Знайсці
25.09.2017 / 20:3314РусŁacБел

Ці сапраўды Мінгарвыканкам забараніў Чырвонаму касцёлу званіць у званы?

У выхадныя хрысціянскі партал Krynica.info напісаў, што Чырвонаму касцёлу на плошчы Незалежнасці Мінгарвыканкам забараніў званіць у званы, таму што звон перашкаджае мясцовым жыхарам. Tut.by паспрабаваў разабрацца, што адбылося.

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

Аб забароне на звон 24 верасня распавёў пробашч касцёла, ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк.

«Кажуць, што перашкаджае мясцовым жыхарам. Але на многіх цэрквах і касцёлах у Мінску ёсць званы, і ім званіць не забараняюць. А касцёлу з больш чым 100-гадовай гісторыяй забараняюць», — цытуе яго словы Krynica.info.

Выконваючы абавязкі прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, ксёндз-канонік Юрый Санько распавёў, што праблема ўсё ж трохі разадзьмутая. Ён паведаміў, што нядаўна на ахвяраванні вернікаў у касцёле паставілі новыя званы — электрычныя.

— Гэта не тыя званы ў звыклым разуменні, якія выліваюцца з бронзы. Гэта электрычная прылада з дынамікамі. Яны адбівалі кожную гадзіну, служылі як куранты. Гэта штучныя электронныя званы. Ніхто не кажа пра тое, што нам іх забаранілі. Гэта была не пісьмовая забарона, а вусная дамоўленасць з гарвыканкамам. Я не быў на гэтай сустрэчы, таму ўсіх дэталяў не раскажу.

Ксёндз таксама дадаў, што зараз касцёл будуць рэстаўраваць.

— Ніхто не супраць звону званоў, проста цяпер вырашаюцца пытанні па рэканструкцыі, і пасля ўзгаднення і праходжання экспертыз, магчыма, будуць устаноўленыя сапраўдныя званы. У нас не наспела нейкага канфлікту.

Атрымаць аператыўны каментар у Мінгарвыканкаме з гэтай нагоды не ўдалося.

Мінакі: «Звон надае высакароднасці прасторы»

Сапраўды, як можа перашкодзіць звон мясцовым, сказаць складана. Больш таго, касцёл суседнічае з адміністрацыйнымі будынкамі. Побач размяшчаецца УКБ і Камітэт архітэктуры Мінгарвыканкама, Дом урада, універсітэт і гасцініца. Таму пра тое, ці перашкаджае звон, журналісты пытаюцца ў тых, хто побач працуе.

Ля касцёла чытае расцяжку пенсіянер Вячаслаў. Ён кажа, што ходзіць тут часта з працы дадому.

— Хіба можна забараніць званіць у званы? Я не чуў, каб званілі гучна. Тут кароткачасова — «бом-бом» і ўсё. Я проста не надаваў гэтаму значэння. Але тут такая прыгажосць, як можна тут нешта забараняць.

Міма касцёла ідуць на працу дзве Людмілы. Жанчыны кажуць, што даўно працуюць у офісе будынка гасцініцы «Мінск» і ім наогул не перашкаджае звон званоў.

— Вы, можа, пераблыталі з саборам ля Ратушы? Мы іх часта чуем, а тут звоняць рэдка, па святах. Мы шчаслівыя, калі тут чуваць звон. Гэта так прыемна, надае высакароднасці прасторы. Гэта так разбівае мітусню, якая ёсць вакол нас. Не ведаю, каму прыйшло ў галаву гэта забараняць!

Кажа мужчына, які ідзе на працу ў будынак УКБ Мінгарвыканкама. «Звоняць у звон, чуў. Але асабіста мне ўвогуле не перашкаджае, я нават не звяртаў на гэта ўвагі», — кажа мінак.

Непадалёк стаяць Анжэла і Жанна. Жанчыны працуюць у ГЦ «Сталіца», кажуць, што перазвон чулі часта.

— Каб дакучліва званіла — не было такога. Мы ў гэтым наогул ніякай праблемы не бачым. А як у цэрквах звоняць кожныя выхадныя і каля дамоў — і ніхто там не скардзіцца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031