Знайсці
09.10.2017 / 10:451РусŁacБел

Як пратрымацца да прыезду брыгады хуткай, калі ў вашага блізкага здарыўся інсульт

Мы ўжо расказвалі, як дзейнічаць пры інфаркце міякарда. Цяпер разам з намеснікам галоўнага доктара Першай цэнтральнай раённай клінічнай паліклінікі Цэнтральнага раёна Мінска Аленай Івановай тлумачым, як дапамагчы чалавеку пры інсульце, каб ён здолеў вярнуцца да нармальнага жыцця.

Ілюстрацыйнае фота з інтэрнэт-крыніц.

Што такое інсульт

Ёсць два віды інсульту: ішэмічны і гемарагічны. Ішэмічны ўзнікае ў выпадку вострага парушэння мазгавога кровазвароту, які правакуе закупорка аднаго з сасудаў, што сілкуюць частку мозгу. Гемарагічным інсультам называюць кровазліццё ў абалонкі мозгу.

Што вядзе да інсульту

Часцей за ўсё інсульты развіваюцца на фоне гіпертанічнай хваробы і атэрасклерозу мазгавых артэрый, а таксама калі ёсць захворванні сэрца.

Пры ішэмічным інсульце прычынай закупоркі сасуда часцей за ўсё становяцца тромбы, якія ўтвараюцца на буйных атэрасклератычных бляшках, або фрагменты саміх атэрасклератычных бляшак. Іншай прычынай могуць стаць спазмы (звужэнні) сасудаў на працягу доўгага часу.

Пры гемарагічным інсульце разрываецца мазгавы крывяносны сасуд, у выніку чаго адбываецца кровазліццё у бліжэйшыя тканкі. Часцей за ўсё гэта здараецца, калі ў хворага высокі артэрыяльны ціск.

Як пачынаецца інсульт

Гэта можа быць раптоўная слабасць ці знікненне адчувальнасці на твары, руцэ або назе, асабліва, калі гэта закранае адзін і той жа бок цела. У хворага можа рэзка пагаршацца зрок на адно ці на два вокі. Можа парушацца гаворка, чалавек можа з цяжкасцю разумець іншых. Хворы можа адчуваць галавакружэнне, губляць каардынацыю або раўнавагу. Пры гэтым можа з’яўляцца моцны галаўны боль. Апошняе — страта прытомнасці.

Твар хворага становіцца барвова-чырвоным, пульс — напружаным і запаволеным, дыханне — глыбокім, частым, нярэдка з хрыпатой, тэмпература цела падвышаецца, а зрэнкі перастаюць рэагаваць на святло. Часта адразу паралізуюцца канечнасці, твар становіцца асіметрычным. Пры гэтым паралізаваны бок заўсёды процілеглы агменю паразы ў мозгу.

Акрамя таго, часта сустракаецца так званая транзіторная ішэмічная атака (ТІА), гэта сігнал пра блізкі інсульт. Яе прычынай з’яўляецца часовае парушэнне мазгавога кровазвароту. Прыкметы ТІА такія ж, як і пры звычайным інсульце, але яны часовыя, пасля чаго ўсе функцыі арганізма аднаўляюцца.

Калі адбылася транзістарная ішэмічная атака, трэба адразу выклікаць «хуткую», паколькі цягам сутак атака можа яшчэ некалькі разоў паўтарыцца. Да далейшага лячэння і прафілактыкі інсульту варта паставіцца максімальна сур’ёзна.

Просты тэст, які дапаможа распазнаць інсульт

1. Папрасіце хворага ўсміхнуцца, паказаўшы зубы. Пры інсульце ўсмешка становіцца напружанай, падобнай на ашчэр, або крывой.

2. Прапануйце заплюшчыць вочы, падняць рукі ўгору і патрымаць іх так 10 секунд. Пры інсульце мышцы слабеюць, таму хвораму будзе цяжка гэта зрабіць.

3. Папрасіце выразна прамовіць просты сказ кшталту: «За акном свеціць сонца». Калі ўзнікнуць складанасці — гэта яшчэ адзін выразны сігнал.

4. І яшчэ — папрасіце хворага высунуць язык. Калі ён крывы або няправільнай формы, западае на нейкі бок — гэта таксама прыкмета інсульту.

Калі хаця б з адным з гэтых заданняў узніклі цяжкасці, неадкладна выклікайце хуткую і адразу падрабязна апішыце ўсе выяўленыя сімптомы, каб да вас накіравалі спецыялізаваную брыгаду.

Як вы можаце аказаць першую дапамогу

Калі ёсць усе прыкметы інсульту, вам трэба пратрымацца да прыезду брыгады хуткай дапамогі. Ад вашых дзеянняў залежыць жыццё чалавека. Чым больш аператыўна вы праведзяце ўсе неабходныя маніпуляцыі, тым больш у хворага шанцаў ачуняць.

1. Яшчэ раз — неадкладна выклікайце хуткую. Гэта трэба зрабіць неадкладна. Парушэнне мазгавога кровазвароту найбольш эфектыўна лечыцца ў першыя тры гадзіны. Не губляйце час.

2. Калі інсульт здарыўся ў памяшканні, папрасіце ўсіх выйсці з пакоя, дзе знаходзіцца хворы. Калі на вуліцы — папрасіце ўсіх расступіцца і не перашкаджаць прытоку свежага паветра. Побач павінны застацца толькі тыя людзі, якія могуць дапамагчы.

3. Не перамяшчайце хворага. Яго неабходна пакінуць там, дзе адбыўся прыступ.

4. Прыпадыміце верхнюю частку цела і галаву хворага прыкладна на 30 градусаў. Найлепш — падкласці некалькі падушак. Расшпіліце або здыміце ўсё адзенне, што замінае дыханню (пояс, каўнер, рэмень і гэтак далей).

5. Забяспечце прыток свежага паветра.

6. Памерайце артэрыяльны ціск. Калі ён павышаны (больш за 180 mmHg), дайце прэпарат, які хворы звычайна прымае.

7. Калі хворага ванітуе, павярніце яго галаву на бок — ваніты не павінны трапіць у дыхальныя шляхі. Калі гэта ўсё ж здарылася, паспрабуйце як мага больш старанна ачысціць ад іх рот, каб чалавек мог свабодна дыхаць.

8. Часам здараецца так, што інсульт суправаджаецца эпілептычнымі прыпадкамі. Прычым яны могуць ісці адзін за адным. Не панікуйце! Павярніце чалавека на бок і прытрымлівайце галаву хворага рукамі. Самае галоўнае ў гэтым выпадку — не прыціскаць чалавека. Яго трэба проста злёгку прытрымліваць і ўсё. І ўжо тым больш нельга падносіць нашатырны спірт. Наступствы могуць быць жудасныя — спыненне дыхання і смерць.

9. Можа здарыцца так, што ў пацярпелага спыніцца сэрца і дыханне. У гэтым выпадку трэба неадкладна пачаць рабіць непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне.

Як прадухіліць інсульт

Прыкладна палову інсультаў можна папярэдзіць, таму што многія фактары рызыкі кантралююцца:

  • Павышаны артэрыяльны ціск (вышэй за 140/90 мм рт.сл.)
  • Мігацельная арытмія (парушэнне рытму сэрца, якое прыводзіць да з’яўлення тромбаў у паражнінах сэрца)
  • Цукровы дыябет без неабходнага лячэння
  • Павышаны ўзровень халестэрыну
  • Курэнне
  • Злоўжыванне алкаголем
  • Атлусценне
  • Атэрасклероз сонных ці каранарных артэрый

Для прафілактыкі інсульту вельмі важна сачыць за артэрыяльным ціскам і ўзроўнем халестэрыну, лячыць цукроўку і кантраляваць узровень глюкозы ў крыві, не паліць, займацца фізічнымі практыкаваннямі і падтрымліваць нармальную вагу цела.

Акрамя таго, у якасці мер па прафілактыцы інсульту і інфаркту міякарда можна рэгулярна прымаць аспірын у малых дозах (75-150 мг/сут). Тады ён дзейнічае як прэпарат, які разрэджвае кроў і, адпаведна, папярэджвае ўтварэнне тромбаў. Аднак лепш параіцца з доктарам, перш чым пачаць рэгулярны прыём аспірыну ды і любога іншага прэпарата.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера