Знайсці
27.09.2017 / 14:1010РусŁacБел

Гісторыя беларускай дзяржаўнасці вачыма акадэмічных гісторыкаў

Піша Антон Лявіцкі.

Смяховіч У.М. і інш. Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы ХVІІІ — пачатку ХХІ ст. У 2 кн. Кн. 2. — Мінск: Беларус. навука, 2012. 654 с.

У 1990-я гады Інстытут гісторыі Акадэміі навук быў адным з найважнейшых «пунктаў зборкі» тагачаснага беларускага нацыятварэння. Пад кіраўніцтвам Міхаіла Касцюка і Міхася Біча інстытут інтэнсіўна ўдзельнічаў у беларусізацыі, а потым — у абароне ейнай спадчыны.

У 2000-я гады многія з удзельнікаў беларусізацыі пакінулі ці свае пасады, ці наогул сцены ўстановы. Шмат пра тагачасную атмасферу пісаў Генадзь Сагановіч. Каб паказаць сутнасць палітыкі новага кіраўніцтва інстытута (у 2004-м дырэктарам стаў Аляксандр Каваленя), ён ужыў метафару «вайны з беларускай гісторыяй».

Інстытут не знік, ён працягвае працаваць, рэгулярна выдае разнастайныя працы, ладзіць мерапрыемствы, стварае «шэрыя зоны», у якіх працуюць і героі апошняй нацыяналістычнай мабілізацыі, і амбітныя прадстаўнікі новай генерацыі.

Пасля 2002 года інстытут пачаў доўгую працу над тым, каб дапасаваць нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі (яна была аформленая ў 90-х) да новага ідэалагічнага запыту з боку Лукашэнкі. Прадуктам той работы былі, між іншага, выданні па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Прэстыжная, двухтамовая «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці» выйшла ў 2012 годзе.

Гэта даволі цікавая кніга, з розных пунктаў гледжання. Часам яна прапануе малавядомыя факты, часам — спецыфічныя інтэрпрэтацыі падзей. Пераказваць яе цалкам не мела б сэнсу, але можна звярнуць увагу на некаторыя вузлавыя моманты гэтага апавядання.

Ці не найбольшую чуласць аўтары выявілі да гісторыі незалежнай Беларусі. Гэта нядзіўна: гэта не толькі ідэалагічна ўсё яшчэ актуальны адцінак часу, але і кульмінацыя вынесенай у загаловак кнігі праблемы. Каб надаць сэнс сабраным матэрыялам, аўтары ўжываюць шэраг цікавых паняццяў.

«Грамадзянскае грамадства» і прававая дзяржава

У савецкі час гісторыкі не мелі праблем з тым, як тлумачыць сабраны імі даныя. Усе адказы былі падрыхтаваныя пануючай дактрынай. Спробы выйсці за прадпісаныя межы — нават датычна зместу, — былі рызыкай.

Пасля 1991-га савецкі гістарычны матэрыялізм не знікае цалкам, але губляе ранейшае становішча. Многія ранейшыя паняцці (класавая барацьба, вытворчыя сілы і прадукцыйныя адносіны, інш.) былі пераважна забытыя. На іх месца прыйшлі новыя.

Вынікі гэтага можна назіраць і ў кнізе «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».

Яшчэ ў ліпені 1990-га Беларусь упершыню абвясціла аб намеры пабудаваць прававую дзяржаву. Аўтары «Гісторыі» дэталёва прасочваюць, якія захады рабіліся для гэтага.

У красавіку 1992-га Вярхоўны Савет ухваліў пастанову «Аб канцэпцыі судова-прававой рэформы». Сёння гэты праект выглядае даволі радыкальна. Ён прадугледжваў прысяжных, выбарныя міравыя суды, заснаванне Следчага камітэта і Службы нацыянальнай бяспекі, пераўтварэнні ў МУС і Міністэрстве юстыцыі.

Усё гэта былі змястоўныя інавацыі. Напрыклад, КДБ мусіў не толькі змяніць сваё адыёзнае савецкае найменне. Рэфарматары планавалі пазбавіць службу неўласцівых ёй функцый: палітычнага вышуку, барацьбы з арганізаванай злачыннасцю.

Але рэформа ішла марудна. «Сістэма юстыцыі і яе асноўнае звяно — судовая сістэма — яшчэ далёка не адпавядалі крытэрыям прававой дзяржавы, агульнапрызнаным у свеце дэмакратычным прынцыпам арганізацыі і дзейнасці праваахоўных органаў». Дагэтуль у Беларусі няма выбарных міравых судоў ці прысяжных, дагэтуль КДБ функцыянуе так, як функцыянаваў.

Важная выснова, якая жывіцца з гэтых і некаторых іншых разважанняў, прымушае задумацца пра адэкватнасць дзейнай беларускай канстытуцыі. Яна ўжо ў 1994-м вызначыла Беларусь як прававую дзяржаву. Але гэтае паняцце абстрактнае толькі на першы погляд. У сапраўднасці за ім хаваюцца практычныя выклікі і праблемы. Актуальнасць у гэтым сэнсе захоўвае Дэкларацыя 1990 года, якая змяшчала прававую дзяржаўнасць у Беларусі ў няпэўную будучыню.

У кнізе думка аб тым, што Беларусь яшчэ не стала прававой дзяржавай, выказваецца пра першую палову 1990-х. Падкрэсліваецца адсутнасць падзелу ўлад, напрыклад. Але пра перыяд пасля 1994 года апавяданне набывае аптымістычны кірунак.

Безумоўна, гэта апалагетыка існуючай улады. Крытыкуецца рэжым прэзідэнцка-парламенцкай рэспублікі, устаноўлены ў 1994-м (яна «хоць і забяспечвала праз сувязь дэпутатаў з мясцовымі выбаршчыкамі высокі ўзровень дэмакратыі, была нежыццяздольная ва ўмовах эканамічнага крызісу»), адзначаецца адсутнасць падстаў для імпічменту ў 1996-м і г.д.

Асабліва цікава пры гэтым аўтары абыходзяцца з паняццем «грамадзянскае грамадства» (на добрай беларускай мове лепш было б казаць «грамадзянская супольнасць»). Спачатку яны разбіраюць заходняе ўяўленне пра яго. «Неаліберальная тэорыя», на іх думку, прадпісвае яму меркантыльную мэту: «пошук эфектыўнага механізму кантролю грамадства за дзейнасцю палітычнай улады з мэтай абароны прыватных інтарэсаў індывіда ў эканамічным жыцці, іншых сферах бізнесу».

Аднак, працягваюць аўтары, нідзе такой грамадзянскай супольнасці няма. Гэты аргумент яны ніяк не ўдакладняюць. Такая стыхійная аксіёма зручна апраўдвае спецыфіку беларускай мадэлі. Праўда, гэтага апраўдання ў кнізе няма. Апісанне нібыта асаблівага беларускага «грамадзянскага грамадства» змястоўна ні ў чым не супярэчыць «неаліберальнай тэорыі», як яна бачыцца акадэмічным навукоўцам:

«Грамадзянскае грамадства ў Беларусі — гэта найперш неад’емны элемент сацыяльна-палітычнай стабільнасці, уліку і развіцця ўсебаковых інтарэсаў, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, абароны нацыянальных інтарэсаў краіны і яе гістарычных традыцый, сродак грамадскага кантролю за дзейнасцю ўсіх галін улады»

Хоць, безумоўна, можна заўважыць тут некаторыя беларускія асаблівасці — ужыванне такіх паняццяў, як стабільнасць ці традыцыі (якія, ізноў жа, ніяк не ўдакладняюцца).

Што значыць беларуская грамадзянская супольнасць практычна, можна ўявіць з гісторыі ўдзелу Федэрацыі прафсаюзаў у выбарах 2001 года. Палітызацыя прафсаюзаў («па прыкладзе Польшчы 1979—1981 гг.») прывяла да таго, што «прафсаюзныя функцыянеры не займаліся штодзённым клопатам працоўных. Улада адрэагавала аператыўна».

Тут добра відаць, што функцыі ўліку і развіцця правоў і свабод ці пагатоў кантролю за дзейнасцю ўлады, якія нібыта маюць выконваць ФПБ, БРСМ ці іншыя шматлікія грамадскія арганізацыі ў Беларусі, у выпадку неабходнасці хутка саступаюць цьмянаму клопату аб працоўных. 

Буржуазія і палітычны ўдзел

Грамадзянская супольнасць — новае паняцце для беларускіх гісторыкаў, яно не паходзіць з савецкіх грамадазнаўчых вучэнняў. Іначай — з буржуазіяй, якая была сталым «героем» савецкіх гісторыкаў.

Буржуазію аўтары часта ставяць побач з алігархіяй, уяўленне аб якой склалася пераважна з украінскага і расейскага палітычнага досведу 1990-х. Вось жа, у Беларусі алігархія не ўзнікла — дзякуючы палітыцы Лукашэнкі. У выніку ў 2000-х гадах беларускі бізнэс не ўдзельнічаў у палітыцы. «Прычына гэтага была і ў тым, што накапленне капіталу і багацця ў прыватных руках у Беларусі ў асноўным ідзе шляхам цяжкай працы, а не гангстарскімі метадамі, уласцівымі алігархіі іншых краін на нафтавых, газавых і залатаносных «плантацыях» Сібіры і Аляскі».

Адсутнасць алігархіі аўтары цэняць і асабліва адзначаюць наступнае: «У выніку ў краіне да снежня 2010 г. не назіралася агрэсіўнай апазіцыйнасці беларускага капіталу ў адносінах да існуючай улады, што было адным з фактараў грамадскай стабільнасці». Гэтае нерастлумачанае «снежань 2010» — ці не адзіная згадка вулічных мабілізацый, якія адбыліся ў Лукашэнкаву эпоху.

2010 год здаецца аўтарам наогул важным. Ён выявіў шэраг праблем у Беларусі. Сярод іх, напрыклад, «задача па выпрацоўцы механізма, які б дазволіў найбольш эфектыўна спалучаць інтарэсы бізнэс-супольнасці як сацыяльнай групы, грамадства і дзяржавы».

Ці азначае гэта, што акадэмічныя гісторыкі бачаць неабходнасць рэформ? Ні ў якім разе: «беларуская правячая эліта з гістарычнага досведу (урокаў гісторыі), назапашанага ў перыяд перабудовы, зрабіла цвёрдую выснову — любым радыкальным палітычным перабудовам існуючай палітычнай сістэмы павінны папярэднічаць поспехі ў эканамічным развіцці».

Але буржуазія не з’яўляецца адзінай групай у беларускім грамадстве. Вышэй ужо ўпаміналіся «працоўныя», інтарэсы якіх была занядбала ФПБ. Таксама ў кнізе можна знайсці звесткі пра палітычныя інтарэсы бюракратыі, фермераў, кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і інжынерных работнікаў («блакітныя каўнерыкі»), інтэлігенцыі («белыя каўнерыкі»). Партыям, які пераважна «размяркоўваюцца» паміж гэтымі групамі, надаецца шмат увагі.

Напрыклад, Сялянская партыя бараніла інтарэсы фермераў. Партыя працы і справядлівасці (якая летась неспадзявана стала парламенцкай) узнікла «дзеля абароны інтарэсаў вышэйшай бюракратыі і кіруючай эліты». Партыяй «белых каўнерыкаў» быў БНФ, арганізацыяй «блакітных каўнерыкаў» — Беларускі навукова-вытворчы кангрэс. Інтарэсы «буржуазна-ліберальнага асяроддзя» выражала Грамадзянская партыя і г.д.

Партыі з’яўляюцца часткай грамадзянскай супольнасці, разам з тым яны ўвасабляюць зусім новы гістарычны досвед, кантрасна адрозніваючы савецкую і постсавецкую эпохі. Для таго каб асэнсаваць гэты досвед — які ўключае, безумоўна, не толькі партыйнае будаўніцтва, — аўтары «Гісторыі» выкарыстоўваюць неспадзявана заходні, дэмакратычны слоўнік, хоць і суправаджаюць яго тыповымі аргументамі «ідэалогіі беларускай дзяржавы»:

«Пераход Беларусі да дэмакратычных каштоўнасцей — палітычнага ўдзелу, палітычнай роўнасці, правоў чалавека, правоў меншасці — таксама павінен ажыццяўляцца шляхам эвалюцыйнага развіцця палітычнай культуры і абапірацца на матэрыяльныя дасягненні грамадства, яго агульны прагрэс».

Усё ж такі павінен.

Незалежнасць як працэс

Безумоўна, цэнтральную ролю грае слова незалежнасць. Нараджэнне самастойнай Беларусі складае асноўны інтарэс гэтай кнігі.

Для аўтараў незалежнасць Беларусі — здабытак, а не «падарунак лёсу». «Ужо да 1990 г. склаліся аб’ектыўныя і суб’ектыўныя перадумовы, якія садзейнічалі непазбежнаму руху Беларусі да незалежнасці». Суверэнізацыя Беларусі паўстае на старонках кнігі як працэс, які пачаўся ў ліпені 1990-га і скончыўся толькі ў снежні 1991-га.

Адцінкі гэтай гісторыі добра вядомыя — Дэкларацыя, путч, наданне Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закона, практычныя захады ўвосень (ад герба і сцяга да перапарадкавання міністэрстваў і ўстаноў ад Масквы да Менска), снежаньскія падзеі і адкліканне беларускіх прадстаўнікоў з саюзных устаноў.

Гэты малюнак аўтары дапаўняюць новымі сюжэтамі. Напрыклад, 21 снежня 1990-га ВС БССР пастанавіў стварыць Нацыянальны банк Беларусі. 27 лютага 1991-га быў прыняты вельмі цікавы закон «Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Беларускай ССР». Гэты закон шмат у чым прадчуваў акт 25 жніўня: ён вызначыў першынство Канстытуцыі БССР і яе законаў, перавёў дзяржаўную маёмасць у распараджэнне БССР.

Але нават пасля 25 жніўня Беларусь заставалася — у пэўнай ступені, — часткай Саюза. Працэс перапарадкавання органаў дзяржаўнай улады, які адбыўся ў жніўні-верасні 1991-га, праводзіўся як бы з асцярогай, у любы момант мог быць скасаваны. Паказальна, што ўпамінанні СССР з закона аб Савеце міністраў былі вынутыя толькі 10 студзеня 1992-га. Гэты прыклад па-свойму адлюстроўвае «якасць» беларускай незалежнасці.

Як частку працэсу суверэнізацыі аўтары разглядаюць таксама пытанне аб прэзідэнцтве. Гэта спалучаецца з апалагетыкай ЦК КПБ. Палітычнае кіраўніцтва БССР «прадбачыла магчымасць хуткага і некантралюемага распаду СССР», таму яно ўжо 10 сакавіка 1990 года пастанавіла «прапрацаваць» пытанне аб увядзенні сваёй валюты ў Беларусі, а 20 чэрвеня 1991 года зацвердзіла праз ВС закон аб увядзенні пасады прэзідэнта.

Праўда, прэзідэнта тады БССР не атрымала. Ідэя выбраць яго адразу ў Вярхоўным Савеце не знайшла падтрымкі, а арганізацыя выбараў, як паведамляюць аўтары, адышла на другі план пасля жнівеньскіх падзей.

Беларуская мадэль: бясконцы пераходны перыяд

Нарэшце, па-над усім гэтым лунае беларуская мадэль — дасягненне працоўных пад кіраўніцтвам прэзідэнта. Можна даведацца, што сярод прычын ягонай перамогі ў 1994 годзе былі «яго душэўная цеплыня і сардэчнасць, адкрытасць і шчырасць, прынцыповасць і бескампраміснасць».

Нягледзячы на пэўны дэфіцыт канкрэтыкі ў вызначэнні «беларускай мадэлі», некаторыя прыклады вартыя ўвагі. Яны пераважна датычаць сельскай гаспадаркі. Напрыклад, калі б у 1995 годзе беларускія калгасы былі б падзеленыя паміж калгаснікамі, кожны атрымаў бы: 4,5 га зямлі, палову трактара, чвэрць камбайна, карову і парася.

Новае кіраўніцтва меркавала, што неаліберальныя рашэнні, якія накідае Захад, у Беларусі не прыжывуцца. Як тлумачыў пазней сам Лукашэнка: «Але ж чужое і застаецца чужым. Яно не абагрэе цяплом, не азарыць радасцю творчасці нашай душы, не будзе нам усім дарагім, таму што гэта чужое».

Беларусь пайшла сваёй дарогай. Аўтары спрабуюць паказаць вынікі. Яны знаходзяць прагрэс у беларускай сельскай гаспадарцы. «Будаванне аграгарадкоў»: сцвярджаецца, што ў 2005—2008 гадах іх было ўзведзена 937. Акрамя таго, у 2008 годзе, паведамляюць аўтары, сельская гаспадарка ў Беларусі дасягнула еўрапейскага ўзроўню (ізноў жа, не ўдаючыся ў дэталі).

Але прызнаецца, што Беларусь усё яшчэ знаходзіцца на пераходным этапе, і многія важныя элементы сучаснасці — дэмакратыя, прававая дзяржава — у Беларусі адсутнічаюць (у кнізе гэта сфармулявана, натуральна, дыпламатычней).

У цэлым кніга выглядае як палымяная апалагетыка «беларускай мадэлі». Пры гэтым са старонак кнігі яна паўстае як бясконцы пераходны перыяд, а аргументацыя на яго карысць часта набліжаецца да самакаланізацыі. Некалі так Ліга нацый размяжоўвала народы: якія гатовыя да дзяржаўнасці, якія не. Апошнія станавіліся «падмандатнымі тэрыторыямі» вялікіх дзяржаў. Так і акадэмічныя гісторыкі нястомна даказваюць, што беларусы, хоць і даспелі да дзяржаўнасці, але не гатовыя да дэмакратыі і правоў. І галоўным сэнсам існавання нацыі аказваецца не асобны чалавек, а нешта іншае — словамі Эдмунда Бёрка, калектыўны дагавор жывых і мёртвых: «рэальны дзяржаўны суверэнітэт, пра які марылі многія пакаленні беларусаў».

Што маецца на ўвазе пад словам «рэальны» і чым ён розніцца ад «нерэальнага», ізноў жа, не тлумачыцца.

Антон Лявіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930