Знайсці
25.09.2017 / 16:4020РусŁacБел

Ток-шоу Гігіна перакачавала з АНТ на тэлеканал «саюзнай дзяржавы»

У пачатку верасня «Наша Ніва» пісала аб тым, што тэлеканал АНТ прыняў рашэнне закрыць ток-шоу Вадзіма Гігіна «Справа прынцыпу». На яго месцы па панядзелках цяпер выходзіць перадача «Наша жыццё» з Дзмітрыем Бачковым.

Па непацверджанай інфармацыі, кіраўніцтва АНТ незадаволела тое, што Гігін занадта адкрыта дэманструе падчас шоу сваю пазіцыю. У выніку вядучаму было прапанавана або змяніць стыль вядзення шоу, альбо пашукаць больш адпаведную для сябе пляцоўку.

У выніку Гігін знайшоўся на тэлебачанні «саюзнай дзяржавы». Першае шоу з назвай «Ёсць пытанне» выйдзе ў эфір у чацвер а 20:05 на тэлеканале «Саюз» (ад 25 верасня ён называецца БелРасТБ). У Беларусі перадачы запісваюцца на базе тэлеканала «Мір».

Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч напісаў у фэйсбуку, што асаблівасцю «Ёсць пытанне» з’яўляецца вялікая колькасць запрошаных з Расіі гасцей. Першая праграма будзе прысвечаная вучэнням «Захад-2017».

Вадзім Гігін ад мінулага года з’яўляецца дэканам факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Да гэтага ён працаваў у прэс-службе генеральнай пракуратуры (падначаленым прапагандыста Юр’я Азаронка), быў першым сакратаром Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ. А таксама на працягу васьмі гадоў узначальваў часопіс «Беларуская думка». Гігін вядомы сваімі прарасійскімі поглядамі.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера