Знайсці
15.09.2017 / 14:2513РусŁacБел

Стала вядома, каго букмекеры лічаць фаварытамі на Нобелеўскія прэміі

Найбуйнейшыя букмекерскія канторы свету адкрылі лініі на ўладальнікаў сёлетняй Нобелеўскай прэміі, якая будзе прысуджаная праз тры тыдні, у кастрычніку.

Харукі Муракамі.

Які ўжо год запар безумоўным фаварытам на атрыманне Нобеля па літаратуры застаецца японскі пісьменнік Харукі Муракамі. У Муракамі шмат і прыхільнікаў, і хейтэраў. Апошнія кажуць, што даць прэмію японцу будзе кепскім густам. Маўляў, занадта проста і забаўляльна ён піша. Дадуць Муракамі, а тады што, Паоло Каэлью на чарзе? Сярод тых, хто перажывае за японца, напрыклад, Святлана Алексіевіч. Яна лічыць, што ў творчасці Муракамі прысутнічае «ўсходняя аранжыроўка падзей і іх разуменне». Муракамі адназначна самы чытаны сярод прэтэндэнтаў на Нобеля. Стаўкі на Муракамі прымаюцца з каэфіцыентам 1 да 1,5.

Другім ідзе кеніец Нгугі Ва Тхіёнга. Ён таксама не першы год сярод тых, хто вось-вось павінен атрымаць Нобеля. Пісьменнікі з Афрыкі атрымлівалі прэмію ў 2003 (Джон Кутзээ) і 1991 (Надзін Гордзімер). А вось апошнім чарнаскурым афрыканскім пісьменнікам, хто атрымліваў самую прэстыжную прэмію ў літаратуры, быў Воле Шойінка з Нігерыі ў 1986 годзе. Такім чынам, мінула ўжо больш за трыццаць гадоў. Тхіёнга будзе наступным? Ягоныя шанцы ацэньваюцца як 1 да 5.

Маргарэт Этвуд.

На трэцім месцы канадка Маргарэт Этвуд. Апошнія гады яна прысутнічала ў падобных спісах, але не на самых высокіх пазіцыях. Магчыма, таму што зусім нядаўна Нобеля ўжо атрымлівала іншая канадка — Эліс Манро. Дарэчы, кніга Этвуд «Пенелапіяда» была перакладзеная на беларускую мову Вольгай Калацкай. На яе прымаюцца грошы з разлікам 1 да 6.

Беларусаў у спісе няма. З суседзяў прысутнічае толькі польскі паэт Адам Загаеўскі (1 да 50). Украінцаў і расіян таксама не разглядаюць як рэальных прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

Таксама пачалі прымаць стаўкі і на Нобелеўскую прэмію міру. Яе прадракаюць Амерыканскаму саюзу грамадзянскіх свабодаў. Гэтая арганізацыя забяспечвае юрыдычную дапамогу ў судовых працэсах, якія, на думку ACLU, могуць прывесці да прыцяснення грамадзянскіх свабод. Многія працэсы, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі ACLU, прывялі да зменаў у канстытуцыйным праве ЗША. На іх перамогу даецца каэфіцыент 1 да 3.

На другім і трэцім месцы папа рымскі Францішак і валанцёрская арганізацыя «Белыя каскі», якая дзейнічае на тэрыторыі Сірыі і Турцыі. Іх шанцы ацэньваюцца як 1 да 4.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера