Знайсці
02.10.2017 / 12:5114РусŁacБел

Шматдзетная сям'я не набывае прадукты ў краме і вучыць рабіць тое ж іншых

10 месяцаў таму ў Калодзішчах запрацаваў клуб карысных парад «Панадворак».

Штомесяц на базе Брацтва святых віленскіх пакутнікаў збіраюцца беларусы з розных куткоў краіны, неабыякавыя да таго, што трапляе ім у рот, а таксама да будучыні вёскі.

На сходах яны дзеляцца досведам па вырошчванні лаванды, трускалак, вучацца збіраць зёлкі… А ў будучыні хочуць аб’яднацца ў кааперацыю, каб рэалізоўваць сваю эка-прадукцыю сістэмна і ў большых аб’ёмах.

Ідэя распачаць такі карысны гурток па інтарэсах прыйшла ў галаву Міколу Матрунчыку — бацьку чатырох сыноў і дачкі, карэннаму мінчаніну. Пакаленне яго мамы і таты ўжо не працавала на зямлі. А вось яго і жонку ў нейкі момант пацягнула ў вёску.

Мікола Матрунчык.

Мікола мяркуе, што шмат у чым на гэта паўплывала філасофская адукацыя: ён скончыў аддзяленне філасофіі гістфака БДУ.

«Я зразумеў, што ўсё створанае чалавекам патрабуе далейшых высілкаў, каб гэта падтрымліваць: дом трэба рамантаваць, машыну таксама. Толькі прырода — адзіная ў свеце можа сама сябе выратаваць, калі яе не чапаць», — разважае філосаф.

Але цалкам перайсці на экалагічныя прадукты яны з сям’ёй вырашылі не толькі таму, што захапляюцца наваколлем.

«У краме прадукты зусім не набываем»

Гадоў пяць таму Міколу паставілі дыягназ панкрэатыт (запаленне падстраўнікавай залозы). Яму давялося адмовіцца шмат ад якіх страў. Паступова сям’я ўсё часцей адмаўлялася ад ежы з крамы і гатавала выключна з таго, што вырошчвалі самі. Пасля такіх змен у харчаванні згасла і хвароба.

Матрунчыкі пасяліліся ў вёсцы Караліна. За некалькі гадоў яны наладзілі ў сваёй гаспадарцы поўны рэцыклінг. На 43 сотках зямлі пасадзілі лес, пачалі разводзіць і каліфарнійскіх чарвякоў, і перапёлак з трусамі. Гаспадары імкнуліся стварыць натуральны харчовы ланцужок, і ў іх атрымалася.

Зразумела, яны не выкарыстоўваюць хімікаты. Усякія дабаўкі Матрунчыкі параўноўваюць з наркотыкам: чым больш кідаеш іх у глебу, тым больш яна будзе патрабаваць надалей, і без допінгу не будзе прыдатнай.

«Самым складаным было вынайсці той алгарытм, які б штодзень дапамагаў хутка закрываць бягучыя праблемы», — кажа Мікола. Цяпер гаспадары вырошчваюць і нут, і лянок, і шыпшыны з барбарысам ды дакладна ведаюць, што самыя лепшыя ўгнаенні — ад трусоў. Сёння сям'я дзеліцца сваёй біякрафтавай прадукцыяй яшчэ з 50 сем’ямі і перадае здабытыя веды іншым зацікаўленым.

«З правінцыі ўсе імкнуцца ў Мінск, а разумныя мінчукі, наадварот, у вёскі»

Сёння на сходы клуба прыходзіць каля 20 чалавек. Кожная сустрэча прысвячаецца пэўнай тэме, падчас якой адзін з чальцоў становіцца вядучым, бо з’яўляецца майстрам у сваёй галіне. Ёсць тут і бортнікі, і ландшафтныя дызайнеры, і цесляры з ёгамі.

Сярод прысутных таксама шмат вегетарыянцаў. Ёсць тыя, хто толькі марыць пра ўласную зямлю з гаспадаркай і прыйшоў вучыцца. Для такіх людзей коўч-трэнер Яўген Бойка нават ладзіў майстар-клас па самавызначэнні.

Коўч-трэнер Яўген Бойка дапамагае ўдельнікам клуба вырашыць, які бізнэс ім пасуе.

Шмат хто мэтанакіравана перабраўся з горада бліжэй да прыроды. І хоча ў гармоніі з ёй ствараць карысныя іншым людзям рэчы, у ідэале — пабудаваць на гэтым бізнэс. Нехта толькі на пачатку шляху, а іншыя — прафесіяналы сваёй справы. Да прыкладу, Наталля Чалянко не першы год займаецца аромакасметыкай: сама здабывае і рэалізоўвае грэцкае, сланечнікавае, абрыкосавае і іншыя віды алеяў. Лора Мінтэль, здаецца, ведае ўсё пра кветкі, а Іна Кахно — адна з найлепшых у Беларусі ландшафтных дызайнераў.

У Еўропе ды і ў нас крафтавая прадукцыя набывае ўсё большую папулярнасць сярод тых, хто дбае пра здароўе сваё і сваякоў. Гэта бачаць удзельнікі клуба, аднак утрымацца дробным гаспадаркам у нас няпроста.

Па-першае, без праблем рэалізоўваць прадукцыю можна толькі на кірмашах і сярод сяброў-знаёмых. Па-другое, у сітуацыі, калі ўсё арыентавана на агракомплекс, звычайнаму гаспадару, які ніякім чынам не звязаны з калгасам, досыць складана набыць, напрыклад, зерне па даступнай цане.

Спадар Мікола лічыць, што для таго, каб дробная гаспадарка развівалася, патрэбная спецыяльная дзяржаўная праграма па яе падтрымцы, але той жа закон аб арганічным земляробстве пакуль завіс у паветры.

«Складваецца ўражанне, што дзяржаву не цікавіць сваё. Мы выкарыстоўваем старыя метады працы, але яны ўжо не актуальныя. Бачна, што тая ж схема з аграгарадкамі сябе не апраўдала — яны знікаюць на вачах. У ідэале патрэбная новая дзяржпраграма кшталту еўрапейскай «Новай вёскі». Неабходна яшчэ раз прааналізаваць, што трэба зрабіць, каб вёскі зусім не зніклі, бо гэта ж не толькі харчаванне, але і наша культурная спадчына», — лічыць Мікола.

Пакуль гэтага няма, яны збіраюцца вось так, сваім клубам, кожны першы чацвер месяца, працуюць над стварэннем кааперацыі і запрашаюць ўсіх ахвотных далучацца.

Тавары для здароўя шукайце тут

Кацярына Карпіцкая

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930