Знайсці
03.10.2017 / 21:2061РусŁacБел

Ад рэдактара: чаму пра Каталонію — гэта важна

Чаму «НН» так шмат пісала пра Каталонію гэтыя дні? Некаторыя (Пальчыс, Кім, Матолька) гэта крытыкавалі. Патлумачу.

Прычыны не толькі эмацыйныя: беларусам самім яшчэ памятная барацьба за незалежнасць, складанае змаганне, выніку якога немагчыма прадказаць. І не проста памятная — яшчэ не закончаная гэтая барацьба для нас.

Ёсць прычына медыйная. Гэта цікава многім людзям, бо сітуацыя рэдкая: народ спрабуе аддзяліцца ў дэмакратычнай дзяржаве Еўрасаюза.

І ёсць прычына палітычная. Тыя кажуць: будучыня — за інтэграцыяй, нашто гэтыя асобныя мовы, асобныя краіны. А вось маем: заможная Еўропа, усе правы, свабода, а народ хоча мець сваю асобную дзяржаву. Прычым з гадамі гэтае імкненне толькі нарастае.

Чаму для беларусаў вырашэнне каталонскага пытання таксама важнае? Бо і нашаму народу выгадна, каб Еўропа была Еўропай нацый, а не Еўропай імперый.

Ёсць чаго нам павучыцца ў каталонцаў і ў пытаннях тактыкі. Для здабыцця незалежнасці, для вырашэння звышзадачы там аб’ядналіся левыя і правыя — кансерватары, лібералы і левыя радыкалы. Калі б гэтыя тры сілы не сфарміравалі адзіную кааліцыю, яны б не здолелі стаць большасцю ў парламенце і дабіцца рэферэндуму.

Павучальная і іх выйгрышная стаўка на ненасілле.

Многія не падтрымліваюць Каталоніі проста таму, што яе падтрымлівае махавік расійскіх СМІ. Паслухайце, Расія ў дадзеным выпадку вырашае свае дробненькія злабадзённыя задачы — легітымацыя Крыма, Асеціі і г.д. Расія, дзержыморды расійскія прыўладныя, таксама тупа падтрымліваюць усё, што, на іх думку, узмацняе супярэчнасці ўнутры ЕС, часам не вельмі разумеючы сутнасці ўнутрыеўрапейскіх працэсаў сваім палітрукоўскім ай-к’ю (і тым лепш). Але гэта іх парадак дня, не наш.

У Беларусі няма свайго Крыма, няма сваёй Абхазіі, у нас цэльная і адзіная краіна. Калі нас праглынуць, то праглынуць цалкам. Аднак нас не лыгнуць, калі Еўропа будзе Еўропай нацый. І цяжанька ж будзе нам, калі Еўропа зноў стане Еўропай імперый.

Вось чаму НН сочыць у тым ліку за Каталоніяй.

Андрэй Дынько

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930