Знайсці
26.09.2017 / 13:51РусŁacБел

Пераможца «Заспявай 4x4» будзе названы на канцэрце фіналістаў

Прэтэндэнты на перамогу ў конкурсе «Заспявай 4x4», гурты Helious, «Малала», K3tyvana і «Тутэйшыя», выступяць на супольным канцэрце ў клубе «ILI» 21 кастрычніка. Адмысловым госцем будзе адзін з пераможцаў мінулага конкурсу — гурт Leibonik. Квіткі ўжо ў продажы!

Фіналісты конкурсу маладых выканаўцаў прайшлі некалькі этапаў: праслухалі лекцыі ад адмыслоўцаў у музычнай сферы і папрацавалі пры падтрымцы сваіх ментараў над песнямі ўлетку, далі справаздачныя канцэрты, запісалі свае творы ў студыі і прэзентавалі іх слухачам на пачатку восені. Застаўся апошні этап — фінальны канцэрт, на якім будзе названы найлепшы з чатырох выканаўцаў. Пераможца атрымае грашовы прыз (1000 рублёў) і здымкі кліпа ад рэжысёра Арцёма Лобача, які рабіў кліпы J:Морс, Naka, Akute, The Toobes ды іншым беларускім выканаўцам. Журы конкурсу ацэніць гэтым разам вынікі адукацыйнай сесіі «Заспявай 4x4» і назаве выканаўцу, які найлепш выканаў творчую задачу і ўвабраў досвед, атрыманы на лекцыях, майстар-класах і ў студыі падчас конкурсу.

На перамогу ў «Заспявай 4x4» прэтэндуюць:

Гурт Helious

Гурт Helious Марыі Гаўрыленкі і Алiны Казачэнкі з песняй «Па неадступнасці» на словы паэткі Ніны Лістоты. «У ёй распавядаецца пра крызіс паміж дзяўчынай і хлопцам ці ўвогуле пра канец гэтых адносінаў. Яны завіслі кожны ў сваім сусвеце і ніяк ім адтуль не выбрацца. І, напэўна, кожны з іх чакае адно ад аднаго кроку, які ўратуе», — кажа Марыя. Дзяўчатам па 22 гады, яны вучацца ў Акадэміі мастацтваў. Разам выступаюць з 2016 году, калі заявіліся на конкурс фэсту «Бардаўская восень». Прадстаўляліся як дуэт Марыя&Аліна, але падчас навучальнай сесіі «Заспявай 4x4» узялі назву Helious.

Фолк-гурт «Малала»

Дзяўчаты з фолк-гурту «Малала» ўдзельнічалі ў фінале «Заспявай 4x4» з песняй-жартам «Кавуны пасохлі», песня-жарт, у якой спалучыліся словы народнай песні і аўтарскі тэкст Юліяны Шырмы. Аўтарка лічыць, што сэнс гэтага твору актуальны як для мінулага, так і для сучаснасці: «Кожная дзяўчына шукае каханне, але яно ходзіць не тымі сцежкамі. І тады даводзіцца браць ініцыятыву ў свае рукі ды займацца пошукамі. Але дзе ўсе падзеліся? У песеньцы якраз даецца гумарыстычная парада на гэты конт», — кажа Юліяна. «Малала» заснавалі студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2015 годзе. Іх творчасць ужо адзначылі на некалькіх творчых конкурсах, а сёлета ў лютым у КЗ «Верхні горад» гурт даў першы сольны канцэрт.

K3tyvana

Праект K3tyvana на чале з беларускай спявачкай грузінскага паходжання Кетэван Асраташвілі ў межах сесіі для фіналістаў «Заспявай 4x4» падрыхтаваў песню «Толькі джаз» на верш паэткі Дар’і Бялькевіч «Не музыка». «Мы вырашылі зрабіць твор у модным цяпер кірунку, бо хочацца, каб беларуская мова гучала крута і смачна, а галоўнае, каб яна была нормай, а не рэдкасцю», — кажа Кетэван. Акром яе у праект уваходзяць 23-гадовы клавішнік Васіль Мельнічак, які задзейнічаны таксама ў ансамблі «Верасы», ды 27-гадовы дыджэй Аляксандр Плют. Выступае праект і пашыраным жывым складам.

«Тутэйшыя»

Прэтэндуе на перамогу ў «Заспявай 4x4» таксама гурт «Тутэйшыя» з песняй «Навучы мяне жыць». «Гэта песня пра дзяўчыну, якая доўгі час была самотнай, чакала каханне, але калі яго атрымала, то для яе стала незразумелым: як з ім цяпер жыць. Бо бывае так, што ад кахання пачынаеш залежыць, існуе вялікая спакуса ў ім цалкам растварыцца, а гэта не развівае цябе як асобу, а хутчэй наадварот, спыняе развіццё», — так прадстаўляе сваю песню яе аўтарка Тацяна Казановіч, вядомая таксама і як паэтка. Яе гурт утварыўся ў 2014 годзе, грае ў стылях кантры, фолк-рок і поп-рок. Летась музыкі далі сольны канцэрт на тэатральнай сцэне.

21.10. Клуб «ILI» (пр.Незалежнасьці, 131/1). Канцэрт фіналістаў «Заспявай 4x4». Пры падтрымцы Leibonik. Квіткі — 8 руб. (папярэдне), 12 руб. (у дзень). Тэлефон для даведак: +375 29 687-20-93

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031