Памёр Аляксей Кавалец
Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку кіраўнік Руху за Свабоду Юрась Губарэвіч.
«Сёння адышоў у лепшы свет Аляксей Кавалец. Адказны і мужны чалавек, сапраўдны патрыёт Беларусі.
Аляксей працяглы час змагаўся з невылечнай хваробай, але да апошніх дзён заставаўся актыўным і руплівым, даваў прыклад іншым, думаў больш не пра сябе, а пра супольную справу.
Глыбока сумую з нагоды сыхода аднаго з лепшых сыноў Беларусі. Нам будзе яго моцна не хапаць.
Спачуванні сям'і і блізкім», — піша Губарэвіч.
Аляксей Кавалец — вайсковец, капітан у адстаўцы, доўгі час быў актывістам Народнага Фронту, пасля Руху за Свабоду. У 2001 годзе ён быў кіраўніком мінскага гарадскога штаба Сямёна Домаша. У 2006-м быў у нацыянальным штабе Аляксандра Мілінкевіча, пасля чаго стаў ягоным памочнікам.
Шмат гадоў Кавалец змагаўся з анкалагічнай хваробай.
Спадар Аляксей быў надзвычай беларускі чалавек і меў выдатнае пачуцце гумару.