Знайсці
22.09.2017 / 17:1521РусŁacБел

Топ-5 глыбокіх і небанальных фільмаў пра настаўніц

Дадавайце ў свой спіс да прагляду!

У фільмах навучанне часцяком прыводзіць да такіх драматычных канфліктаў, што жыццёвыя нягоды пачынаюць здавацца трохі меншымі.

Мы схіляем галаву перад гэтай цяжкай і важнай прафесіяй і прапануем пяць фільмаў, што разглядаюць адукацыю пад рознымі вугламі.

«Няўдзячная справа — вучыць гэтых маленькіх фінаў»

Эліна — Нібыта мяне не было / Elina — Som om jag inte fanns

Клаус Хяро, 2002 год

Сярод празрыстых краявідаў паўночнай Швецыі 50-х гадоў у маленькай вёсцы жыве дзяўчынка, якая любіць блукаць па імшарах і згадваць памерлага бацьку.

У школе аўтарытарная фрэкен Хольм (адна з улюбёных актрыс Бергмана — Бібі Андэрсан) гатова мучыць дзяцей голадам, каб навучыць няўдзячных дзікуноў шведскай мове. Іх родная мова — саамская, аднак хоць нейкая магчымасць атрымаць на ёй адукацыю з’явілася толькі ў 2000 годзе. Так ці інакш, але настаўніца ўпэўненая, што робіць дзецям паслугу, а маленькая Эліна заступаецца за аднакласніка і пачынае маўклівы бунт. Праўда, Хяро невыпадкова лічыцца прыхільнікам паэтычнага кіно, і барацьба за ўласную годнасць — толькі адзін са складнікаў гэтай прыгожай, амаль казачнай гісторыі. Адзіны фільм са спіса, які, без сумневаў, можна раіць для сямейнага прагляду.

«Я буду ў калідоры, але даведаюся, калі вы будзеце размаўляць»

Алівія Кітэрыдж / Olive Kitteridge

Ліза Халадэнка, 2014 год

Алівія — з таго тыпу настаўніц, у якіх на ўроках заўсёды жалезная дысцыпліна, а адзнакі рэдка бываюць вышэйшымі за тройку. Да ўласнага сына яна яшчэ больш строгая, чым да вучняў, а валянцінку ад мужа выкідае ў сметніцу, не прачытаўшы.

Гэты міні-серыял паводле выдатнай кніжкі зусім не літаральная экранізацыя, а, хутчэй, своеасаблівы «Твін Пікс», толькі без містыкі. Але з такім жа правінцыяльным гарадком, дзе ўсё не так міла, як можа падацца на першы погляд, дзе кожны спрабуе выглядаць больш «нармальным», чым на самой справе.

Дарэчы, аператар Фрэдэрык Элмс працаваў у свой час разам з Лінчам, і цяпер па-майстэрску дапамагае распавесці гісторыю, што цягнецца цэлых 25 гадоў (і ўсяго толькі чатыры серыі). Яна складаецца з дробязяў, і маленькія чырвоныя рукавічкі тут значаць больш, чым, скажам, драконы ў іншым вядомым серыяле. А пражытае жыццё пакідае пасля сябе гаркавы прысмак і адчуванне, што ўсё было не дарма.

«Званок! Я раней ні разу яго не чула»

Лес для дрэваў / Der Wald vor lauter Bäumen

Марэн Адэ, 2003 год

Летась, пасля перамогі на Канскім фестывалі, Марэн Адэ нарэшце заўважыла шырокая публіка. Але ўсе яе моцныя бакі можна ацаніць яшчэ ў дэбютным фільме, знятым ашчадна і амаль у стылістыцы «хатняга відэа» ў той жа школе, дзе раней працавала маці рэжысёркі (яе бацька таксама быў настаўнікам). Гісторыя маладой выкладчыцы ў незнаёмым горадзе — гісторыя самоты. Сама Мэлані парушае ўсе магчымыя правілы, а калегі, суседзі і вучні не імкнуцца ўтрымаць яе ад імклівага руху ў нікуды.

Адэ не адводзіць камеру нават у самыя няёмкія моманты, але ўсё ж спачувае сваёй гераіні: бязлітасная яна толькі да абыякавасці.

Фінал можна прачытаць як перамогу гераіні, таму глядач можа выдыхнуць, хаця тое, што Адэ зняла свой фільм за мізэрны бюджэт і яшчэ падчас навучання ў кінашколе, напэўна, пазбавіла сну многіх іншых студэнтаў-рэжысёраў.

«Чаму менавіта мяне — на Алтай?»

Адна / Одна

Грыгоры Козінцаў, Леанід Траўберг, 1931 год

«Адна! Адна!» — так інтэртытры гэтай стужкі перадаюць пачуцці маладой настаўніцы, што ўжо збіралася пабрацца шлюбам з каханым і застацца жыць у горадзе, але нечакана атрымала накіраванне на Алтай. Там яна мусіць змагацца з кулакамі, шаманам і рызыкуе загінуць, бо не ўсе тубыльцы рады прыходу школьнай адукацыі.

Не варта спісваць гэты фільм як чарговую прапаганду пра барацьбу добрага з лепшым. Такую і цяпер часта здымаюць на «Беларусьфільме»: нейкіх шэсць гадоў таму дзяржаўная кінастудыя выплюнула «На раздарожжы» Віталя Дудзіна, бесканфліктнае і хлуслівае кіно пра размеркаванне. У стужцы Козінцава і Траўберга ўражвае нават не столькі дзіўнае спалучэнне экзатызму і дакладнасці ў дэталях побыту, а праўдзівая механістычнасць улады. Дзяржава патрабуе ад грамадзян ахвяраваць усім асабістым, і хаця фармальна гераіня Алены Кузьміной сама вырашае, што не можа здрадзіць агульнай мары, ніякі шчаслівы фінал не сатрэ перажытага адчування вусцішы, падкрэсленага кантрапунктам музыкі Шастаковіча.

«Больш ніхто не прыйдзе»

Маленькая настаўніца / Yi ge dou bu neng shao

Чжан Імоў, 1999 год

Добры ўзор двайных стандартаў Канскага фестывалю: фільм быў зняты з конкурсу ці то за пракітайскую, ці то за антыкітайскую пазіцыю. Быццам бы незаходнім рэжысёрам дазволена здымаць толькі прапаганду ці прыемныя казачкі для турыстаў.

Можа падацца, што завязка сюжэта ўзятая з дзіцячага мультфільма: 13-гадовая Вэй аказваецца часовай настаўніцай у кітайскай вёсачцы, а вучні перыядычна ўцякаюць на заробкі ў горад. І Вэй вымушаная спалучаць навучанне са спробамі ўтрымаць дзяцей на занятках. Але акцёры-непрафесіяналы выступаюць пад уласнымі імёнамі, у сваіх звыклых жыццёвых ролях, і ўсе гэтыя неверагодныя падзеі — частка наступстваў маштабнай рэформы адукацыі ў 1990 годзе.

Адсутнасць адназначнай палітычнай арыентацыі вынікае з жадання адначасова наблізіцца да рэальнасці і натхніць гледачоў. Невыпадкова кажуць, што фільм стаў асабліва папулярным сярод кітайскіх настаўнікаў. Нікому не хочацца верыць, што іх прафесія безнадзейная. У Чжана Імоў можна знайсці і парады па выкладанні, і крытыку адукацыйнай палітыкі, і нетрывіяльную рамантычную лінію, і надзею на лепшае. Гэта не ўзор афіцыёзнага кіно, а выхад за межы.

Максім Карпіцкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031