Знайсці
21.09.2017 / 20:3135РусŁacБел

Ці забароніць Пуцін абавязковае навучанне татарскай мовы ў школах?

У Татарстане набірае абароты так званы моўны скандал. Некаторыя дабіваюцца, каб вывучэнне татарскай мовы ў школах стала неабавязковым. Улады Татарстана супраціўляюцца.

Гісторыя пачалася яшчэ ў сярэдзіне ліпеня, калі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас выступу ў Ёшкар-Але заявіў пра недапушчальнасць вывучэння няродных моваў на шкоду рускай мове. Ён даручыў Генеральнай пракуратуры да 30 лістапада праверыць, ці з’яўляецца добраахвотным вывучэннем моваў народаў Расіі.

Адразу ў Татарстане пачаў набіраць сілу рух супраць абавязковага вывучэння татарскай. Зрэшты, назваць гэты рух надзвычай масавым немагчыма. Толькі 1536 бацькоў з 92 татарскіх школаў напісалі адмову ад абавязковага выкладання татарскай мовы для іх дзяцей.

Прэзідэнт Татарстана Руслан Мініханаў у сваю чаргу выказаўся, што вывучэнне татарскай застанецца абавязковым. На словы бацькоў, што дзеці пасля школы ўсё адно не могуць размаўляць па-татарску, Мінніханаў адзначыў, што неабходна павысіць узровень выкладання.

Некаторыя ўжо параўноўваюць сітуацыю ў Татарстане з украінскай. «Паглядзіце, што адбылося ў рускамоўнай частцы Украіны. Калі пачалі паўсюдна выцясняць рускую мову з усіх узроўняў, украінская мова так і не паднялася на больш высокі ўзровень. У выніку цяпер значная частка маладых украінцаў не только ўкраінскай, але і рускай мовы толкам не ведае. А калі і ведае ўкраінскую, то сфера яе прымянення застаецца вельмі абмежаванай. І падобныя працэсы адбываліся і адбываюцца ў тых нацыянальных рэспубліках на тэрыторыі Расіі, дзе ў шкоду рускай мове навязваецца абавязковае вывучэнне моў так званых тытульных этнасаў», — у інтэрв’ю выданню «Свабодная прэса» кажа дырэктар фонда «Народная дэмакратыя» Аляксей Качаткоў.

Каміла Гафурзянава.

Напрыклад, алімпійская медалістка ў фехтаванні Каміла Гафурзянава напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Змагаешся за адмену абавязковага вывучэння татарскай мовы? Выдалі мяне з сяброў». Пазней яна разгарнула сваю думку: «Я ганаруся тым, што я татарка, што я вырасла ў Татарстане. Я ганаруся сваім народам, сваёй культурай і мовай. Я працягваю вывучаць татарскую мову, знаходзячыся ў іншай краіне», — напісала Гафурзянава.

На сённяшні дзень у татарскіх школах шэсць урокаў на тыдзень татарскай мовы і тры ўрокі рускай.

Першай адмову ад абавязковага навучання татарскай напісала Алсу Газізава. «Не ведаю, чаму іх вучаць на ўроках, але выканаць заданні па татарскай мы не ў сілах», — сказала Алсу пра свайго сына.

Нешта падобнае было сёлета і ў Башкартастане, і тамтэйшы прэзідэнт Рустэм Хамітаў заявіў аб адмове ад абавязковага вывучэння башкірскай мовы. Татары пакуль не здаюцца.

На сёння этнічныя татары складаюць большасць у Татарстане. Паводле перапісу 2010 года, іх доля ад агульнага насельніцтва складае 53% — гэта найбольшы паказчык на працягу апошніх 100 гадоў.

Дзяржаўнымі мовамі ў Татарстане з’яўляюцца руская і татарская. Не так даўно Татарстан згубіў свой асаблівы статус. Татарстан меў спецыяльную дамову з федэральным цэнтрам ад 1994 года. Яна прадугледжвала права аўтаноміі валодаць сваімі прыроднымі рэсурсамі і мець свой Нацыянальны банк. Акрамя таго, Татарстан меў сімвалічнае права выдаваць сваім грамадзянам укладку ў пашпарт на татарскай мове з гербам Татарстана.

Цяпер па Татарстане і яго тоеснасці можа быць нанесены новы ўдар.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера