Знайсці
19.09.2017 / 15:509РусŁacБел

Блогер Лапшын месяц правёў у адной камеры з Юркойцем: «Алесь — адзін з найлепшых людзей, што я ведаў у жыцці»

Як аказалася, блогер Аляксандр Лапшын, які быў экстрадзіраваны ў Азербайджан з Мінска, месяц правёў у адной камеры з Алесем Юркойцем — вядомым краязнаўцам, папулярызатарам беларушчыны, асуджаным па справе ашмянскіх мытнікаў. Пра ўражанні ад іх сустрэчы блогер і падарожнік падзяліўся ў сваім блогу.

Не магу маўчаць, гэта жудасна: адзін з найлепшых людзей, што я ведаў у жыцці, атрымаў 7 гадоў турмы.

Алесь Юркойць, вядомы краязнаўца і патрыёт Беларусі, жыхар Ашмянскага раёна, прысуджаны на мінулым тыдні мінскім судом да 7 гадоў турмы. Мы з ім правялі ў адной камеры мінскага СІЗА-1 — лагера смерці ў цэнтры Мінска — каля месяца. І я вам магу сказаць, што гэта адзін з найлепшых людзей, што я ведаў у жыцці. Ён дапамагаў і падтрымліваў усіх нас, ён быў моцны і мужны, нягледзячы на ўсё, што адбываецца. Яго чакаюць тры маленькія дачкі, жонка і пажылая мама. Улады арыштавалі яго яшчэ ў 2015 годзе і 2 гады трымалі ў мінскім СІЗА, абвінавачваючы нібыта ў хабарах на мытні Каменны Лог на мяжы з Літвой, дзе ён працаваў.

Я чытаў яго справу, я асабіста бачыў усе дакументы — абсалютна нічым не абгрунтаваныя абвінавачванні, ані не лепш, чым азербайджанцы павесілі на мяне «заклікі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці Азербайджана». Алесь не займаўся палітыкай, ён проста лічыў, што беларускі народ павінен захоўваць сваю культуру і мову. Ён не хадзіў на дэманстрацыі і не знаходзіўся ні ў якой апазіцыі. Трапіў пад «раздачу» на пустым месцы. Сябры, у мяне шок, абурэнне і адчуванне абсалютнага бязмежжа, што творыцца ў дадзенай краіне, якую я калісьці шчыра любіў.

Алесь, брат, трымайся! Веру, што справядлівасць будзе і гэты чалавек вернецца дадому. І й з вялікай літары.

Фота Сяргея Гудзіліна

Надзіва цікавы і адукаваны чалавек. Мы абмяркоўвалі генацыд тутсі ў Руандзе, руска-японскую вайну 1905 года, рэлігію (ён каталік) і атэізм, чалавечую подласць і мужнасць. У значнай ступені Алесь зрабіў мяне і іншых хлопцаў у камеры моцнымі. Ён нас пераконваў, што наш дух вольны заўсёды, а закаваўшы цела ў чатыры сцяны, яны нічога не змогуць з намі зрабіць. Зараз я бачу яго спакойны твар на судзе, добрую ўсмешку і разумею, што ён вышэйшы за ўсё гэта. Ён вышэйшы за сваіх суддзяў, вышэйшы за натоўп пагоннікаў, вышэйшы за ўсіх тых, хто забівае яго краіну.

Калі 7 лютага дзверы камеры расчыніліся і бугай крыкнуў «Лапшын, з рэчамі», маючы на ўвазе экстрадыцыю ў Азербайджан, мы не паспелі выпіць традыцыйнага чаю, як рабілі гэта заўсёды, калі хтосьці кудысьці сыходзіў. Я паспеў пажадаць Алесю хутчэй вярнуцца дамоў і той адказаў: «А я дома, ты ж ведаеш, Саш, яны могуць зламаць наша цела, але не волю».

Я буду ў Ерусаліме на наступным тыдні, і, хоць зусім не веру ў містыку, але я ўкладу запіску ў Сцяну Плачу з просьбай, каб Алесь вярнуўся дадому. Гэта тое нямногае, што я магу зрабіць.

Чытайце таксама: Блогер Лапшын: На Валадарцы ахоўнікі звярталіся да мяне «русіш швайнэ»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930