Знайсці
26.09.2017 / 19:3412РусŁacБел

Эрдаган — курдам: Абвесціце незалежнасць — будзеце галадаць

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што калі ірацкі Курдыстан абвесціць незалежнасць пасля рэферэндуму, які прайшоў у панядзелак, то яго жыхарам пагражае голад, паведамляе ВВС.

Эрдаган абвінаваціў лідара Ірацкага Курдыстана Масуда Барзані ў «вераломстве», якое, на думку турэцкага прэзідэнта, выяўлялася ў правядзенні галасавання, нягледзячы на пярэчанні міжнароднай супольнасці. Па словах турэцкага прэзідэнта, рэферэндум аб незалежнасці Курдыстана «падтрымаў толькі Ізраіль».

Раней прэзідэнт Турцыі не выключыў таго, што Анкара перакрые трубаправод, які перапампоўвае ў порт Джэйхан нафту з тэрыторыі Іракскага Курдыстана. Таксама Эрдаган заявіў, што Анкара можа перастаць прапускаць грузавікі з іракскай нафтай праз мяжу з Турцыяй.

Улады Турцыі асцерагаюцца, што рэферэндум аб незалежнасці Іракскага Курдыстана падштурхне сепаратысцкія настроі сярод турэцкіх курдаў.

Вынікі галасавання, якое адбылося 25 верасня, яшчэ не абвешчаныя, аднак, паводле прагнозаў, большасць удзельнікаў галасавання выказаліся за незалежнасць Курдыстана.

Лідары іракскіх курдаў падкрэслівалі, што не маюць намеру неадкладна абвяшчаць незалежнасць Курдыстана нават у выпадку адпаведнага выніку рэферэндуму. Яны хочуць разглядаць волевыяўленне курдаў як мандат для перамоваў аб стварэнні курдскай дзяржавы з урадам Ірака і з суседнімі краінамі.

Прэм'ер-міністр Ірака Хайдэр Абадзі назваў рэферэндум незаконным і неканстытуцыйным.

Прадстаўнікі заходніх краін занепакоеныя тым, што плебісцыт у іракскім Курдыстане, які ўключае ў сябе цэнтр нафтаздабычы Кіркук, можа адцягнуць увагу ад барацьбы з баевікамі групоўкі «Ісламская дзяржава».

Суседзі Ірака — Турцыя, Іран і Сірыя — выступаюць супраць курдскага рэферэндуму, асцерагаючыся росту сепаратысцкіх настрояў сярод курдаў, якія пражываюць на іх тэрыторыі.

Кіраўнік Іракскага Курдыстана Масуд Барзані заяўляў, што адкладаць рэферэндум было немагчыма: пасля многіх гадоў ушчамлення інтарэсаў курдаў настаў час стварыць незалежную курдскую дзяржаву.

Рэферэндум праводзіўся ў трох населеных пераважна курдамі правінцыях на поўначы Ірака і на прылеглых да іх спрэчных тэрыторыях, якія знаходзяцца пад кантролем курдскага апалчэння, — на іх прэтэндуюць як курдская аўтаномія, так і цэнтральны ўрад Ірака.

Курды выступаюць за стварэнне ўласнай дзяржавы з канца Першай сусветнай вайны.

Курды складаюць ад 15 да 20% 37-мільённага насельніцтва Ірака.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031