Знайсці
24.09.2017 / 14:4215РусŁacБел

1995—2015: як змянілася працягласць жыцця ў Беларусі, а як — у іншых краінах?

Згодна з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні ў Беларусі з 1995 па 2015 год узрасла з 68,6 да 73,9 гадоў (на 5,3 гадоў). Павелічэнне працягласці жыцця можа сведчыць пра паляпшэнне якасці жыцця, медыцынскага абслугоўвання, больш дасканалую дыягностыку хвароб, змяненне звычак грамадства і іншыя прычыны.

Цікава параўнаць гэтыя лічбы з сусветнымі: як за 20 гадоў змянялася працягласць жыцця ў свеце, у тым ліку ў краінах-лідарах і краінах-аўтсайдарах. Для параўнання лічбаў мы выкарыстоўвалі звесткі Сусветнага банка (СБ).

Чаканая працягласць жыцця ва ўсім свеце

Згодна з дадзенымі СБ, чаканая працягласць жыцця ва ўсім свеце з 1995 па 2015 павялічылася з 66,3 да 71,9 года (на 5,6 года). Амаль ва ўсіх краінах свету гэты важны паказчык узрос, акрамя такіх краін, як Лесота і Сірыя, якія сталі ахвярамі сур’ёзных вайсковых канфліктаў або эпідэміі СНІДа.

Сусветны банк займаецца падлікам чаканай працягласці жыцця не толькі па асобных краінах, але і па геаграфічных зонах, эканамічных саюзах і групах краін у залежнасці ад узроўню іх дабрабыту.

Відавочна, што краіны з самым высокім узроўнем даходу маюць і самую высокую працягласць жыцця.

Цікава тое, што ў бедных краінах працягласць жыцця вырасла больш, чым у заможных. Гэта не дзіўна, таму што працягласць жыцця ў бедных краінах была нізкай у першую чаргу з-за высокай дзіцячай смяротнасці і праблемай з доступам да чыстай пітной вады. Нават частковае вырашэнне гэтых праблем дазволіла істотна павялічыць працягласць жыцця ў самых бедных краінах.

 

1995

2015

+

Краіны з нізкім даходам

50,6

62,0

11,4

Краіны з даходам, ніжэйшым за сярэдні

61,2

67,7

6,5

Краіны з сярэднім даходам

65,3

71,1

5,8

Краіны з даходам, вышэйшым за сярэдні

69,4

75,1

5,7

Краіны з высокім даходам

76,3

80,7

4,4

Хто ў аўтсайдарах?

Як у 1995, так і ў 2015 гадах сярод аўтсайдараў па чаканай працягласці жыцця — краіны «чорнай» Афрыкі.

Топ-5 аўтсайдараў на 1995 год выглядаў так:

  1. Руанда: 1995 год — 32, 2015 — 66,6
  2. Сьера-Леонэ: 1995 — 35,7, 2015 — 51,4
  3. Ангола: 1995 — 43,1, 2015 — 61,2
  4. Замбія: 1995 — 43,2, 2015 — 61,3
  5. Уганда: 1995 год — 44,3, 2015 — 59,5

Для ўсіх гэтых краін характэрны аднолькавыя праблемы: беднасць, зруйнаваная войнамі і пераваротамі эканоміка, палітычная нестабільнасць, праблемы з доступам да чыстай пітной вады, недахоп вакцын і іншых медыкаментаў.

За 2015 год топ аўтсайдараў выглядае інакш, але ўсё роўна там знаходзяцца толькі краіны «чорнай» Афрыкі.

  1. Цэнтральна-Афрыканская рэспубліка (51,4)
  2. Сьера-Леонэ (51,4)
  3. Чад (52,6)
  4. Нігерыя (53)
  5. Кот-д’Івуар (53,1)

А хто ў лідарах?

Сярод краін-лідараў ніякіх змен за 20 гадоў амаль не адбылося.

У 1995 годзе першая пяцёрка выглядала так:

  1. Японія (79,5)
  2. Макаа (78,8)
  3. Швецыя (78,7)
  4. Ганконг (78,8)
  5. Швейцарыя (78,4)

А так выглядае топ-5 за 2015 год:

  1. Ганконг (84,3)
  2. Японія (83,8)
  3. Макаа (83,6)
  4. Італія (83,5)
  5. Іспанія (83,4)

Усе гэтыя краіны аб’ядноўвае высокі ўзровень эканамічнага развіцця, медыцыны, яны знаходзяцца ва ўмераных і субтрапічных кліматычных паясах і ўсе (акрамя Швейцарыі) маюць выхад да мора. Нягледзячы на высокую працягласць жыцця ў гэтых краінах ужо ў 1995 годзе, за 20 гадоў гэтыя краіны здолелі павялічыць чаканую працягласць жыцця на 4—5 гадоў.

Як змянялася чаканая працягласць жыцця ў краінах-суседках? 

 

1995

2015

+

Польшча

71,9

78,2

6,3

Літва

69,0

75,1

6,1

Латвія

66,4

74,1

7,7

Беларусь

68,6

73,9

5,3

Украіна

67,1

71,2

4,1

Расія

64,7

70,9

6,2

Ва ўсіх краінах-суседках (за выключэннем Украіны) чаканая працягласць жыцця павялічылася больш, чым у Беларусі. Сярод краін-суседак самы вялікі рост паказала Латвія, дзе чаканая працягласць жыцця павялічылася ажно на 7,7 года, а больш за ўсё адстала Украіна, дзе працягласць жыцця ўзрасла толькі на 4,1 года.

Максім Маханькоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031