Знайсці
27.09.2017 / 09:4225РусŁacБел

Як у 1931-м у Глыбокім спалілі падатковую інспекцыю

Піша Кастусь Шыталь.

17 красавіка 1931 годзе пад раніцу ўзнік пажар у памяшканнях Скарбовага Ураду ў Глыбокім.

Скарбовы Урад («Urząd Skarbowy») займаўся вызначэннем і зборам падаткаў — то бок, рабіў тое, чым цяпер займаецца падатковая інспецыя. Ён займаў частку памяшканняў былога кляштара кармелітаў, дзе месцілася староства Дзісненскага павета (З 1919 да 1939 года цэнтрам Дзісненскага павета было Глыбокае). Пляц справа ад будынка царквы называўся Кармеліцкая плошча — такі быў афіцыйны адрас павятовых устаноў.

Віленская газета «Słowo» (№88 ад 18.04.1931) надрукавала навіну з загалоўкам: «Таямнічы пажар у Глыбоцкім Скарбовым Урадзе».

Нататка ў віленскай газеце «Słowo» (№ 88 ад 18 красавіка 1931 года) пра пажар у Глыбоцкім Скарбовым Урадзе.

«Учора пад раніцу ў Глыбокім у памяшканні Скарбовага Ураду, які месціцца ў будынку староства на Кармеліцкай плошчы, нечакана разгарэўся пажар. Пажар ахапіў увесь архіў, які змяшчаў дакументы прымусовага спагання і вымярэння падаткаў, якія згарэлі. Ужо павярхоўны агляд месца пажару даў падазрэнне, што найбольш праўдападобна, што агонь быў падкладзены і падпальшчык меў за мэту знішчэнне падатковых дакументаў».

У наступным нумары (№89 ад 20.04.1931) газета працягвае тэму: «Улады, якія праводзяць следства ў справе загадкавага пажару ў Глыбоцкім Скарбовым Урадзе, пакуль не здолелі натрапіць на падпальшчыка, які безумоўна добра ведаў расклад працы ўстановы і меў мэту падкласці агонь там, дзе былі падатковыя дакументы. Цяпер ужо няма ніякага сумневу, што пажар узнік ад падпалу: ён пачаўся адразу ў некалькіх месцах і быў распалены газай».

У №90 ад 21.04.1931 «Słowo» паведамляе, што падпальшчыка яшчэ не знайшлі. «З гэтай прычыны ходзяць розныя пагалоскі і называюцца прозвішчы асобаў, якія стаяць блізка да ўстановы. Аднак гэта, відавочна, толькі выпадковыя здагадкі з вельмі хісткімі падставамі. Акрамя камісіі Ізбы Скарбовай у Глыбокае выехаў адзін з афіцэраў ваяводскага следчага ўраду».

Будынак былога кляштара кармелітаў, у якім у міжваенны час размяшчаліся ўрадавыя ўстановы Дзісненскага павета. На сцяне бачны сонечны гадзіннік. У наш час гэты гістарычны будынак стаіць у руінах.

Калідор у будынку Дзісненскага староства. Будынак з яго старымі скляпеннямі паходзіць з другой паловы XVIII стагоддзя.

Глыбачане мелі прычыны крыўдзіцца на тое, як павятовы самаўрад распараджаецца іх падаткамі. Праз некалькі дзён пасля скандальнага пажару ў «Słowie» (№91 ад 22.04.1931) выйшаў артыкул пра неадпаведныя выдаткі самаўраду Дзісненскага павета. У разгар сусветнага эканамічнага крызісу, які пачаўся ў 1929 годзе і моцна закрануў Польскую дзяржаву, глыбоцкія ўлады і не думалі скарачаць бюджэт. Выдаткі павятовага бюджэту ў 1930 годзе складалі 651 475 злотых, у 1931 годзе — 605 854. Цыркуляры цэнтральных уладаў аб ашчаднасці былі выкананыя на адчэпнае.

Пячатка Скарбовага Ўраду ў Глыбокім. Са збораў аўтара.

Кошт, вызначаны на ўтрыманне шыкоўнага службовага аўтамабіля, вырас з 12 800 злотых у бюджэце 1930 года да 18 200 злотых у бюджэце крызіснага 1931-га. А выдаткі на дапамогу сляпым і калекам, якія ў 1929 годзе складалі 1.200 злотых, у 1930 — 500 злотых, у бюджэце на 1931 год скараціліся да 250 злотых. Затое ўзрастаў доўг Дзісненскага павета, на выплату якога было прадугледжана 98 177 злотых, з якіх 15 288 — працэнты ад кароткатэрміновых пазык. Запазычанасць Дзісненскага павета была найбольшай сярод паветаў Віленскага ваяводства.

Звяртае ўвагу тое, якія ўмовы доступу да інфармацыі мелі журналісты. Аўтар артыкула пра бюджэт прыехаў з Вільні ў Глыбокае і атрымаў патрэбныя дакументы. Калі б я сёння прыйшоў у Глыбоцкі райвыканкам і сказаў, што рыхтую артыкул для «Нашай Нівы» — наўрад ці мне нехта даў бы вывучыць дакументы пра даходы і выдаткі мясцовага бюджэту ды пра тое, колькі каштуе абслугоўванне службовага аўто старшыні райвыканкама.

А налета, у 1932 годзе, выбухнула «інфармацыйная бомба», якая мела для глыбоцкіх уладаў большыя наступствы, чым пажар у Скарбовым Урадзе. Настаўнік Максімільян Ваглеўскі выдаў у Варшаве сатырычную аповесць «Głębokie Bagno» («Глыбокае Балота»), у якой апісаў жыццё міжваеннага Глыбокага. Выпадкова ці не, але пасля публікацыі кнігі страцілі пасады павятовы стараста і школьны інспектар.

Сучаснае жыццё ў Глыбокім і паводзіны мясцовых чыноўнікаў таксама маглі б стаць тэмай для новага «Głębokiego Bagna». Не ведаю, ці страціў бы хто-небудзь пасаду (вельмі магчыма, што так) — але дакладна, што застаўся б каштоўны гістарычны дакумент для наступных пакаленняў. Толькі ці знойдзецца аўтар, здольны апісаць сучаснае Глыбокае?

Кастусь Шыталь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930