Знайсці
13.09.2017 / 16:4627РусŁacБел

Ігар Случак: Анісім выступае заадно з Марзалюком, а ў моўных законах патрэбны проста злучнік «і»

Юрыст Ігар Случак не бачыць сэнсу ў палеміцы, якая адбылася на пасяджэнні працоўнай групы, што рыхтуе папраўкі ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» да другога чытання. Гаворка пра магчымае ўнясенне змен у фармулёўку пра выкарыстанне дзяржаўных моў на таварах.

Алена Анісім настойвае на фармулёўцы «на беларускай і (або) рускай мовах», Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю хоча пакінуць толькі «або». Аднак Ігар Случак перакананы, што ні першая, ні другая фармулёўка нічога не мяняюць.

«У нас у Законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» і Законе «Аб мовах» фармулёўка артыкулаў, якія закранаюць правы спажыўцоў, заўсёды пасля 1996 году [тады ўнеслі першыя змены ў законы] была толькі з «або». Але гэта не забараняе вытворцам выкарыстоўваць у Беларусі і беларускую, і рускую мову адначасова, бо ў дадзеным выпадку пачынае дзейнічаць норма артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая стаіць вышэй за закон», — тлумачыць Ігар.

Ён даводзіць, што калі цяпер фармулёўку зменяць на «і (або)», гэта ўвогуле ніяк не паўплывае на выкарыстанне беларускай мовы, бо яна і цяпер неабавязковая, і пасля абавязковай не стане. У той жа час нават пры захаванні фармулёўкі «або» ў вытворцаў застаецца права выкарыстоўваць беларускую мову на тэрыторыі краіны, бо гэта прадугледжана Канстытуцыяй.

«Цяпер ідзе перанакіроўванне энергіі зусім не ў тое рэчышча, — кажа Случак. — Я дасылаў Алене Анісім сённяшнія фармулёўкі артыкулаў і прапановы па іх зменах. Я настойваю, каб быў толькі злучнік «і». Цяпер я бачу нездаровую сітуацыю, калі адбываецца замоўчванне праблемы. У нас у Законе «Аб мовах» каля 30 артыкулаў з фармулёўкай «і (або)» і выкарыстанне беларускай мовы ад гэтага ніяк не пашыраецца. У той жа час ёсць артыкулы з фармулёўкай «або», але пры гэтым мова выкарыстоўваецца, бо ў дадзеным выпадку аўтаматычна дзейнічае Канстытуцыя».

Юрыст дадае, што 1 жніўня атрымаў ліст ад дэпутата Ігара Марзалюка, дзе гаворыцца, што пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры, старшынёй якой ён з’яўляецца, унесла свае прапановы па зменах у Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў».

«У прыватнасці, прапануецца замацаваць права вытворцы змяшчаць інфармацыю аб таварах (работах, паслугах) у тым ліку на абедзвюх дзяржаўных мовах, што ўжо практыкуецца шэрагам вытворцаў», — гаворыцца ў афіцыйным адказе на зварот Случака. Ігар абураецца, што Алена Анісім выступае заадно з Марзалюком замест таго, каб адстойваць замацаванне фармулёўкі з адназначным «і».

«Цяпер вытворцы праз пытанні з Мытным саюзам, які не дазваляе пісаць толькі па-беларуску, калі прадукцыя ідзе за межы Беларусі, могуць выкарыстоўваць толькі адну мову. Таму, каб не было дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце беларускамоўных і рускамоўных спажыўцоў, якраз і прапануецца зрабіць абавязковым выкарыстанне дзвюх дзяржаўных моў. Гэта вырашыць пытанне», — тлумачыць Ігар.

Ён звяртае ўвагу, што цяпер тэхнічны стандарт СТБ 1100-2016 гаворыць пра тое, што інфармацыя павінна даводзіцца на рускай або рускай і беларускай мовах. І хоць над гэтым стандартам стаіць закон і Канстытуцыя, ён усё адно мае пэўную вагу.

«Зыходзячы з ліста, які даслаў Марзалюк, а таксама з перамоў з камісіяй, можна меркаваць, што ў гэтым законе можа з’явіцца такая самая фармулёўка. Алена Анісім скажа, што гэта дасягненне, але ад гэтага нічога не зменіцца. Больш за тое, калі такая фармулёўка з’явіцца, гэта наогул стане дыскрымінацыйнай нормай», — лічыць Ігар Случак.

НР

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930