Знайсці
22.09.2017 / 11:3037РусŁacБел

У Мінску жывадзёр закалоў віламі кацяня і закапаў яго яшчэ жывым

Мінчанін на вачах у суседзяў закалоў віламі кацяня і закапаў яго яшчэ жывым. Шакаваныя відавочцы выклікалі міліцыю. Няшчасную жывёлінку дасталі на святло і адвезлі ў ветклініку, аднак было ўжо позна… Папярэдні дыягназ — пералом пазваночніка, унутраны крывацёк, удар унутраных органаў. Жудаснае здарэнне апісвае сайт sb.by.

— У суботу я чакаў знаёмага, таму пазіраў у акно другога паверха на кальцавую, — Генадзь, жыхар вуліцы Расонскай вёскі Цна, прыкметна хвалюецца, дагэтуль перажывае тое, што здарылася. — Убачыў, як сваяк суседа па катэджным пасёлку зайшоў у хлеў з віламі. А калі выйшаў… на зубцах вілаў мяўкала і круцілася маленькае рудое кацянятка. Я закрычаў: «Што вы робіце?!» Не звяртаючы на мяне ўвагі, сусед аднёс кацяня да мяжы ўчастка, скінуў на зямлю, потым схадзіў па рыдлёўку і закапаў.

Генадзь выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі Савецкага РУУС Мінска прымусілі суседа адкапаць жывёлу. Кацяня яшчэ дыхала і мяўкала. Яго паклалі на ганак. Па патрабаванні Генадзя жывёлу адвезлі ў ветэрынарную клініку, аднак выратаваць яго не ўдалося.

Ветэрынар зрабіў фатаграфіі няшчаснай жывёлінкі і перадаў іх супрацоўнікам міліцыі. Ён запэўніў таксама, што да забойства кацяня было абсалютна здаровым.

Па словах Генадзя, чалавек, які так жорстка расправіўся з жывёлай, не адчуваў ніякага раскаяння — наадварот, бравіраваў свой учынак і нават пагражаў яму. Пагрозы паступаюць і цяпер, таму мужчына быў вымушаны звярнуцца ў міліцыю з яшчэ адной заявай.

— Матэрыялы праверкі па факце жорсткага абыходжання з жывёлай знаходзяцца ў РУУС Савецкага раёна. Па выніках яе будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням мужчыны, — коратка адказала Аляксандра Папова, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама.

— Адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі прадугледжаная Адміністрацыйным і Крымінальным кодэксамі. Для крымінальнай адказнасці неабходна наяўнасць адной з чатырох прыкмет: хуліганскія або ганебныя матывы, карыслівыя мэты, а таксама ўчыненне злачынства ў прысутнасці заведама малалетніх, — растлумачыў Яўгенія Кабакова, адвакат спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі № 2 МДАК. — Калі ні адна з гэтых прыкмет не будзе ўгледжана, наступіць адміністрацыйная адказнасць, якая цягне накладанне штрафу ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера