Знайсці
13.09.2017 / 19:0812РусŁacБел

Віктару Ерафееву спаўняецца 70, але яны з жонкай чакаюць дзіця і хочуць праехаць па Белавежскай пушчы

«Мне толькі патрэбен нехта, хто паказаў бы Пушчу з двух бакоў — польскага і беларускага», — кажа ён.

Фота А.Герасімава, skovoroda.net

Я сустрэў расійскага пісьменніка Віктара Ерафеева ў Патсдаме. Немцы сабралі інтэлектуалаў і журналістаў з розных краін Еўропы на ўручэнне прэміі M100 Media Award 2017 Наталлі Сіндзеевай, якая ўзначальвае адзіны ацалелы ў Расіі незалежны тэлеканал «Дождж».

Ерафееў — касмапаліт, можна сказаць, «па сацыяльным паходжанні». Ён нарадзіўся ў сям'і савецкага дыпламата ў 1947 годзе і частку свайго дзяцінства правёў у Францыі. Яго першай жонкай была польская мастачка. У 1979 Ерафеева выключылі з Саюза пісьменнікаў за самвыдат — альманах «Метраполь». Яшчэ ў тыя часы Ерафееў стаў папулярным дзякуючы нестандартным інтэрпрэтацыям расейскай літаратуры, а таксама альтэрнатыўнай прозе.

Ерафееў распавядае, што прыляцеў у Германію адразу пасля Польшчы, дзе нагода была сумная — пахаванне Януша Главацкага. Адразу пасля Берліна ён ляціць у Кітай з кароткім прыпынкам для выступу ў Благавешчанску, на Далёкім Усходзе Расіі.

19 верасня Ерафееву споўніцца 70 гадоў, але, як бачыце, жыццё пісьменніка віруе. Яго 30-гадовая жонка чакае дзіця. А з 12-гадовай дачкой ён гэтым летам гасцяваў у сына Ерафеева ад першага шлюбу, які жыве ў Польшчы.

Ерафееў жартуе, што «прапісаны» ў Францыі, але большую частку часу праводзіць у Расіі, дзе актыўна выступае на «Эхо Москвы». Яго круг цяпер — гэта таксама часопіс «Русский піонер», адно з нешматлікіх не закасцянелых расійскіх літаратурных выданняў, якія «засталіся ў жывых».

Проста падчас нашай размовы пісьменніку патэлефанавалі і паведамілі, што ў яго сёння выйшаў з друку новы раман «Ружовая Мыш». Дырэктар выдавецтва «Рыпол-класік» лічыць, што гэта найлепшая кніга Ерафеева.

У адрозненне ад савецкіх часоў, кажа Ерафееў, калі Мінск рабіў правінцыйнае ўражанне, цяпер Беларусь здаецца даволі спарадкаванай. Прынамсі, з акна машыны. Пісьменнік распавядае, што не раз праязджаў праз Беларусь адпачываць на Куршскую касу ў Літву, а вось сам у Мінску даўно не выступаў. Ён з задавальненнем бы прыехаў на літфестываль «Вершы на асфальце» ў лютым 2018 года.

«Мы з жонкай марылі пабываць у Белавежскай пушчы, абапал мяжы, — кажа Ерафееў. — Мне толькі трэба нехта, хто паказаў бы лес».

З беларускай культуры, акрамя Алексіевіч, Ерафееў за апошні час сутыкаўся з творамі Віктара Марціновіча і арт-альбомамі Артура Клінава. Але самае галоўнае яго ўражанне — самі беларусы, з якімі яму даводзілася сустракацца за апошні час. «Гэта заўсёды вельмі прыемныя людзі. Вось нядаўна мы з дачкой патрапілі ў адзін бусік з беларускімі турыстамі ў Грэцыі», — успамінае Ерафееў. «А ў абарону Алексіевіч я нядаўна выступаў!» — падкрэслівае ён. Гаворка ідзе аб нядаўняй паклёпніцкай кампаніі ў адрас Нобелеўскай лаўрэаткі ў расійскім інтэрнэце.

Стараецца Ерафееў выступаць і ва Украіне.

А ў Кактэбелі? — пытаюся я, ведаючы асаблівае значэнне гэтага месца для творчасці пісьменніка.

«У Кактэбелі — не, вядома. Цяпер для мяне гэта месца атручанае».

Ерафееў верыць у палітычную будучыню Навальнага. Пуцін, на думку літаратара, асцерагаецца гэтага новага лідара расійскай апазіцыі. «Пуцін стаў зусім непрадказальны», — адзначае Віктар Ерафееў.

«Я адчуваю, што сувязі Беларусі з Еўропай ўмацоўваюцца, і мне б хацелася, каб Беларусь урэшце ўвайшла ў сям'ю еўрапейскіх народаў», — пажадаў беларусам пісьменнік.

АД

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера