Знайсці
15.09.2017 / 16:2651РусŁacБел

Карціна, якая тлумачыць усё пра рэпрэсіі

Вось карціна. Яе тэхнічныя дадзеныя — 2017, 150Х275 см, палатно, алей. Ніколі не ўмела чытаць гэтыя абавязковыя для карцін пазнакі, то бок разумела, што яны значаць — год, памер, матэрыялы, — але доўгі час ніяк не цяміла, чаму менавіта яны і навошта наогул.

З назвамі ўжо прасцей. Назвы карцін я чытаць умею і люблю: мастак, які заўсёды абмежаваны памерамі палатна і з гэтай прычыны навучаны канцэнтраваць думку і сродкі яе выражэння, называе свае карціны гэтак сама, як паэт называе верш. Гэтая называецца — «Клуб Дзяржынскага, альбо Ноч паэтаў».

Я ненавіджу Клуб Дзяржынскага. Ля ягонага ўвахода мне фізічна робіцца блага — ад нянавісці. Хаця ніхто і ніколі не пакрыўдзіў мяне ані ў тым клубе, ані ў дзвярах побач, дзе прымаліся перадачы ў «амерыканку», людзі адтуль, па маім асабістым досведзе, заўсёды ветлівыя, ціхагалосыя і скупыя ў жэстах. Да таго ж я ведаю, што сярод іх ёсць годныя, шчырыя, добразычлівыя — як паўсюд. Але вось якраз за Ноч паэтаў — ненавіжу.

Паглядзіце на гэтую карціну. Яны схапіліся за партупеі гэтым хрэстаматыйным жэстам. «Ім жа патрэбна нейкае апірышча, а дзе яно?» — так патлумачыў мне гэты жэст аўтар. Яны схапіліся за гэтыя партупеі, і рукі ім звядзе, як зводзіла пальцы катам, і яны — як мы, у іх таксама ёсць карпаратыўная этыка, карпаратыўныя святы, карпаратыўныя клубы, карпаратыўная ўпэўненасць — вось гэтае ўсё. Тут кожная дэталь: і гэтыя халёныя, але нейкія безабаронныя, мяккія патыліцы, і келіхі з віном, і напружаны адчай правай рукі, і светацені — усё б'е ў мэту. Яны таксама людзі, вось што самае страшнае.

Я не ведаю пакуль што іншага твора мастацтва, прысвечанага рэпрэсіям, у якім бы ўся глыбіня гэтай з'явы, усе сэнсы, і хрэстаматыйныя, і нехрэстаматыйныя, разгортваліся бы так імкліва з адной, ідэальна сканструяванай і моцна складзенай метафары.

Карціну можна пабачыць на выставе «Стольнае месца» ў Палацы мастацтваў. Яна там — адна з самых вялікіх, бо 150Х275 — гэта маштабна. Яе трэба пабачыць, бо 2017 год — год сумнага юбілею Ночы паэтаў. Яе немагчыма не пабачыць — бо палатно і алей аказаліся больш выразнымі, чым папера і аловак.

Аўтар — Андрэй Дубінін.

Ганна Севярынец, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930