Знайсці
24.09.2017 / 01:2045РусŁacБел

Крулеўшчына ці «Крулевщизна»: чаму назва чыгуначнай станцыі настолькі адрозніваецца па-беларуску і па-руску 

Піша Кастусь Шыталь.

Некалькі месяцаў таму на будынку вакзала ў мястэчку Крулеўшчына Докшыцкага раёна павесілі шыльду з надпісам «станцыя Крулеўшчына». Дагэтуль вісела шыльда «станция Крулевщизна».

Доўгія гады з гэтай «Крулеўшчынай-Круляўшчызнай» была дзіўная сітуацыя. Назва мястэчка і назва чыгуначнай станцыі адрозніваліся на адну літару. А наогул, станцыя змяняла назву некалькі разоў за сваю гісторыю.

Я нарадзіўся і правеў дзяцінства ў Крулеўшчыне. Малы, назіраў за рухам цягнікоў ды цікавіўся тым, што было на станцыі раней — калі яна будавалася, як называлася, якія чыгуначныя злучэнні мела. Здаецца, з таго і нарадзілася мая цікаўнасць да гісторыі і наогул да навакольнага свету. Таму і гісторыю Крулеўшчыны і таго, як змянялася яе назва, вывучыў падрабязна.

Калі ў 1902—1906 гадах будавалася Балагое-Сядлецкая чыгунка, станцыя была названая «Крулевщина». Назва станцыі была запазычана ад аднаго з навакольных засценкаў, які ў крыніцах 1784 года згадваецца як «Chrulewszczyzna», г.зн. Хрулеўшчына, а на карце-«трохвярстоўцы» 1865 года падпісаны «Крулевщизна».

Старонка з раскладам цягнікоў на лініі Полацк — Маладзечна на 1911 год

На станцыі быў збудаваны вакзал паводле тыповага праекта, па якім будавалі вакзалы на станцыях IV класа ад Полацка да Седляца. Многія з тых вакзалаў былі перабудаваныя ў 20-я гады ХХ стагоддзя (Княгінін, Вілейка, Багданаў, Юрацішкі) або, як вакзал у Крулеўшчыне, знішчаныя падчас ІІ Сусветнай вайны. Пачатковы выгляд найлепш захавалі вакзалы на станцыях Гаўя (Іўеўскі раён) і Загацце (Глыбоцкі раён).

У 1912 годзе Расійская імперыя святкавала стагоддзе вайны з Напалеонам. Юбілей зрабіў адбітак у чыгуначнай тапаніміцы. Цяперашнюю станцыю Ваўкавыск-Цэнтральны назвалі «Багратионовская» у гонар аднаго з палкаводцаў. 18 красавіка 1914 года назва станцыі «Крулевщина» была замененая на «Сеславино», у гонар расійскага генерал-лейтэнанта Аляксандра Сяславіна, удзельніка ваеннай кампаніі 1812 года.

Імператар Мікалай ІІ абыходзіць строй ганаровай варты 7-га Сібірскага корпуса на пероне станцыі «Сеславино». 7 лютага 1916 года (21 лютага па грыгарыянскім календары). Фота photo.rgakfd.ru

У час нямецкай акупацыі ў 1918 годзе назва станцыі пісалася «Seslawino». У лістападзе 1918 года Крулеўшчыну занялі бальшавікі, а ў жніўні 1919 года — палякі. Палякі адразу сталі ўжываць пачатковую назву станцыі, але ў польскай версіі — «Królewszczyzna». Падобна, што не было нават афіцыйнага загаду аб перайменаванні, бо «Spis zmienionych nazw polskich stacyj kolejowych», які зафіксаваў нават змену напісання Parafjanowo на Parafjanów і Podświlje на Podświle, нічога не згадвае пра Крулеўшчыну.

Чыгуначнікі перад будынкам станцыі «Seslawino» падчас нямецкай акупацыі ў 1918 годзе. Фота facebook.com/Afmks.

У канцы 1919 ці пачатку 1920 года Крулеўшчына атрымала прамое чыгуначнае злучэнне з Вільняй. Для гэтага была выкарыстаная траса прыватнай вузкакалейнай чыгункі Новыя Свянцяны — Глыбокае і лініі, збудаваныя расійцамі і немцамі падчас І Сусветнай вайны. Крулеўшчына стала вузлавой станцыяй і сядзібай чыгуначных службаў. Вакол станцыі стала расці мястэчка, насельніцтва якога з 1921 да 1938 года павялічылася з 245 да 892 жыхароў. У Крулеўшчыне збудавалі касцёл, двухпавярховую мураваную школу, тартак і млын, цагельню, ды шмат будынкаў для чыгуначных службаў — будынкі паравознага дэпо, дарожнага аддзела, амбулаторыі, службовыя жылыя будынкі. Чыгуначнікі былі пераважна палякамі, прысланымі з этнічнай Польшчы.

17 верасня 1939 года Крулеўшчыну занялі Саветы. Савецкія чыгуначнікі не сталі высвятляць ні першапачатковыя, ні гістарычныя назвы — а транслітаравалі назвы станцый з польскай мовы. Гэтак на Паазер’і з’явіліся назвы станцый «Крулевщизна», «Шарковщизна», «Полеваче».

 

Шэсце ў гонар аднаго з польскіх дзяржаўных святаў. Другая палова 1930-х. На будынку вакзала — упрыгожаная зелянінай шыльда ў гонар Юзафа Пілсудскага, усталяваная ў 1931 годзе. Фота з архіву сям’і Гірульскіх.

Стары будынак вакзала быў разбураны падчас ІІ Сусветнай вайны. Новы быў збудаваны ў пачатку 1950-х. Ён узведзены паводле тыповага праекту, які прымяняўся на розных станцыях савецкіх чыгунак. Ідэнтычныя будынкі можна пабачыць не толькі на станцыях Івацэвічы, Бяроза-Картузская і Брэст-Палескі, але і, напрыклад, на станцыі Кумертау у расійскім рэгіёне Башкірыя.

У савецкі час ранейшая гісторыя Крулеўшчыны была забытая. Мясцовыя краязнаўцы і настаўнікі лічылі, што першапачатковай назвай станцыі была «Сеславино». А назвы «Крулеўшчына» нібыта раней ніколі не было, а яе прыдумалі ў 1921 годзе палякі, нібыта каб ушанаваць караля Стафана Баторыя, які ў 1579 годзе ішоў з войскам праз гэтыя землі. Гэтак нам, вучням, расказвалі ў школе. У 1962 і 1990 гадах былі ініцыятывы вярнуць станцыі імя расійскага генерала. Аднак гэта не ўдалося, назву «Сеславіна» далі толькі кароткай вуліцы на ўскраіне мястэчка. А потым я пачаў вывучаць дакументы пачатку мінулага стагоддзя і высветліў: назва «Сеславино» не была першапачатковай.

Пломба ад грузавога вагона з назвай станцыі «Królewszczyzna». 1935 год. З калекцыі аўтара.

Жывучы ў Крулеўшчыне, мне даводзілася дзясяткі разоў адказваць на пытанне: чаму станцыя называецца «Круляўшчызна», калі мястэчка называецца Крулеўшчына. Цяпер ужо не давядзецца. У 2012 годзе было зацверджанае нарматыўнае напісанне станцый на беларускай мове. У раскладзе на сайце чыгункі і на табліцы ўнутры вакзала хутка сталі пісаць «Крулеўшчына». Гэтым летам шыльду «станцыя Крулеўшчына» прымацавалі і на будынку вакзала.

На рускай мове назва станцыі па-ранейшаму пішацца «Крулевщизна». Аднак цяпер Беларуская чыгунка большасць інфармацыі для пасажыраў — расклады на станцыях і прыпынках, аб’явы ў цягніках, шыльды на будынках станцый — падае на беларускай мове. Таму пасажыры назву «Крулевщизна» будуць бачыць і чуць вельмі рэдка.

Будынак вакзала ў Крулеўшчыне. Чэрвень 2015 года. Фота Уладзіміра Садоўскага.

Кастусь Шыталь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера