Знайсці
26.09.2017 / 20:2738РусŁacБел

Падлетак з Воранава прызнаўся, што забіў маці самаробным мячом. Бо яна не дазволіла яму жыць з дзяўчынай?

25 верасня ў мястэчку Воранава, што на Гродзеншчыне, адна з супрацоўніц мясцовага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паведаміла ў міліцыю пра працяглую адсутнасць 40-гадовай калегі. Ларыса была ў адпачынку, але ёй некалькі дзён не маглі дазваніцца — тэлефон быў выключаны.

Ларыса М.

Міліцыя пачала шукаць жанчыну. Неўзабаве высветлілася, што яе забілі. Галоўны падазраваны па справе — 17-гадовы сын Руслан.

«Падчас правядзення следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў 17-гадовы сын зніклай жанчыны зрабіў заяву аб тым, што 19 верасня зрабіў забойства маці, нанёсшы ёй некалькі ўдараў па галаве самаробным мячом», — распавялі ў Следчым камітэце.

Пасля гэтага ён паказаў месца, дзе схаваў у хмызняку цела — там і была выяўлена мёртвая жанчына.

Хлопца затрымалі, цяпер ён у знаходзіцца ў мясцовым СІЗА. Яго 14-гадовага малодшага брата забралі органы апекі.

«Некалькі дзён ніхто не выходзіў на сувязь: ані Ларыса, ані яе муж Анатоль, ані сын… Мы падумалі, што, можа, яны паехалі куды адпачываць усёй сям’ёй, — распавяла «Нашай Ніве» Вікторыя, пляменніца загінулай. — Пасля выпадкова пабачылі ў сацсетках допіс сяброўкі Ларысы… Высветлілася, што Ларысы больш няма».

Сваякі кажуць, што адносіны ў сям’і былі нармальныя — ніхто не разумее, як магла адбыцца такая бяда. Ларыса, якая ў свой час скончыла Гомельскі медыцынскі каледж (яна родам з-пад Гомеля, з вёскі Дабрынь), працавала памочнікам гігіеніста ў мясцовым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Муж ездзіў працаваць у Расію. Дарэчы, у ноч забойства яго не было дома, быў у Расіі — цяпер вяртаецца хаваць жонку.

Руслан вучыўся на 3 курсе мясцовага прафесійна-тэхнічнага каледжа на трактарыста-машыніста. Летам падпрацоўваў у складзе працоўных брыгад ад БРСМ — палоў буракі пад вёскай Кужы.

Руслан — 17-гадовы сын Ларысы.

«Пра яго ніхто з педагогаў нічога дрэннага сказаць не можа. Адэкватны малады чалавек. Культурны. Разумны, вучыўся вельмі добра — нават удзельнічаў летась у конкурсе «Вучань года», — распавёў «Нашай Ніве» Сяргей Дубок, куратар групы Руслана з каледжа.

Але некаторыя блізкія сябры Руслана лічаць, што прычынай трагедыі маглі стаць яго рамантычныя адносіны з 16-гадовай Каралінай, таксама навучэнкай таго ж каледжа. Маладзёны пазнаёміліся вясной і неўзабаве закахаліся.

«Яны ў маі пазнаёміліся. Але я таго Руслана не бачыла аніводнага разу. Не ведаю, што ён за чалавек», — расказала «Нашай Ніве» Данута, маці Караліны.

Адзін з сяброў Руслана распавёў, што ў пары былі вялікія планы.

«Я некалькі дзён таму бачыў Руслана з Каралінай — у іх на руках былі пярсцёнкі, падобныя да шлюбных. Ажаніцца яны не маглі, але Руслан казаў, што хоча здабыць фальшывую даведку ад гінеколага, нібыта Караліна цяжарная — каб ім дазволілі пабрацца шлюбам», — сцвярджае хлопец.

Караліна, каханая Руслана

Дарэчы, старонка Караліны ў сацсетках запоўненая Русланам і цытатамі пра каханне з разнастайных паблікаў. Дзяўчына змяніла ў сеціве сваё прозвішча на прозвішча Руслана і нават пазначыла сямейнае становішча: «у грамадзянскім шлюбе з Русланам». Пад імем самой Караліны стаіць статус: вялікімі літарамі «РУСЛАН». Пасля кожнай літары — сардэчка.

Сябар Руслана кажа, што хлопец планаваў жыць разам з Каралінай, хацеў, каб дзяўчына пераехала да яго, але маці была супраць гэтай ідэі. Але ў гэтай гісторыі хапае незразумелых момантаў.

«Руслан казаў мне, што яго маці знікала на тыдзень ці два. Гэта было яшчэ да забойства. Ён казаў, што не ведаў, дзе яна, казаў, што збіраецца ісці ў міліцыю, каб яе пачалі шукаць, — сцвярджае сябар Руслана. — Я не ведаю, калі яна знайшлася і чаму яны пасварыліся, дый увогуле, ці сварыліся. Але, магчыма, гэта было звязана з планамі Руслана на сямейнае жыццё».

Куды знікала Ларыса, маці хлопца, невядома. Як невядома і ці знікала яна ўвогуле. Варта адзначыць, што знаёмыя і сваякі сям’і кажуць, што праблем з алкаголем у жанчыны не было.

Але ж сябар Руслана сцвярджае: хлопец расказваў, што Караліна ўжо некалькі разоў заставалася ў яго ночыць. Пра тое, што дзяўчына часам праводзіла ноч не дома, кажа і маці Караліны. Але, запэўнівае яна, бацькі думалі, што Караліна начуе ў сваякоў.

«У тую ноч, калі адбылося забойства, мая дачка была дома, нікуды не выходзіла. Адзінае, што гаварыла з Русланам па тэлефоне. Пра што гаварылі, я не ведаю», — кажа маці Караліны.

Па словах Дануты, калі затрымалі Руслана, яе дачку забіралі ў міліцыю з вучобы. Размаўлялі з 16-гадовай дзяўчынкай без бацькоў. Пра што — Данута таксама не ведае. Вядома толькі, што ў Караліны міліцыянты забралі мабільнік.

Вось што расказала «Нашай Ніве» сама Караліна.

«Руслан мне проста пазваніў ноччу, каля паловы на першую. Напалохана так кажа: не хвалюйся, я маці забіў. Я спужалася… Спытала — чым? Ён сказаў, што самаробным мячом, — узгадвае Караліна. — Пасля спісаліся праз «Укантакце». Я спытала пра цела, Руслан сказаў, што зацягнуў у лес. Сказаў мне, каб я нікому не гаварыла пра забойства. Я і маўчала…

Пасля мы бачыліся. Руслан быў вельмі напалоханы. Я казала яму, што трэба ісці здавацца ў міліцыю, ён адказваў, што праз тры тыдні пойдзе. Чаму менавіта праз тры тыдні, я не ведаю».

Хлопца затрымалі раней, чым ён вырашыў здавацца.

«Што дакладна там здарылася паміж ім і маці, я не ведаю. Можа, і сапраўды яны пасварыліся. Ёй не вельмі падабаліся нашы адносіны з Русланам. Чаму — я не ведаю. Сям’я у іх нармальная, усё добра. Але ж, Руслан мне расказваў, што часта сварыўся з маці праз нашы з ім адносіны», — працягвае Караліна.

Па словах дзяўчыны, у яе з Русланам усё было сур’ёзна.

«Пазнаёміліся мы з ім 4 мая. Спісаліся Укантакце, сустрэліся… Закахаліся. Але жыць разам ён мне не прапаноўваў — гэта няпраўда. І пярсцёнкі мы адзелі проста так. Руслан вельмі хацеў, каб мы ажаніліся найхутчэй, але я лічыла, што яшчэ трохі рана. Пра даведку ад гінеколага таксама праўда — Руслан хацеў так зрабіць. Але я была супраць», — распавяла Караліна.

Яна таксама сцвярджае — маці Руслана сапраўды знікла кудысьці яшчэ да забойства.

«Яе не было два тыдні. Мы спрабавалі шукаць, ездзілі з Русланам на лецішча. Яе там не было. Я не ведаю, калі яна там знайшлася і дзе была, — расказала Караліна. — Але так, я таемна ад сваіх бацькоў начавала ў Руслана дома некалькі разоў, пакуль яго маці адсутнічала. Можа, ён пасля расказваў ёй пра гэта… Я не ведаю».

Цяпер Караліна праходзіць па крымінальнай справе як сведка. Яе каханы Руслан — падазраваны ў забойстве.

«Не ведаю, што далей рабіць. Напэўна, буду яго чакаць», — кажа дзяўчынка.

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031