Знайсці
02.10.2017 / 19:165РусŁacБел

«Сказалі, што калі буду маўчаць — пасадзяць»: Ігар Комлік пра сваю справу

Бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік, які знаходзіўся ў ізалятары на Валадарскага па крымінальнай справе аб нясплаце падаткаў, вызвалены пад падпіску аб нявыездзе.

фота з фэйсбука Алеся Бяляцкага

Нагадаем, 2 жніўня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю камп'ютараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюза РЭП і цэнтральнага офіса БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комлік заставаўся пад вартай.

Ігар сказаў пару слоў «Нашай Ніве» пасля свайго вызвалення.

«Ставіліся там да мяне нармальна, не катавалі, — пасмяяўся бухгалтар РЭП. — Я адразу адмовіўся ад дачы паказанняў. У мяне некалькі разоў пыталіся, ці я разгаваруся. Пагражалі, што калі буду маўчаць — пасадзяць. Але закон прадугледжвае магчымасць адмовы ад дачы паказанняў. Зрэшты, і са следчым мы бачыліся не так часта, я проста сядзеў. Успрымаю гэта як форму ціску на мяне. Вось выпусцілі, але справу не закрылі — я пад падпіскай пакуль, у чацвер на сустрэчу са следчым».

Комлік жартуе, што, па аналогіі з вядомым лозунгам «На свабоду — з чыстым сумленнем», ён прыйшоў «на нары з чыстым сумленнем».

«Справа відавочна скіраваная на тое, каб пазбавіцца ад незалежнага прафсаюза. Калі мяне затрымалі і сталі задаваць пытанні, то для мяне гэта адразу стала ясна. А як затрымалі? Выходзіў з дома на работу, ішоў да машыны — думаў ехаць на дачу, разам са мной да машыны падышлі следчыя, запатрабавалі прайсці для вобшуку, правялі, ну і ўсё…» — сказаў Ігар.

«Далейшыя планы — працаваць. У нас адна задача: мы працавалі, каб людзі нармальна жылі і рабілі. І будзем працаваць над гэтым далей. Я ашчадзіў сіл, бо рабіць нічога не трэба было. Цяпер з новай энэргіяй, як гаворыцца. Цешыла, што прыходзіла шмат лістоў падтрымкі, адказваў. А так… спалі, елі, гаманілі. Там у большасці прадпрымальнікі сядзелі: за махлярства, падаткі».

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера