Пад Ваўкавыскам разбіўся «Форд»: непрышпілены кіроўца загінуў
16 верасня каля 16.20 на аўтадарозе Р99 Баранавічы - Ваўкавыск - Гродна ў вёсцы Янышы Ваўкавыскага раёна адбылася смяротная аўтааварыя, паведамляе ДАІ Гродзенскай вобласці.
Кіроўца 1968 года нараджэння, кіруючы аўтамабілем «Форд Мандэа» з двума пасажырамі ў салоне, пачаў абгон «Фольксвагена», які рухаўся наперадзе з прычэпам. Падчас манеўру кіроўца «Форда» не вытрымаў бакавы інтэрвал і закрануў прычэп. Машына страціла кіраванне, паляцела ў кювет і перакулілася.
Пасажыры былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, што і зберагло іх ад сур'ёзных траўмаў. Кіроўца ж рамянём не прышпіліўся, з-за чаго пасля ўдару яго часткова выкінула з салона. Ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы.
Кіроўца - жыхар Ваўкавыскага раёна, за апошнія два гады ён некалькі разоў прыцягваўся да адказнасці за невыкарыстанне рамяня бяспекі.