Знайсці
17.09.2017 / 12:437РусŁacБел

Мінск у савецкім люстэрку

Пра маштабную выставу ў Мастацкім музеі «Горад. Архітэктура. Мы» піша Сяргей Харэўскі. 

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі праходзіць выстава «Горад. Архітэктура. Мы», прытарнаваная да 950-годдзя першае пісьмовае згадкі сталіцы Беларусі.

У экспазіцыю выставы ўвайшло блізу ста твораў жывапісу, графікі і скульптуры. Такім чынам яна стала найбуйнейшым у гісторыі мастацкім праектам, прысвечаным гісторыі Мінска. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося 28 жніўня, напярэдадні Дня горада, і працягнецца да кастрычніка.

Анатоль Шыбнёў. Касцёл узімку. Мінск. 1945.

Праца з такой маштабнай экспазіцыяй — заўсёды выклік. Выклік арганізатарам, музею, усяму грамадству. Ва ўмовах, калі паміж публікай і нашай мастацкай спадчынай застаецца непераадольны мур, калі тузін гадоў у нашых школах не выкладалі мастацкае культуры, калі абсалютная большасць беларусаў не наведвае музеяў, калі мы ўсё яшчэ не вызначыліся з уласнай ідэнтычнасцю, не адаптавалі ўласную культурную спадчыну, такі праект — велізарны крок наперад. Перадусім — для самога Мінска, які ўсё яшчэ шукае сябе на руінах мінуўшчыны, але ўсё яшчэ не можа адважыцца прыняць цяпершчыну.…Мінск, якi доўгiя стагоддзi быў цэнтрам ваяводства, губерні, праз нейкi няясны збег абставiн не быў тым местам, дзе б нараджалiся выдатныя асобы. Здавалася, нiшто таму не замiнала… Тым часам Полацак, Наваградак, блізкая Вiльня ці далёкi Мсцiслаў бясконца выпраўлялi ў людскi свет рыцараў духу, мяча i пяра. Мінск, нiбы прадбачыўшы сваё прызначэнне, зберагаў у сабе тыя зярняты, што прараслi толькi напрыканцы дваццатага стагоддзя. Колькi ў Мінску нарадзiлася мастакоў? Здавалася б, не так і шмат… Затое тыя, хто знайшоў тут сябе, апявалі сталіцу на ўсе лады, ствараючы ўсё новыя, нязнаныя, нябачаныя вобразы горада на Свіслаччу…

Абрам Кроль. Апоўдні. 1962.

Менавіта Мінск стаў месцам пачатку творчых шляхоў такіх сусветна вядомых мастакоў, як Фердынанд Рушчыц, Хаім Суцін, Міхаіл Кікоін, Уладзіслаў Стрэмінскі ды многіх іншых. Пра што, на жаль, выстава «Горад. Архітэктура. Мы» не нагадвае. Тым часам Мінск пачатку ХХ ст. быў у рэгіёне адным з галоўных цэнтраў культуры Усходняе Еўропы, дзе жылі многія беларускія, польскія, яўрэйскія, расійскія і нават украінскія творцы.

Натан Воранаў. Мінск, Інтэрнацыянальная вуліца. 1949.

Перад вайною сталіца Беларусі, дзякуючы свайму статусу, сталася цэнтрам прыцягнення для мастакоў, якія воляю лёсу апынуліся тут, у самым віры невераемных пераменаў, сталі сведкамі паўставання нашае нацыі. Гэтак тут апынуўся Аскар Марыкс, Аляксандар Ахола-Вало, Анатоль Тычына, Мэер Сляпян, Гаўрыла Віер ды многія іншыя, чые малыя радзімы, па-за Беларуссю, былі на той час зусім далёкімі. У часе апошняе вайны, так сталася, многія мастакі Мінска (В. Волкаў, М. Гусеў, І. Гэмбіцкі, Я. Ціхановіч, М. Дучыц, П. Гуткоўскі ды іншыя) у горадзе перажылі акупацыю, а пасля зноў спрычынілія да аднаўлення культурнага жыцця па вайне. Пасля вайны ў сталіцу Беларусі вярнуліся з эвакуацыі франтоў З. Азгур, І. Ахрэмчык, І. Басаў, М. Данцыг, А. Кашкурэвіч, А. Мазалёў… Урэшце, у другой палове мінулага, ХХ стагоддзя, відавочным сталася панаванне урбаністычных тэм у нашым выяўленчым мастацтве. Перадусім гэта творы, прысвечаныя Мінску, што ад пачатку 1960-х гадоў паўстае на палотнах мастакоў як вялікая сталіца рэспублікі. Тады ў сюжэтах адбыўся важны зрух — ад пафасу новабудоўляў да лірычных вобразаў паўсядзённасці. Урбаністычны краявід, гарадскі быт сталі галоўнымі тэмамі цэлае плеяды класікаў беларускага мастацтва — Б. Аракчэева, Л. Дударэнкі, А. Малішэўскага, Л.Шчамялёва, В. Сумарава.

Арганізатары выставы ставілі сабе на мэце наблізіцца да разумення тэмы Мінска ў беларускім выяўленчым мастацтве, пазначыць пэўную колькасць ідэй, матываў і тэм. Але так сталася, што абсалютная большасць тых матываў і ідэй, што прадстаўленыя на гэтай выставе, рэпрэзентуюць нам прапагандысцкі савецкі кшталт, набор безканфліктных сюжэтаў, што ўслаўляюць сацыялістычны лад жыцця. Прапанаваны зрэз гарадской іканаграфіі аказаўся надзіва цэласным, але аднастайным. А тое, што выпадае з гэтае маналітнасці — напрыклад, графіка Язэпа Драздовіча, экспанаваная да прыкрага няўдала: раскладзеныя ў нізкай вітрыне класічныя творы мастака, прыхінутыя зверху цэтлікам. На жаль, графіка, прысвечаная Мінску, наогул прадстаўленая вельмі слаба. Тым часам менавіта графічныя творы Малкіна, Гуткоўскага, Каржанеўскага, Дучыца, Гембіцкага, Кашкурэвіча прадстаўляюць нам самыя вострыя, метафізічныя, сутнасныя вобразы гэтага горада… Бадай, ці не ў кожнага з беларускіх графікаў, у тым ліку і класікаў, ёсць творы, прысвечаныя Мінску! Бадай, менавіта такая панарама найбольш красамоўна засведчыла б і змены стыляў і вобразаў, і архітэктуры горада, і нас у ім… І пачаць было б варта не ад савецкага часу, ад ад класічных, добра ведамых знаўцам, твораў Пешкі, Ляверня, Орды… Дарэчы, выстава твораў Напалеона Орды, што праходзіць гэтымі днямі тамсама — выдатны дадатак, для паўнаты ўяўлення, пра той вялікі, несвувымерна больш доўгі, чым эпоха сацыялізму, шлях, што прайшоў наш горад і нашае мастацтва…

Выглядае, што, наўмысна або не, арганізатары ўплішчылі менавіта ў савецкі перыяд амаль усё, што выстаўлена. І гэтая канцэпцыя знаходзіць нечаканае пацвярджэнне ў завяршэнні экспазіцыі, дзе змешчаны невялікі, паводле фармату, але яркі твор Адама Глобуса, што быў змешчаны і на вялікім плакаце выставы на фасадзе музея. Чаму толькі адзін гэты твор ХХІ стагоддзя? Чаму няма яшчэ пары твораў таго ж Глобуса? Чаму няма твораў іншых мастакоў ягонага пакалення? Дзеля чаго ўнікнулі паказу твораў за апошнія чвэрць стагоддзя, часоў незалежнасці?

Адам Глобус. «Мой родны Мінск…». 2014.

Выдатна, што на выставе прадстаўленыя творы славутых творцаў, як Сяргея Каткова і Барыса Аракчэева, але, бадай, для паўнаты ўяўленняў пра пераймальнасць традыцый мінскае школы жывапісу, варта было б прадставіць творы і іх дачок — мастачак Святланы Катковай і Аксаны Аракчэеевай. Выстава наогул атрымалася амаль дарэшты — «мужчынскай»… Хоць такія мастачкі, як Раіса Кудрэвіч, Валяр'яна Жолтак, Зоя Літвінава, Нінэль Шчасная, скульптарка Святлана Гарбунова, таксама стварылі багата твораў, пераасэнсоўваючы Мінск, ягонае месца і час. 

Разам з тым, творы Альпяровіча і Волкава, Манасзона і Данцыга, Стальмашонка і Марыкса, Ахрэмчыка і Воранава, Шыбнёва і Сумарава, Тычыны і Кругера, Тоўсціка і любімага мною графіка Геруса — сабраныя разам у адзінай прасторы, ствараюць абсалютна фэерычнае відовішча, цэлую палітру з эпох, жанраў, стыляў ХХ стагоддзя… Кожны тут можа выбраць свой Мінск, адчуць сваю знітаванасць з гэтым горадам. Большасць твораў з выставы зноў вернецца ў запаснікі, надоўга і надзейна схаваецца ад цікаўных поглядаў. Больш як за чвэрць стагоддзя незалежнасці ў Мінску так і не стварылі годнае, вартае ўвагі, сталае экспазіцыі такога кшталту. У пэўным сэнсе гэта і ёсць паказнікам нашае нацыянальнае сталасці — ці ёсць у сталіцы дзе паглядзець яе вобразы, створаныя цягам, прынамсі, апошняга стагоддзя. Упершыню, да 950 гадоў першае згадкі пра Мінск, здолелі прадэманстраваць такую экспазіцыю. А чаму не зрабіць яе стацыянарнай, сталай экспазіцыяй? Бо, па вялікім рахунку, гэта — першае, што будуць шукаць у нашае сталіцы госці, і самае істотнае, на чым можна гадаваць наступныя пакаленні беларусаў.

Сяргей Харэўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930