Знайсці
20.09.2017 / 13:4914РусŁacБел

Як беларусізаваць мужа ці жонку — шэсць крокаў

«Мова Нанова» напісала падрабязную інструкцыю, якая тлумачыць, што рабіць, калі каханы ці каханая гавораць з вамі не на адной мове.

Нярэдка здараецца, што другая палова размаўляе з вамі на іншай мове і абяцае рана ці позна перайсці на беларускую. Але гэты момант пераўтвараецца ў бясконцасць. Што рабіць, каб потым не было сорамна за блізкіх?

Часта нават у сем’ях вядомых пісьменнікаў і мастакоў дзеці не могуць звязаць па-беларуску трох словаў. Маўляў, выхаванне грунтавалася на свабодзе выбару. Хоць на справе паважаныя бацькі ў такіх сітуацыях выглядаюць папросту бесхарактарнымі.

Вось некалькі простых крокаў, з якіх можна пачаць мяккую беларусізацыю.

Крок 1. Выбіраць беларускую мову ў банкаматах

Бывае, чалавек бянтэжыцца і пераходзіць на рускую ў прысутнасці звычайнага бармэна ці афіцыянта.

— Будьте добры, чашку кофе, — шакуе вас другая палова, хоць вы ад яе чакалі «Калі ласка, філіжанку кавы».

Калі вашы каханыя і блізкія баяцца асуджэння афіцыянтаў, прыбіральшчыц ці вялікіх начальнікаў, прапануйце ім для пачатку не баяцца хаця б… банкаматаў. Да таго ж, шмат якія банкі сёння ўводзяць для кліентаў беларускамоўныя опцыі. Галоўнае, калі ўстаўляеш у прымальнік пластыкавую картку, выбіраць менавіта нашу мову.

Калі вы ў такі момант знаходзіцеся побач з блізкім чалавекам, пільна сачыце за правільным выбарам у меню банкамата ці плацёжнага тэрмінала.

Крок 2. Беларускамоўныя версіі сайтаў

Тут тая ж сітуацыя, што і з банкаматамі. Патлумачце другой палове, што не трэба шкадаваць адной-дзвюх секунд, каб пераключыць патрэбны сайт на нашу мову, калі такая опцыя ёсць.

Напрыклад, калі хочаце паглядзець чэргі аўтаранспарту на мяжы, то гэта можна зрабіць на беларускамоўнай старонцы Дзяржаўнага памежнага камітэту. На сайце Следчага камітэту магчыма чытаць крымінальныя навіны па-беларуску. І гэтак далей.

Калі вы футбольны заўзятар, то, напрыклад, на сайце мінскага «Дынама» ёсць цудоўная беларускамоўная версія.

Крок 3. Пісьменныя правы кіроўцы

Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі ўпарта карыстаецца ў некаторых дакументах непрыхаванай трасянкай. У тэхнічным пашпарце на транспартны сродак у адным сказе ўжываюцца адразу дзве мовы. Напрыклад, насупраць слова «колер» лепяць «голубой», а не «блакітны». Хоць многім хацелася б, каб усё было напісана па-беларуску.

Даішнікі тлумачаць праблему тым, што ў іх старое праграмнае забеспячэнне і ўпісваць дадзеныя ў тэхнічны пашпарт трэба ледзьве не рукой. А на гэта сыходзяць цэлыя тыдні. Тым часам беларускамоўны аўтааматар вымушаны чакаць правільны тэхнічны пашпарт і адмовіцца на пэўны час ад паездак за мяжу.

Каб правы кіроўцы былі правільнымі, у заяве на іх абмен ці атрыманне трэба пазначаць: «Прашу напісаць мае дадзеныя па-беларуску». Ужо на наступны дзень ваша другая палова прад’явіць на сямейнай нарадзе дакумент, які будзе цешыць вока.

Здавалася б, драбяза. Але кропля камень точыць.

Галоўны прынцып — максімальна карыстацца роднай мовай там, дзе гэта магчыма. Пазней гэта пераўтворыцца ў сістэму.

А ўвогуле, чытайце сайты, дзе ёсць беларуская мова, і падтрымлівайце годныя каманды.

Крок 4. Выбіраць інтэлігентныя забавы

Няпроста увесь час падтрымліваць у сваёй другой палове цяпельца беларушчыны, асабліва калі чалавек вагаецца. Але ёсць надзейныя спосабы. Калі бываеце ў тым жа Мінску, рэгулярна наведвайце Купалаўскі тэатр ці беларускамоўныя спектаклі ў іншых годных месцах. Паверце, гэта куды больш цікава, чым «Бітва экстрасэнсаў» і шашлыкі. Тэатры, дзе паважаюць беларускую мову, звычайна больш якасныя. Для параўнання, Нацыянальны тэатр оперы і балета зрусіфікаваны ад праграмак да артыстаў. Або Драматычны тэатр імя Горкага, які нават сайт мае rustheatre.by. Ясна, што нічога беларускага чакаць там не варта. Дык навошта беларускамоўнаму чалавеку такія «нацыянальныя» тэатры?

Калі казаць пра выступы на нашых пляцоўках зорак сусветнага маштабу, раім звярнуць увагу на Беларускую дзяржаўную філармонію. Зазвычай стваральнікі «платынавых» дыскаў прыязджаюць менавіта сюды. Улетку 2017-га года, да прыкладу, у мясцовую канцэртную залу завітаў знакаміты польскі джазмэн Лешак Можджар.

Канферанс падчас такіх шоу нярэдка вядзецца па-беларуску. Такім чынам, муж ці жонка змогуць зразумець, што беларуская мова — элітарная.

Крок 5. Гутарыць па-беларуску дома

— Калі ты ў мірны час баішся размаўляць па-беларуску, то як з табой сядзець у адным акопе ў выпадку вайны? — так трэба адказваць сваёй другой палове на пярэчанні па моўных пытаннях.

Забудзьцеся пра літасць, не паддавайцеся на правакацыі, памятайце, што калі жонка ці муж застануцца рускамоўнымі, то і дзіця, імаверна, будзе браць прыклад з яго (яе).

Адным з эфектыўных першых крокаў можа стаць вызначэнне дома беларускамоўных дзён. Скажам, адзін на тыдзень. Потым — два на тыдзень. З часам усе дні павінны стаць беларускамоўнымі.

Крок 6

Маеце цікавы досвед у гэтай справе? Апішыце яго і дашліце нам на [email protected]

Яўген Калошын, «Мова Нанова», фота аўтара

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930