Знайсці
21.09.2017 / 09:154РусŁacБел

УЕФА ўводзіць з наступнага года новы турнір для зборных, адмяняючы таварыскія матчы

УЕФА зацвердзіў рэгламент Лігі нацый — новага турніру для зборных, які пачнецца ў верасні 2018 года. Першы матч новага турніру адбудзецца 6 верасня 2018 года.

Ліга нацый — новы турнір, які заменіць большасць таварыскіх матчаў зборных афіцыйнымі і дазволіць ім гуляць з роўнымі па класе камандамі, каб забяспечыць росквіт футбола на ўзроўні зборных.

Удзел у турніры возьмуць усе 55 зборных.

Каманды размяркуюць па чатырох лігах (A, B, C і D) у адпаведнасці з іх рэйтынгам на канец еўрапейскай кваліфікацыі ЧС-2018 (вынікі пасля 11 кастрычніка 2017 года ўлічвацца не будуць, у тым ліку вынікі стыкавых матчаў).

У лізе А згуляюць 12 топ-зборных. Наступныя 12 трапяць у лігу B, наступныя 15 - у лігу C, 16, што засталіся — у лігу D.

Лігі A і B будуць складюцца з чатырох груп па тры каманды. Ліга C — з адной групы з трыма камандамі і трох груп па чатыры каманды. Ліга D — з чатырох груп па чатыры каманды.

Зборная Беларусі, хутчэй за ўсё, трапіць або ў лігу C (зараз у нас 36-е месца), або D (там будуць каманды з 40-га месца і ніжэй). Працэдура лёсавання не зацверджана. Матчы будуць праводзіцца дома і на выездзе ў верасні-лістападзе 2018 года (кожная зборная правядзе чатыры ці шэсць гульняў у залежнасці ад памеру групы).

Пераможцы чатырох груп лігі А выйдуць у фінальную стадыю, якая пройдзе ў чэрвені 2019 года. Яна будзе складацца з паўфіналаў, матча за трэцяе месца і фіналу. Гаспадароў абярэ Выканаўчы камітэт УЕФА ў снежні 2018 года з ліку ўдзельнікаў.

Пераможцы груп ліг B, C і D заробяць павышэнне ў класе. Горшыя каманды ў групах ліг А, В і С вылецяць у ніжэйшую лігу.

Такім чынам, еўрапейскія зборныя будуць змагацца альбо за перамогу ў Лізе нацый, альбо за выхад у дывізіён вышэй, альбо за захаванне месца ў сваім дывізіёне.

Лёсаванне групавога этапу Лігі нацый пройдзе 24 студзеня 2018 года.

Адборачны цыкл ЕЎРА-2020 не зведае сур'ёзных змен (вызначацца ўладальнікі 24 пуцёвак). Але пачнецца ён не ў верасні, як было раней пасля фінальных стадый буйных турніраў, а сакавіку 2019 года.

Каманды разаб'юць на дзесяць груп па пяць ці шэсць зборных. Дзве лепшыя зборныя кожнай групы выйдуць у фінальную стадыю. Так вызначацца ўладальнікі першых 20 пуцёвак.

Яшчэ чатыры ўдзельнікі ЕЎРА-2020 вызначацца ў стыкавых турнірах з удзелам 16 пераможцаў груп Лігі нацый УЕФА (пераможцаў усіх чатырох груп ва ўсіх чатырох лігах).

У кожнай лізе свой плэй-оф будзе з двух аднаматчавых паўфіналаў і фіналу. Пераможцы кожнага плэй-оф атрымліваюць пуцёўкі на ЕЎРА-2020.

Прессбол

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера