Знайсці
17.09.2017 / 11:3053РусŁacБел

«Калі няма на свеце маёй мовы…»

17 верасня — 105 год ад нараджэння Максіма Танка, народнага паэта Беларусі.

І так склалася, што ў 27-ы дзень яго нараджэння, 17 верасня 1939, Чырвоная армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, далучыўшы яе да СССР.

Танк горача вітаў з'яднанне дзвюх частак Беларусі, разарваных Рыжскім мірам, вітаў далучэнне сваёй радзімы да камуністычнага свету, у які шчыра верыў. 

Пасля ён цудам пазбег рэпрэсій, бачыў татальную саветызацыю і русіфікацыю Беларусі. Але яму ўдалося пабачыць і разбурэнне савецкай дзяржавы, і пачаткі беларускай незалежнасці. 

Давайце разам згадаем колькі вершаў гэтага па-еўрапейску вялікага паэта.

* * *

Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога, —
Дык для каго будуеце, панове,
Канцлагеры, катоўні і астрогі?

Супроць каго рыхтуеце расправы
І шыбеніцы ўзносіце пад хмары,
Штодня арганізуеце аблавы
І ўсіх мабілізуеце жандараў?

Супроць каго рыхтуеце вы змовы
З прадажнымі і юдамі і богам, —
Калі няма на свеце маёй мовы,
Майго народа і мяне самога!

1931

* * *

Паслухайце, вясна ідзе. 
Звініць ў маім акне жалеза. 
З вінтоўкай стражнік ноч і дзень
Пільнуе куст пахучы бэзу.

А ён расцьвіў, агнём гарыць,
Такім пахучым, мяккім, сінім;
На дрот калючы, на муры,
Як хустку, полымя ускінуў.

Я ціха разбудзіў другіх.
Ад слёз сінелі вочы бэзам.
I недзе хруснула ў худых
Руках іржавае жалеза.

1937

На пероне

Гудкі і калёс перазвон, —
Памалу цягнік пад’язджае.
Абмыла вячэрні пэрон
I песня, і мова чужая. 

I ўсё іх дзівіла у нас:
I беднасць зямлі,
I багацьце,
Палёў хараство, 
I вясна, 
I нашы лазовыя лапці. 

Чуваць быў начлежны напеў… 
Праплакаў кулік над папарам.
Хтось «Мацюся» хрыпла запеў
Пад струны гавайскай гітары.

На захад ідуць цягнікі —
Лён,
Жыта,
Сасна і бяроза…
Гляджу і гляджу з-пад рукі,
Як моладасць нашу вывозяць.

1938

Песня кулікоў

Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай, 
Цішыня ў хаціне згорбленай, старой, 
Ды гарыць памалу ноч даўгой лучынай, 
Сцелючы сасновым дымам і смалой… 
Часам вецер дрэвы, зачапіўшы гужам, 
Доўга іх пілуе месяца сярпом
I снуе на плоце белы снежны кужаль
З доўгай снежнай песняй за сьляпым акном. 
Дымна ў печы дровы і карчы палаюць. 
Зайцамі кладуцца цені на сцяне. 
Пеніцца сярдзіта бульба, закіпае
Снежнаю завеяй ў чорным сагане. 

— Ну, садзіся з намі! — дзед стары гаворыць
I акраец хлеба чорнага кладзе. 
— Наарфуе снегу, бы мякіны горы, 
Ні праехаць полем, ні прайсці нідзе… 
Сам, відаць, далёкі… не з блізкіх аколіц, 
Не з-пад нашых, пэўна, саламяных стрэх… 
Ды апранут слаба — змерзнеш недзе ў полі; 
Хоць на лаве мулка, перасьпі начлег! 
Бачыш: у нас голад, жыць нялёгка, браце, 
Хлеб на стол кладзецца толькі для гасцей. 
Добра, калі хопіць бульбы ў нашай хаце
Да вясны, да першых з выраю гусей… 

Час такі нядобры. З першых дзён марозу
Маладых нямала ў турмы павялі. 
Шмат разоў, напэўна, шэрыя бярозы
След іх белым ветрам ў полі замялі. 
Каб далі вучыцца нам на мове роднай, 
Ўсе мы дамагаліся грудзьмі… 
Я ўжо хутка лягу пад сасной зялёнай, —
Што, скажы мне, будзе з нашымі дзяцьмі? 

У кутку, на нарах, на старую кніжку
Ціхі голас льецца і чупрыны бель; 
Сумна з маладзіцай над малой калыскай
Ўсхліпывае песняй белая мяцель. 
— Спі, засні, маленькі!.. 
— Што, мужык на працы? 
Кажаш, у астрозе? Дзесяць год далі?! 
— Спі, засні, саколік! —
Быццам дождж гарачы, 
Так з вачэй у маткі слёзы паплылі. 

— Я, стары, таксама з-пад страхі сялянскай, 
Быў і там, дзе сёння твой гаруе сын… 
Шмат слядоў пакінуў на дарогах гразкіх, 
На скрыпучых струнах белых палазін… 

— Спі, засні, маленькі, родненькі саколік! 
Ну, не плач, мой добры!.. 
Слухай: ля ракі
Не мяцель галосіць на заснуўшым полі, 
А ў імгле зблудзілі, пэўна, кулікі… 

I стары ўздымае выцвілыя вочы: 
— Ну скажы, ці доўга гэта будзе так? 
Сеяць усё сеем — з рана да паўночы, 
А з бяды не можам выбрацца ніяк. 
I ў нас цёмна, змрочна, толькі час ад часу
Загарыцца сонца паміж нашых стрэх, 
Ды сядзім паўгода над галодным квасам, 
Нашы сцежкі ў полі замятае снег… 
Кажаш — ужо хутка выпрастаем плечы, 
Кажаш аб шырэйшых нівах, аб вясне. 
Вось і я, здаецца, вылез бы з-за печы, 
Хай пакліча толькі моладзь і мяне. 

…………………………………………….

За разбітай шыбай стогне вецер глуха, 
Рвуцца пражы ніткі, ўюцца на калкі… 
— Спі, засні, маленькі… або лепш паслухай, 
Як, зблудзіўшы недзе, плачуць кулікі… 

Пахне дзёгцем, потам, рыжаю аўчынай, 
Цішыня ў хаціне згорбленай, старой; 
Ціха дагарае ноч даўгой лучынай, 
Сцелючы сасновым дымам і смалой. 
Пад разлівы песні хмарыць сон гарачы. 
— Спі, засні, мой добры… слухай… ля ракі… 
Ды і мне здаецца, што ў імгле, няйначай, 
Не мяцель, а плачуць недзе кулікі.

1936

Родная мова

З легендаў i казак былых пакаленняў, 
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц, 
З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў, 
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц. 
З птушынага шчэбету, шуму дубровы, 
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, —
Ты выткана, дзiўная родная мова. 

Няма на зямлi таго шчасця i гора, 
Якога б ты нам перадаць не магла. 
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
ад спаленай хатай, над родным загонам, 
Над будучыняй і песняй маёй —
Над тым, што было i што век будзе вольным. 

Народ пранясе цябе, родная мова, 
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых. 
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, —
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом, 
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце, 
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

А якія творы Танка Вы лічыце вартымі?

Чытайце таксама:

Што пісаў Максім Танк у дзённіках 30, 40, 50 гадоў таму

Дубы Максіма Танка

Таямніца забойства сястры Максіма Танка

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера