклад, тэарэтык-артылерыст Казімір Семяновіч у высокім капелюшы…

Харэўскі эрудыт. Ён дае імгненны ўпэўнены адказ на самае нечаканае пытанне, датычнае беларускага мастацтва, народнай культуры, мастакоўскіх лёсаў, жыцця ў цэлым. Артыстычная прага спакушае яго зрабіць нейкую прыгожую гісторыю ці дэталь яшчэ больш дасканалай, завершанай.

Харэўскі кулінар. Ён бярэ з лядоўні пельмені і смажыць іх на рэдакцыйнай кухні ў нейкім неймаверным кітайскім кісла-салодкім соўсе. Або там жа, познім вечарам, варыць каларыйны суп для стаяльцаў Плошчы-2006. Суп разальюць па тэрмасах, і жанчыны аднясуць іх, схаваўшы пад паліто…

Хіба, кавы? Фірмовы рэцэпт: з перцам, драбком цукру, палітым хлебнай акавітай і з шчопцем кмену, кінутым зверху, на свежую пену. Кава па-паўстанцку. Пад бясконцую выштукаваную размову пра ўсё і ўсіх. Нібы рвеш стоп-кран, спыняеш мільгаценне навін, якіх заўтра не ўспомніць ніхто, і выходзіш з электрычкі пад шаты векавых ліпаў. Дзе 50 гадоў — як адзін дзень. І наадварот. Некалі будзе час на гэта. Я спадзяюся.

З днём народзінаў, дружа.

Андрэй Скурко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930