Знайсці
26.09.2017 / 06:1831РусŁacБел

«Муж вывозіў жонку на балота і пачынаў тапіць» — псіхолаг пра сямейны гвалт

Вольга Казак — псіхолаг арганізацыі «Радзіслава», што дапамагае жанчынам, якія пацярпелі ад сямейнага гвалту. Яна распавядае пра тое, чаму мы абіраем небяспечных партнёраў і не можам іх кінуць, пра бязмежнасць вычварэнскай фантазіі ды спосабы абараніць сваё жыццё.

У 2002 годзе ў Мінску ўзнікла грамадскае аб’яднанне «Радзіслава» — месца, дзе кругласутачна прымаюць жанчын, якія вымушаныя хавацца ад болю і жахаў, нанесеных самымі блізкімі, каханымі людзьмі. 

У шэлтары «Радзіславы» 31 ложка-месца, гэта адзінае сховішча ў Мінску, куды можна збегчы і прыходзіць там у сябе столькі часу, колькі спатрэбіцца, быць побач са спецыялістамі, гатовымі аказаць дапамогу. Менавіта спецыялісткі «Радзіславы» першымі ў Беларусі пачалі ладзіць трэнінгі па жаночай самаабароне Wen-Do. 

Вольга Казак, фота Кацярыны Карпіцкай.

Прытулкі для ахвяр сямейнага гвалту ёсць у Лідзе, Магілёве, Мар’інай Горцы ды Бараўлянах. Асобныя крызісныя пакоі існуюць у тэрытарыяльных цэнтрах — усяго ў Беларусі такіх 124, аднак там нельга знаходзіцца працяглы час.

Калі ўлічыць статыстыку, якая сведчыць, што кожная трэцяя жанчына ў Беларусі так ці інакш сутыкаецца з гвалтам у сям’і, то гэтага вельмі мала. 

«Ніна»: Вольга, чаму так адбываецца, што людзі будуюць сем’і з агрэсарамі? Няўжо нельга ўбачыць небяспеку загадзя, да шлюбу?

Вольга Казак: Калі мы сустракаемся з жанчынамі, пацярпелымі ад гвалту, то просім іх запоўніць анкеты, якія дапамагаюць вызначыць ступень рызыкі адносін. І там ёсць пункт: як доўга вы сустракаліся перад тым, як пачалі жыць разам?

У большасці выпадкаў ад моманту знаёмства да рашэння жыць разам праходзіць менш за паўгода. Ёсць нават эпізоды, калі з’язджаюцца і распісваюцца пасля першай сустрэчы: прагаварылі з вечара да раніцы і зразумелі, што шукалі адно аднаго ўсё жыццё.

Я заўсёды раю спачатку даведацца пра партнёра як мага больш: шасці месяцаў ужо будзе дастаткова, каб убачыць, як каханы паводзіць сябе не толькі з вамі, але і з іншымі людзьмі, са сваякамі. Важна, як ён ставіўся да былой дзяўчыны, бо звычайна гвалт з папярэдніх адносін перацякае ў наступныя. Трымаць маску «лапачкі» доўга не зможа ніхто. 

Цікава, што імпульсіўна паводзяць сябе не толькі прадстаўнікі небяспечнага асяроддзя ці зялёная моладзь, а ў тым ліку людзі з вышэйшай адукацыяй, з пэўным досведам за плячыма, у немаладым узросце. Пачуцці ствараюць на іх вачах заслону.

«Ніна»: Адкуль бярэцца дазвол біць? Ніхто ж не выхоўвае агрэсараў спецыяльна. 

ВК: Гэта цікавы момант, бо агрэсар жа не будзе біць свайго начальніка ці сябра (калі так адбываецца, то гэта ўжо зусім страчаны персанаж). Але нешта дазваляе яму падымаць руку на жонку ды дзяцей.

У аснове гэтага ляжыць усведамленне «я — мужчына, я моцны, мне дазволена больш, я маю права кантраляваць».

Тут і далей у якасці ілюстрацый выкарыстоўваюцца здымкі з фотасерыі «It Happens» Яны Мазуркевіч.

Ды і мы самі з ваенных часоў працягваем ставіцца да мужыкоў лаяльна: ім многае можна дараваць, бо добрыя хлопцы на дарозе не валяюцца і гэтак далей.

У нас няма палітыкі гендарнай роўнасці, законаў, якія б нармальна рэгулявалі сямейны гвалт. Што і казаць, калі ад некаторых супрацоўнікаў дзяржорганаў можна пачуць фразы-апраўданні: «Ну, ён жа мужчына!»

Міліцыянты часта становяцца на бок мужчыны з чыстай салідарнасці. А першае, чаго яны ці суддзі спрабуюць дасягнуць, калі працуюць з наступствамі гвалту — прымірыць сям’ю, хаця гэтага рабіць ні ў якім разе нельга. 

Схема дзеянняў агрэсара пачынаецца з пазбаўлення жыццёвых рэсурсаў: «Сядзі дома, навошта табе хадзіць на работу за 200 даляраў?»; «Не камунікуй з незамужнімі сяброўкамі — што ў вас агульнага, калі ты сямейны чалавек?»; «Калі ты вяртаешся ад маці, становішся сама не свая…»

Кола кантактаў становіцца замкнёным, і ў такіх умовах лёгка пераканаць жанчыну ў тым, што яна сама вінаватая, што яе пабілі: не выцерла пыл, не зрабіла заўвагу дзецям. З яго пункту гледжання ўсё абгрунтавана. Каб не трапіць пад такі аднабокі гіпноз, важна падтрымліваць стасункі з сябрамі ды сваякамі, мець незалежны погляд на падзеі. 

Нават вельмі адукаваныя людзі, якім я расказваю пра сваю працу, цікавяцца: чаму яна трывае? Ніхто не пытаецца, чаму ён б’е: ахвяру выстаўляюць вінаватай.

У людзей, што глядзяць на праблему з боку, адна парада: трэба сыходзіць. Але, па-першае, гвалт — з’ява цыклічная і непастаянная. А па-другое, тут вялікую ролю граюць нашы сацыяльна-эканамічныя фактары: адсутнасць грошай, кватэры, падтрымкі, адказнасць за дзяцей… 

«Ніна»: Так можна датрываць і да трагедыі… 

ВК: Сапраўды, разам з гісторыямі поспеху, калі жанчыны сыходзілі ад траўматычных адносін і змянялі сваё жыццё ў лепшы бок, у нашай практыцы былі і драматычныя фіналы.

Аднойчы да нас звярнулася кліентка, муж якой любіў папужаць яе тым, што вывозіў на балота і пачынаў тапіць. Нехта рабіў гэта наўпрост у ваннай ці ў прыбіральні: закідваў галаву жанчыны ва ўнітаз і націскаў зліў.

Не ўсе вытрымліваюць такое: ёсць выпадкі, калі кабеты проста паміралі.

Адна жанчына пасля такога вось «кахання» ў 40 гадоў памерла ад сардэчнага прыступу: двое дзетак засталіся без маці.

Яна развялася з мужам, але на агульных сустрэчах з дзецьмі ён працягваў яе шантажаваць і біць. У нагрузку да ўсяго гэтага ёй даводзілася шмат працаваць, каб здымаць кватэру і забяспечваць сябе і малых. Вось сэрца і спынілася…

«Ніна»: Мы закранулі з вамі тэму выяўлення агрэсара часам. Можа, у такіх людзей ёсць яшчэ нейкія агульныя рысы? 

ВК:

Вельмі яскравая рыса агрэсара — яны вельмі любяць глядзець порна. Жорсткія фантазіі з фільмаў потым рэалізоўваюць у сваіх сем’ях. 

У 60% агрэсары залежныя ад алкаголю, наркотыкаў, сацыяльна небяспечныя. Цікава, што нашы органы бяспекі ап’яненне тут успрымаюць як акалічнасць, што змякчае віну. Кшталту: выпіў, з кім не бывае, праспіцца і адыйдзе, усё наладзіцца. Чаму мы не разважаем гэтак жа, калі гаворка ідзе пра правілы дарожнага руху? 

Астатнія 40% па жыцці — станоўчыя персанажы. Яны не п’юць, не кураць, часта вядуць здаровы лад жыцця.

Асобная катэгорыя — вернікі. Так, я мела досвед працы з матушкай, муж якой — святар — прымушаў яе ўсю ноч маліцца.

Яны шмат гадоў жылі разам, былі шматдзетнай сям’ёй, пры гэтым яна ніколі не мела ўласных ключоў ад дома. Ад брамкі былі, але і тое часова. Акрамя таго, ён хаваў у сябе ўсе яе дакументы.

Яшчэ адна кліентка выйшла замуж за станоўчага мужчыну, шчырага верніка. Ён заўсёды добра апранаўся, хадзіў з папкай у руках — карацей, ствараў прыемнае ўражанне. Калі яго жонка звярнулася да нас, у яе быў так збіты твар, што не пазнавалі нават малыя дзеці: уся левая палова сіняя, пераламаныя скулавая костка, нос, выбітыя зубы.

Ён напіўся, сеў на яе зверху і не злез, пакуль не ўдарыў 57 разоў.

Ён аслабіў хватку толькі калі прачнуўся малодшы сын. Жанчына амаль не крычала, каб не разбудзіць дзяцей: яны спалі ў тым жа пакойчыку, дзе ўсё адбывалася. Жанчына вырвалася, выклікала хуткую, міліцыю. 

Калі прыйшла да нас, саромелася свайго выгляду, прасіла на яе не глядзець. Яна казала, што нічога яму не даруе. Пражыла ў прытулку два месяцы, а потым сутыкнулася з былым мужам і ён яе «апрацаваў». Да нас яна прыйшла настроеная вярнуцца дамоў: маўляў, ён выбачыўся, сказаў, што такое не паўторыцца і, у рэшце рэшт, шанец даюць нават забойцам. Мы разумелі, што гэта падман: агрэсары не выпраўляюцца, калі толькі іх не лечаць мусова. Аднак мы нікога не адгаворваем ад прыняцця самастойных рашэнняў. Проста даём зразумець: калі што, ты заўсёды можаш сюды вярнуцца. 

Праз нейкі час, як я і прадказвала, яна зноў прыйшла. Расказала, што ён піў, біў, абражаў, прымушаў да сэксуальных эксперыментаў на мяжы з садызмам…

Апошняй кропляй стала тое, што ён стаў дамагацца дачкі, а яе саму папрасіў на яго вачах заняцца з сынам сэксам. Ён аргументаваў гэта тым, што падлетку будзе карысна, калі цноты яго пазбавіць маці.

Добра, што ў выніку мы здолелі выратаваць і жанчыну, і дзяцей. Праўда, мужык гэты збег і знаходзіцца ў вышуку, хаваецца ад неабходнасці выплачваць аліменты.

Усё гэта магло скончыцца раней, калі б ёй і дзецям было куды ісці, але дзяўчына жыла круглай сіратой. І вось у такіх выпадках людзі церпяць да канца, бо не ведаюць, куда падацца.

«Ніна»: Зразумела, што мы ўвесь час кажам толькі пра гвалт у дачыненні да жанчын, таму што гэта профіль работы «Радзіславы». Але ці звяртаюцца да вас як да псіхолага мужчыны?

ВК: Я ведаю канкрэтных жанчын, якія ўжываюць гвалт, і канкрэтных мужчын, якія ад яго пакутуюць. Метады падобныя: ізаляцыя, забарона на камунікацыю з роднымі і сябрамі, пілаванне за самую нязначную правіннасць, нехта і патэльняй можа ўдарыць. Асабліва церпяць маладыя хлопчыкі і старыя людзі. Праўда, наступствы гвалту для здароўя ў дадзеных выпадках не такія сур’ёзныя, як калі б’е мужчына.

Дарэчы, з мужчын могуць здзекавацца не толькі жонкі, але і сыны-алкаголікі ці наркаманы і нават дочкі. Яны прыходзяць разгубленымі, а казаць на такія тэмы мужыкам сорамна: як гэта, што мяне б’е жанчына?

Толькі ад жанчын-агрэсараў мужчыны чамусьці таксама не сыходзяць, а вось ад добрых — лёгка. Я калісьці спытала ў аднаго кліента, чаму ты не кінеш яе? На што ён мне адказаў: «Я за дзяцей баюся, яна мне іх не аддасць, але ім жыццё скалечыць». 

За мяжой даўно існуюць сховішчы і для мужчын. Нам да такога, на жаль, пакуль далёка. 

«Ніна»: Ці змянілася нешта за 15 гадоў вашай працы? Ці стала прасцей працаваць з гэтай тэмай? 

ВК: Цяпер усё толькі-толькі пачынае выходзіць вонкі, таму наўрад ці прасцей. Нягледзячы на тое, што мы пастаянна працуем з дзяржаўнымі структурамі: вучым МУС, органы адукацыі і супрацоўнікаў сферы здароўя, сацыяльныя службы. І ёсць вынікі, але варта абнавіцца кадрам — усё трэба пачынаць ад пачатку. Напрыклад, у Першамайскім раёне Мінска мы ўсталявалі кантакт з асобнымі міліцыянерамі. Яны выязджалі на выклікі і ўжо разумелі на месцы, што там не проста бытавы скандал, а гвалт, які патрабуе іншага ўмяшання, аднак кадры ўвесь час мяняюцца… І непаразуменне ўсё яшчэ досыць моцнае.

У многіх людзей такое меркаванне: вось калі мордай аб унітаз б’е — гэта, можа, і гвалт. А калі паціху некалькі разоў стукнуў — так, сямейнае непаразуменне, хай самі разбіраюцца, можа, і заслужылі. Для таго, каб мы перасталі абвінавачваць ахвяру, відаць, трэба больш часу.

Аднак мы назіраем, што ўсё часцей самі жанчыны ідэнтыфікуюць сябе як ахвяру гвалту. Яны ўжо не так баяцца выносіць смецце з хаты: за год нам паступае не менш за тысячу званкоў. Раней у «Прытулку» было чатыры пакоі, цяпер — восем, і ўсе яны запоўненыя. Але 31 месца на вялікі Мінск — гэта вельмі мала. Па рэкамендацыях Камітэта па правах жанчын і роўных магчымасцях Еўрапейскага парламента на 10 тысяч насельніцтва павінна быць прадугледжана адно спальнае месца ў сховішчы для пацярпелых ад хатняга гвалту.

«Ніна»: Кожны дзень вы выслухоўваеце шмат гісторый болі і перамог. Вас яшчэ можна чым-небудзь здзівіць?

ВК: Мяне не перастаюць здзіўляць людзі: і па-добраму, і з дрэннага боку. Я не магу нарадавацца, калі жанчыны прыходзяць да нас і адчуваюць эйфарыю. Нарэшце ім не трэба спаць у адзенні, вешаць кансервавыя банкі на ручку дзвярэй, каб заўсёды быць напагатове і абараняцца. 

Але я не магу быць абыякавай да іх гісторый: калі муж прымушае доўга сядзець у прыбіральні са спушчанымі штанамі, калі прыклейвае яе галаву на выразкі голых цел і рассылае гэта знаёмым, калі прыкоўвае да батарэі наручнікамі ці зачыняе ў пакоі з завешанымі вокнамі, калі выкрадае дзяцей… У 2011 годзе муж выкраў трохгадовага сына. Каб спыніць яго, жанчына лягла на капот машыны: ён правёз яе так некалькі кіламетраў па Кунцаўшчыне, і толькі калі кіроўца тралейбуса перагарадзіў яму дарогу, спыніўся.

Я ніколі не перастану дзівіцца хворай фантазіі людзей. Большасці з іх дапаможа толькі інтэнсіўнае лячэнне. На жаль, у нас няма закона, які б мусова, у якасці альтэрнатыўнага метаду пакарання, накіроўваў мужчын, схільных да агрэсіі, на спецыяльныя карэкцыйныя праграмы.

Недастаткова і спецыялістаў, якія б маглі весці падобныя групы.

Ілюстрацыя на застаўцы cdn.stengellaw.com.

Чытайце таксама:

Гэтая выстава даказвае, што вопратка і сэксуальны гвалт ніяк не звязаныя ФОТЫ

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота Яны Мазуркевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031